Мікалай Нікіфароўскі
Мікалай Нікіфароўскі | |
Дата нараджэньня | 17 траўня 1845 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вымна, Сураскі павет, Віцебская губэрня |
Дата сьмерці | 10 чэрвеня 1910 (65 гадоў) |
Месца сьмерці | Віцебск |
Месца вучобы | Віцебская сэмінарыя |
Занятак | краязнавец, фальклярыст, этнограф, краязнаўца, школьны настаўнік |
Навуковая сфэра | этнаграфія, фальклярыстыка, краязнаўства |
Месца працы | |
Вядомы як | зьбіральнік помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў |
Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (17 траўня 1845, вёска Вымна Сураскага павету Віцебскай губэрні, цяпер у Віцебскім раёне Віцебскай вобласьці — 10 чэрвеня 1910, Віцебск) — беларускі этнограф і фальклярыст.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і панамара вясковай царквы. Сям’я жыла бедна, блізка да жабрацтва, але маці імкнулася даць двум сынам і дачцэ пачатковую адукацыю. Першымі настаўнікамі М. Нікіфароўскага былі выпадковыя людзі: адстаўны жаўнер, хросны бацька, пісьменны падлетак, манах, сельскі сьвятар. У 1854—1855 рр. у панскім маёнтку была арганізавана школа для дзяцей сялянаў, дзе выкладаў звольнены гімназіст Віцебскай гімназіі, бацькі ўладкавалі М. Нікіфароўскага ў гэтую школу. Яшчэ адным настаўнікам М. Нікіфароўскага быў Іван Зазубовіч, былы слухач Віцебскай духоўнай вучэльні. І. Зазубовіч падрыхтаваў М. Нікіфароўскага да паступленьня ў Віцебскі архірэйскі хор, а потым — у духоўную вучэльню.
У ліпені 1861 р. М. Нікіфароўскага як найлепшага вучня з духоўнай вучэльні перавялі ў Віцебскую сэмінарыю. У сэмінарыі М. Нікіфароўскі захапіўся кнігамі: біяграфіямі герояў вайны 1812 г., падарожжамі, выпісваў у сшыткі выказваньні, выразы, старажытныя народныя вераваньні і забабоны. Рыхтуючыся стаць сьвятаром, М. Нікіфароўскі зьбіраў матэрыялы для барацьбы зь перажыткамі паганства. Пасьля заканчэньня сэмінарыі (1867) яму прапанавалі паступіць у Пецярбурскую духоўную акадэмію за свой кошт, але грошай не было і ніхто з блізкіх ня мог дапамагчы. Па сьмерці маці гаспадарка заняпала, М. Нікіфароўскі прасіў у архірэя дапамогу і месца сьвятара, але атрымаў адмову. М. Нікіфароўскі вырашыў стаць настаўнікам і пасьля 1,5-месячнай падрыхтоўкі быў прызначаны выкладчыкам народнай вучэльні ў в. Лоўжа. Большую частку жыцьця М. Нікіфароўскі працаваў у навучальных установах Віцебску, але вышэй настаўніка падрыхтоўчага клясу гімназіі ці сэмінарыі ягоная кар’ера не пайшла.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]М. Нікіфароўскі пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічным вывучэньні Віцебшчыны, асабліва плённую пасьля знаёмства з П. В. Шэйнам. М. Нікіфароўскі больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з П. Шэйнам як карэспандэнт, даслаў яму значную колькасьць фальклёрна-этнаграфічных матэрыялаў, але ў выданьнях П. Шэйна зьмешчаная толькі іхняя частка, астатняе перададзена ў архіў Акадэміі навук. М. Нікіфароўскаму фальклёрна-этнаграфічныя зборнікі П. Шэйна ў значнай ступені абавязаныя сваёй навуковай каштоўнасьцю. Пры гэтым М. Нікіфароўскі ня меў ніякай карысьці, адно што хацеў, каб усё ім сабранае пабачыла сьвет.
