Ляліта Торэс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ляліта Торэс
Lolita Torres
LolitaTorres.JPG
Імя пры нараджэньні Бэатрыс Марыяна Торэс
Дата нараджэньня 26 сакавіка 1930
Месца нараджэньня Авельянэда, Аргентына
Дата сьмерці 14 верасьня 2002 (72 гады)
Месца сьмерці Буэнас-Айрэс, Аргентына
Месца пахаваньня могілкі Ля-Чакарыта
Грамадзянства Аргентына[1]
Занятак сьпявачка, акторка
Гады дзейнасьці 1942—1993
Псэўданімы Lolita Torres
Дзеці Дыега Торэс
IMDb ID nm0868729

Бэатрыс Марыяна То́рэс (па-гішпанску: Beatriz Mariana Torres), больш вядомая пад псэўданімам Ляліта То́рэс (па-гішпанску: Lolita Torres; 26 сакавіка 1930 — 14 верасьня 2002) — аргентынская акторка і сьпявачка. За пяцідзесяцігадовую кар’еру паспрабавала сябе ў кіно, радыё, тэатры і на тэлебачаньні. Зьнялася ў амаль 20 фільмах, сярод якіх «Танец фартуны» (1944), «Рытм, соль і перац» (1951), «Найлепшая ў коледжы» (1953) ці «Сорак гадоў любові» (1963). Ганаровая грамадзянка Буэнас-Айрэсу, маці сьпевака Дыега Торэса.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэатрыс Марыяна Торэс нарадзілася 26 сакавіка 1930 року ў Авельянэдзе (правінцыя Буэнас-Айрэс). Псэўданім «Ляліта» прыдумаў ейны дзядзька Эктар[2]. Ужо ва ўзросьце сямі гадоў Торэс па-майстарску выконвала народныя танцы. У 10 гадоў паступіла ў школу клясычнага гішпанскага танцу ў Буэнас-Айрэсе. У 1942 яна пасьпяхова дэбютавала на сцэне сталічнага тэатру «Авэніда». Маці акторкі памерла ў 33-гадовым узросьце, калі Ляліце было чатырнаццаць.

У 1944 року яна дэбютавала ў кіно, выканаўшы песьню «Gitano Jesús» у фільме «Танец лёсу» (гішп. La danza de la fortuna) і запісала сваю першую кружэлку са сьпевамі «Te lo juro yo» і «Gitano Jesús». У 1951 Ляліта Торэс зыграла галоўную ролю ў фільме «Рытм, соль і перац». Вялікі посьпех ёй прынёс фільм «Дзяўчына вагню» (гішп. La niña de fuego), які апынуўся ў год свайго выхаду рэкордным па колькасьці гледачоў[2].

У 1950-х роках Ляліта Торэс выканала галоўныя ролі ў некалькіх мюзыклах, дзе рэжысэрам быў Хуліё Сарасэні(es): «Найлепшая ў коледжы», «Бяднейшая за царкоўную мыш», «Малады для Ляўры», «Узрост каханьня», «Каханьне з першага позірку» й іншыя. У мностве карцінаў ейным партнэрам быў Альбэрта Дальбес.

У 1957 року акторка выйшла замуж за пілёта грамадзянскай авіяцыі Сант’яга Радольфа Бурастэра; у 1959 неўзабаве пасьля нараджэньня сына Сант’яга муж загінуў у авіякатастрофе.

У 1965 Ляліта выйшла замуж другім разам; мела з Хуліё Сэсара Качыя чацьвярых дзяцей: Анжаліку, Марсэлё, Марыяну і Дыега.

Ейнай апошняй роляй у кіно стала драма «Там на поўначы» (гішп. Allá en el Norte).

З канца 1960-х грала ў тэатральных і тэлевізыйных пастановах: «Няхай мінуць гады», «Сястра Сьвятога Сюльпіса», «Сэньярыта Поўнач», «Як дзьве кроплі вады», «Падсьвечнікі», «Марыяна», «Гарыён», «Крывя і арэна» й іншыя.

У 1993 року Ляліта Торэс зьнялася ў аўтабіяграфічнай сямейна-музычнай тэленавэле «Дай яму, Лоле», у якой разам зь ёй удзельнічалі чацьвёра ейных дзяцей.

20 жніўня 2002 была абвешчаная выбітным грамадзянінам Буэнас-Айрэсу. Памерла тамсама 14 верасьня 2002 року.

Фільмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Ляліта Торэссховішча мультымэдыйных матэрыялаў