Мухі (п’еса)
Мухі | |
франц. Les Mouches | |
Жанр: | п’еса |
---|---|
Аўтар: | Жан-Поль Сартр |
Мова арыгіналу: | француская |
Год напісаньня: | 1943 |
Публікацыя: | 1947 |
Пераклад на беларускую: | Зьміцер Колас, 2005 |
«Мухі» (па-француску: Les Mouches) — п’еса Жана-Поля Сартра, напісаная ў 1943 годзе.
П’еса «Мухі» зьяўляецца адаптацыяй старажытнагрэцкага міту пра Электру, які раней выкарыстоўвалі старажытнагрэцкія драматургі Сафокл, Эсхіл і Эўрыпід. Сюжэт п’есы распавядае гісторыю Арэста і яго сястры Электры на шляху помсты за сьмерць іхняга бацькі Агамемнана, караля Аргоса, праз забойства іхняе маці Клітэмнэстры і яе мужа Эгіста, які зьвергнуў і забіў яго.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзея 1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арэст прыбывае ў Аргос са сваім настаўнікам\рабом у якасьці падарожніка. У пачатку п’есы ён нагадвае болей юнака зь дзявочым тварам, які ня ведае свайго ўласнага шляху і адказнасьці. Ён уваходзіць у горад і прадстаўляецца Філебіюсам (Phile = сябар, сяброўства; -bus = для ўсіх, які падыходзіць для кожнага), каб схаваць сваё сапраўднае аблічча. Юпітэр, які таксама не раскрывае сваёй боскасьці, суправаджаў Арэст у яго падарожжы. Арэст трапіў на дзень мёртвых, калі ўсе жыхары горада носяць траўр і раскайваюцца дзеля ўшанаваньня заўчаснага забойства Агамемнана пятнаццаць год таму. Аніхто з гараджанаў не гутарыць з Арэстам або зь яго настаўнікам з-за таго, што яны чужаземцы і не ў траўрыным убраньні. Арэст сустракае сваю сястру Электру і заўважае жудасны стан, у якім знаходзіцца яна і гэты горад. Электру прымусілі працаваць служкай, з тых пор як ейная маці і Эгіст забілі яе бацьку. Ей карціць спагнаць сваю помсту, і яна адмаўляецца аплакваць грэх і сьмерць Агамемнана або гараджанаў.
Дзея 2
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арэст наведвае цырымонію ў гонар памерлых, дзе заядлыя душы нябожчыкаў вызваляюцца жрацом Эгіста на адзін дзень і ім дазваляецца блукаць па горадзе і катаваць тых, хто пашкодзіў ім. Гараджане меліся сустракаць нябожчыкаў за сваімі сталамі, запрашаючы іх у свае ложкі. Гараджане бачылі свой жыцьцёвы сэнс у тым, каб неадступна аплакваць і раскайвацца за «грахі». Электра напрыканцы цэрэмоніі танчыць над пячорай, адкуль выходзяць нябожчыкі, у белай сукенцы, сымбалізуючы сваю маладосьць і нявіннасьць. Яна танчыць, абвяшчаючы сваю свабоду і адмаўляючыся аплакваць сьмерць не сваіх нябожчыкаў. Гараджане пачынаюць ёй давяраць і разважаюць наконт магчымасьці быць свабоднымі, пакуль Юпітэр не пасылае адваротны знак, каб адпужаць іх і, адначасова, Арэста ад змаганьня зь цяперашнім каралём.
Арэст і Электра аб’ядноўваюцца і, у рэшце рэшт, вырашаюць забіць Клітэмнэстру і Эгіста. Юпітэр наведвае Эгіста, каб папярэдзіць яго аб Арэставым пляне, і пераконвае яго спыніць Арэста. Тут Юпітэр адкрывае дзьве таямніцы багоў: 1) людзі зьяўляюцца вольнымі й 2) аднойчы ўсьвядоміўшы сваю свабоду, багі болей ня могуць да іх дакранацца. Мана Эгіста наконт цэрэмоніі аплакваньня памерлых прымушае яго трымаць горад пад кантролем, унушаючы жах сярод гараджанаў. Эгіст адмаўляецца адбівацца ад Арэста, калі той разам з Электрай на яго нападае. Арэст забівае Эгіста, ў адзіночку рушыць да ложка Клітэмнэстры і забівае яе таксама.
Дзея 3
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арэст і Электра ўцякаюць у храм Апалёна, каб зьбегчы ад разьюшаных падданых памерлага Эгіста і мух-Эрыній (якія сымбалізуюць бязьлітаснасьць і першародны грэх). У храме фурыі чакаюць, пакуль Арэст і Электра выйдуць са сьвяцілішча, каб напасьць на ніх і катаваць. Электра баіцца свайго брата і намагаецца пазьбенуць адказнасьці за зьдзейсьненае забойства. Яна спрабуе ўхіліцца ад пачуцьця віны і згрызотаў сумленьня, кажучы, што яна ўсяго толькі марыла пра забойства сваёй маці гэтыя 15 гадоў, што служыла ёй адхланьнем, у той час як Арэст зьяўляецца сапраўдным забойцам. Арэст спрабуе пераканаць яе ня слухаць Фурый, якія ўгаворваюць Электру раскаяцца і прыняць пакараньне.
Юпітэр прапаноўвае Арэсту раскаяцца ў сваім учынку, але Арэст сьцьвярджае, што ён ня можа раскайвацца за ўчынкі, якія ён ня лічыць забойствам. Юпітэр паведамляе ім, што ён прыйшоў іх уратаваць і прасьціць, толькі калі яны раскаюцца, у дадатак абяцаючы трон Аргоса. Арэст адмаўляецца ад трона і рэчаў, якія належалі мінуламу цару. Арэст лічыць, што ён выратаваў гэты горад, зьняўшы штучную заслону з вачэй яго жыхароў і паказаўшы ім свабоду. Юпітэр паведамляе, што гараджане яго ненавідзяць і чакаюць, каб забіць; ён адзін. Сцэна ў храме Апалёна паказвае выбар паміж боскім законам і самазаконам (аўтаноміяй). Юпітэр указвае на тое, што Арэст зьяяўлецца чужым нават самому сабе. Сартр дэманструе Арэставу аўтэнтычнасьць, сьцьвярджаючы, што з тых часоў, пакуль яго мінулае не перадвызначае яго будучае, Арэст ня мае ўстойлівае асобы: ён вольна стварае сваю ідэнтычнасьць наноў у любы момант і ніколі не даведаецца, хто ён ёсьць насамрэч з-за таго, што яго асоба няспынна зьмяняецца.
Асоўныя дзеючыя асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юпітэр / Зэўс
- Арэст (Філебіюс) : брат Электры, сын Агамемнана
- Электра : сястра Арэста, дачка Агамемнана
- Клітэмнэстра : жонка Эгіста, маці Арэста і Электры
- Эгіст : муж Клітэмнэстры
- Фурыі-мухі
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сартр Ж.-П. Мухі; Камю А. Праведнікі; Бэкет С. Канец гульні: Драматычныя творы / Пер. з французскай Зм. Коласа — Мн.: Выдавец Зм. Колас, 2005.— 180 с. — (Бібліятэка французскай драматургіі).