У 1890 р. М. Нікіфароўскі стаў сябрам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі й этнаграфіі (ТАПЭ) пры Маскоўскім унівэрсытэце і рэдактарам часопісу «Этнографическое обозрение», пачаў выступаць з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 дасьледаваньняў, датычных матэрыяльнай і духоўнай культуры, вуснапаэтычнай творчасьці беларусаў. З 1895 року зьяўляўся сябрам Віцебскага губэрнскага статыстычнага камітэту, Віцебскага царкоўна-археалягічнага музэю. У 1897 року прыняты ў Расейскае геаграфічнае таварыства.
Асноўныя працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Этнаграфічны аддзел ТАПЭ з 1892 г. пачаў выдаваць сэрыю нарысаў М. Нікіфароўскага пад агульнай назвай «Нарысы Віцебскай Беларусі». Асноўную ўвагу ў гэтай працы дасьледчык надаваў характарыстыцы становішча розных груп насельніцтва Віцебшчыны (старцаў, музыкаў і інш.) у час прыгоньніцтва. «Нарысы…» складаліся з васьмі частак і былі завершаныя ў 1899 р.
М. Нікіфароўскі таксама аўтар «Нарысаў простанароднага жыцьця-быцьця ў Віцебскай Беларусі і апісаньне прадметаў ужытку» (1895) — найбуйнейшага дасьледаваньня матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасьці беларусаў ХІХ ст., у прыватнасьці сялянаў Віцебшчыны.
Трэцяя капітальная праца М. Нікіфароўскага, «Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданьні пра асобы і мясьціны» (1897), зьмяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай мэдыцыны і вэтэрынарыі, а таксама сказы і паданьні пра асілкаў.
З фальклёрных працаў М. Нікіфароўскага заслугоўвае ўвагі першы буйны зборнік беларускіх частушак «Беларускія песьні-частушкі» (1911), выдадзены ўжо па сьмерці зьбіральніка — зборнік зьмяшчае 2356 частушак, сабраных М. Нікіфароўскім і ягоным карэспандэнтам у 1860—1905 рр., і дапамагае прасачыць працэс разьвіцьця частушачнага жанру зь сяр. ХІХ да пач. ХХ ст. Таксама М. Нікіфароўскі — укладальнік зборнікаў «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысьцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданьняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995), «Напаўпрыказкі і напаўпрыслаўкі» (1928) і інш.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Віцебску ў гонар Мікалая Нікіфароўскага ўсталяваная мэмарыяльная дошка[1].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Никифоровский, Н. Я. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности // Этнографические данные. Витебск, 1895. — VIII+548+CLIV с.
- Никифоровский, Н. Я. Странички из недавней старины города Витебска : воспоминания старожила / Н. Я. Никифоровский; предисл., текстол. подгот. и коммент. А. М. Подлипского. — Мн. : Полымя, 1995. — 149 с. — (Литературные памятники Беларуси).
- Никифоровский, Н. Я. Нечистики : свод простонародных в Витеб. Белоруссии сказаний о нечистой силе / Н. Я. Никифоровский. — Витебск : Изд. Н. А. Паньков, 1995. — 85 с. — (Серия «Народная культура»; вып. 1.).
- Нікіфароўскі, М. Я. «Дудар і Музыка»(недаступная спасылка)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Асветнікі зямлі Беларускай, Х — пач. ХХ ст.: энцыкл. давед. Мн., 2001.
- Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9.
- Пятроўская, Г. А. Пачынальнік беларускага народазнаўства М. Я. Нікіфароўскі / Г. А. Пятроўская. — Мн. : Навука і тэхніка, 1991. — 72 с.
- Пятроўская, Г. Праўдзівае ; Спраўджанае / Галіна Пятроўская // Мастацтва. 1995. № 7. С. 27—35.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 17 траўня
- Нарадзіліся ў 1845 годзе
- Памерлі 10 чэрвеня
- Памерлі ў 1910 годзе
- Выкладчыкі Віцебскай мужчынскай гімназіі
- Нарадзіліся ў Віцебскім раёне
- Памерлі ў Віцебску
- Выпускнікі Віцебскай духоўнай сэмінарыі
- Беларускія краязнаўцы
- Беларускія фальклярысты
- Беларускія этнографы
- Сябры Расейскага геаграфічнага таварыства да 1917 году
- Нарадзіліся ў Віцебскай губэрні