Лярэнца Мэдычы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ларэнца Мэдычы»)

Лярэнца дзі П’ера дэ Мэдычы, Лярэнца Вялікародны (па-італьянску: Lorenzo di Piero de Medici il Magnifico; 1 студзеня 1449, Флярэнцыя — 8 красавіка, 1492, Карэджы) — валадар Флярэнцыі з 1469 году, трэці з дынастыі Мэдычы, пісьменьнік, мэцэнат, паэт і гуманіст, адзін з самых значных палітычных дзеячоў эпохі Адраджэньня, увасобіў у сабе ідэял гуманіста-кіраўніка.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын П’ера дзі Казіма дэ Мэдычы і Лукрэцыі Торнабуоні нарадзіўся ў Палаццо Мэдычы-Рыкарда, ахрышчаны 6 студзеня таго ж году. У гэты час род Мэдычы быў на ўзьлёце сваёй палітычнай улады ў Флярэнтыйскай рэспубліцы. Заснавацель дынастыі, дзед Лярэнца Казіма дзі Мэдычы быў пасьпяховым палітыкам і валодаў агромністымі фінансавымі сродкамі як банкір і бізнесоўца, захоўваючы адначасова моцныя рэспубліканскія традыцыі і ўстановы краю. Лярэнца разам з сваім братам Джуліяна атрымаў бліскучую і глыбокую гуманітарную адукацыю і падрыхтоўку па палітычных патаньнях. Ужо 12-гадовым хлопчыкам выказваў значную цікавасьць да філазофіі неаплатонікаў.

Лярэнца быў падлеткам, калі ў 1463 годзе памёр яго дзядзька Джавані, што быў пераемнікам Казіма як банкір і кіраўнік Рэспублікі. Спадкаемцам стаў старэйшы сын П’ера, раней адсунуты праз сваю хваробу, бо пакутаваў на падагру. Лярэнца і Джуліяна павінны былі стаць на дапамогу хвораму бацьку, тым болей, што і Казіма ўскладаў спадзяваньні менавіта на іх. Ужо тады Лярэнца былі даручаны дыпляматычныя місіі ў межах унутрыітальянскай палітыкі, якія зусім малады чалавек выканаў бліскуча, зрабіўшы сабе добрае рэнамэ і пасябраваўшы з многімі арыстакратамі ў Вэнэцыі, Міляне, Рыме, Нэапалі, адначасова умацоўваючы і фінансавыя інтарэсы банку Мэдычы. Але 8 сакавіка 1466 году памёр Франчэска Сфорца, герцаг мілянскі і перакананы хаўрусьнік Мэдычы. Ворагі кляну перайшлі да наступу, скарыстаўшыся гэтай падзеяй і слабым здароўем кіраўніка Флярэнцыі. Была арганізавана змова з мэтай пачатку мяцяжу ў Флярэнцыі з адначасовымі захадамі звонку. Плян прадугледжваў забойства П’ера і захоп улады. На чале змовы стаяла сям’я Піці. Але рашучыя дзеяньні П’ера па нэўтралізацыі выступоўцаў унутры Рэспублікі і дапамога звонку спынілі мяцеж. Сам Лярэнца прымаў непасрэдны ўдзел у падаўленьні выступу, камандуючы ўзброеным атрадам. З гэтага часу Лярэнца афіцыйна ўвайшоў у кіруючыя колы краіны, стаўшы чальцом флярэнтійскай Рады Ста.

Бацькі вырашылі ўмацаваць пазыцыі краю праз шлюб паміж Лярэнца і Клярыс Арсіні, дзяўчынай з аднаго з самых уплывовых радоў Рыму. Шлюб быў выгодны для абодвух бакоў, але юнак амаль ня цікавіўся падзеяй, хоць і ня выказваў супраціву. Шюбная цырымонія адбылася 4 чэрвеня 1469 году ў Флярэнцыі. Маладыя былі зусім рознымі людзьмі. Клярыс, выхаваная ў строгім рэлігійным духу, мала цікавілася паэзіяй ці навукамі. Аднак Лярэнца паважна ставіўся да дзяўчыны. Няўзабаве маладую сям’ю напаткала гора - ў сьнежні 1469 году памёр П’ера дэ Мэдычы. Са згоды мясцовай эліты Лярэнца разам з братам Джуліяна атрымаў уладу. Аднак уладу гэтую трэба было ўтрымаць, апраўдаўшы давер дзеямі, тым болей, старыя ворагі зноў пажадалі скарыстацца абставінамі. Ужо вясною была спроба захапіць адзін з гарадоў Рэспублікі-Прата, што праўда, няўдалая і хутка задаўленая. Нарастала і знешнепалітычная напружанасьць, асабліва ва ўзаемаадносінах з Рымам. Папа Сыкст ІV жадаў бачыць у Флярэнцыі сваіх стаўленьнікаў, а таксама пазбыцца пазыкаў. Пачалася інтрыга, дзе супроць маладых Мэдычы разам выступілі ўнутраныя і зьнешнія ворагі. Спроба атруціць братоў сталася няўдалай і 26 красавіка 1478 году, на Вялікдзень пачаўся ўзброены мяцеж. Джуліяна забілі, а Лярэнца быў вымушаны хавацца ў адным з касьцёлаў. Адначасова ўспыхнула паўстаньне гараджанаў у абарону Мэдычы, што і выратавала дынастыю. Помста была лютай. Моцны ўдар быў нанесены па сям’і ўсё тых жа Пацы, архіепіскап Пізы Сальваці, як рымскі стаўленьнік і ўдзельнік змовы быў прылюдна павешаны, што справакавала Рым на моцныя захады ў адказ. Папа адлучыў ад Касьцёлу ўсю Рэспубліку, ня кажучы ўжо пра ўласна Мэдычы (адначасова канфіскаваўшы іх маёмасьць ў Рыме) і пакінуў яе ў ізаляцыі, стварыўшы кааліцыю суседзяў. Пачалася цяжкая зьнясільваючая вайна, якую ўдалося спыніць толькі праз перамовы, што Лярэнца асабіста распачаў з самым дзейным з сваіх ворагаў -каралём Неапаля Фэрдынандам, накіраваўшыся туды з вельмі вялікай рызыкай для ўласнага жыцьця. Вяртаньне маладога кіраўніка на радзіму было трыюмфальным, да таго ж імпэт Папы моцна падкасілі падзеі, звязаныя з захопам Атранта туркамі. Адлучэньне (дарэчы, узаемнае праз пазыцыю мясцовага Касьцёлу) было зьнята, і 3 сьнежня 1480 году быў заключаны мір. Посьпех дыпламатыі Лярэнца, што пайшоў на такі рызыкоўны, але ж вельмі эфэктыўны крок, як асабісты візыт да аднаго з сваіх ворагаў, быў выключны і неверагодна ўзьняў яго прэстыж па ўсёй Італіі і нават за яе межамі. Неўзабаве (12 жніўня 1484 году) памёр Сыкст ІV, а новы папа Інакенцыюс VIII, быў значна болей лагодны да Мэдычы.

