Лучоская нізіна
Лучоская нізіна — нізіна на паўночным усходзе Беларусі, у Віцебскім, Лёзьненскім, Дубровенскім, Аршанскім і Сеньненскім раёнах Віцебскай вобласьці. Працягласьць з поўначы на поўдзень 50 км, з захаду на ўсход 50 — 60 км. Вышыня над узроўнем мора 155 — 175 м.
Паверхня нізіны палогая, месцамі плоская, падзеленая далінамі рэчак, латочынамі сьцёку і катлавінамі. Адносныя вышыні да 3 м. Раўніннасьць рэльефу парушаюць азёрныя катлавіны, марэнныя ўзгоркі, камы, озы, выдмы.
Рачная сетка належыць пераважна да басэйну Заходняй Дзьвіны. Асноўная рака — Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на поўдні працякае Аршыца (прыток ракі Дняпро). Даліна Лучосы і яе скразныя дзялянкі выкарыстоўваліся як валокі на водным шляху ад Заходняй Дзьвіны да Дняпра (З варагаў у грэкі). Азёры: Арэхаўскае, Серакаротня, Дзявінскае, Казённае, Зяленскае, Скрыдлева, Кічына, Ардышава і інш.
Пад лесам да 40% тэрыторыі. На поўначы і паўднёвым усходзе пераважаюць буйныя масівы драбналіставых лясоў (барадаўчатабярозавых, шэраалешнікавых і асінавых). Хваёвыя лясы захаваліся ўздоўж Лучосы і Чарніцы, яловыя сустракаюцца невялікімі масівамі. На паўночным захадзе і ў цэнтры нізіны распаўсюджаныя пазаабалонавыя мурожныя лугі.
Літаратура
- Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9