Пачалося адносна спакойнае і інтэнсіўнае развіцьцё краіны, рабіліся захады па ажыўленьні эканамічнага жыцьця, у прыватнасьці, празь зьнешнегандлёвыя, прыкладам, з Ангельшчынай, сувязі, умацоўваецца дзяржаўны лад, хоць і са стратамі для флярэнтыйскай дэмакратычнай сыстэмы. Лярэнца зрабіўся праз пэўныя адміністрацыйныя захады фактычна гаспадаром краіны, што праўда, ён скарыстоўваў на карысьць яе самой. Але сапраўдную славу Лярэнца прынесла ня гэта, а яго адносіны з інтэлектуальнай і культурнай элітай Італіі таго часу. Джыраляма Саванароля, Джавані Піка дэля Мірандоля, Джавані Нэзі, Анжэлё Паліцыяна, Крыстафора Ляндына, Марсылія Фічына, Люіджы Пульчы, Джыралёма Бэнэвіньні, Нальда Нальдзі — вось кола людзей, якіх падтрымліваў і спрыяў іх дзейнасьці Лярэнца Мэдычы, у тым ліку і праз Акадэмію Карэджы. Вяліся шматлікія будаўнічыя работы, плён якіх да сёньня складае непараўнальную архітэктурную спадчыну Італіі. У гэты час ў Флярэнцыі працавалі такія мастакі, як Антоніё дэль Паляёля, Філіпіна Ліпі, Андрэа Вэрок’ё, Джуліяна да Сангаля, Дамэніка Гірландаё, Бэртольда дзі Джавані і нарэшце Сандра Батычэльлі. Была створана першая ў сьвеце акадэмія мастацтваў, што дала чалавецтву Мікелянджэлё Буанароці. Лярэнца і сам шмат часу прысьвячаў паэзіі і пісьменьніцтву, яго творы адрозьніваюцца рэалізмам, грамадзянскім духам і псіхалягізмам. Часта выкарыстоўваліся народныя матывы. Лірычная паэзія прысьвечана яго каханьню, верагодна, плятанічнаму — Люкрэцыі Данаці.

З другой паловы 1480-х гадоў здароўе Лярэнца Мэдычы пачало няўхільна пагаршацца праз спадчынны праклён сям’і-падагру. Да таго ж 30 ліпеня 1488 году памерла ягоная жонка Клярыс, нарадзіўшы дачок Лукрэцыю (1470—1553), Маддалену (1473—1528), Луізу (1477—1488), Кантэсіну (1478—1515) і сыноў П’ера ІІ (наступны кіраўнік краіны, 1472—1503), Джаваньні (папа Леў Х, 1475—1521), Джуліяна (1479—1516). Большую частку часу ён праводзіў на тагачасных курортах, фактычна адыйшоўшы ад справаў. У ноч на 8 красавіка 1492 Лярэнца Вялікародны памёр. «Прырода ніколі ня створыць болей такога чалавека», — скажа пра яго Катарына Сфорца, і гэтыя словы як нельга лепей характэрызуюць той шок, што напаткаў асірацеўшую Рэспубліку, бо ніколі яна ўжо ня будзе мець таго бляску. Пахаваны ён быў у базіліцы Сан-Лярэнца, спачатку ў Старой, а пасьля ў Новай рызніцы, у саркафагу, што зрабіў для яго Мікелянджэлё.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лярэнца Мэдычысховішча мультымэдыйных матэрыялаў