Касьцёл Сьвятога Станіслава (Мядзел)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 14:04, 5 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Каардынаты: 54°52′18.05″ пн. ш. 26°55′42.71″ у. д. / 54.8716806° пн. ш. 26.9285306° у. д. / 54.8716806; 26.9285306

Файл:Belarus-Miadzieł-Kaścioł śviatoha Stanisłava.jpg
Касьцёл сьвятога Станіслава. Здымак пачатку 20 стагодзьдзя.

Касьцёл сьвятога Станіслава — касьцёл, які існаваў у Мядзелі з 1454 да 1942 году. У другой палове 19 стагодзьдзя ў архітэктуры касьцёла спалучаліся элемэнты стыляў барока і клясыцызму.

Да пачатку 20 стагодзьдзя Мядзел падзяляўся на два мястэчкі — Стары Мядзел і Новы Мядзел, у выніку чаго да Другой сусьветнай вайны ў кожнай з частак існавала асобная парафія[1]. Касьцёл сьвятога Станіслава знаходзіўся ў Новым Мядзелі, а ў Старым Мядзелі дзейнічаў Касьцёл Маці Божай Шкаплернай, які быў збудаваны ў Старым Мядзелі ў 1754 годзе. Апошні касьцёл часта памылкова лічаць касьцёлам сьвятога Станіслава, блытаючы яго з касьцёлам у Новым Мядзелі[2].

Гісторыя

Касьцёл быў пабудаваны у 1454 годзе ў Новым Мядзелі — мястэчку, якое на той час належала каралю. Фундатарам зьяўляўся кашталян Андрэй Саковiч.

У 1500 годзе падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расеяй 1500—1503 гадоў мястэчка было зьнішчанае, а касьцёл — спалены.[3]

У 1543 годзе на месцы былога касьцёла былі пабудаваныя капліца і двор.[3]

У 1744 годзе Мядзельская парафія ў Сьвірскім дэканаце і Віленскай дыяцэзіі ўключала ў сябе наступныя населеныя пункты: Мядзел, Стары Мядзел, Вялікая Вузла, Хамінаў Вугал, Брулы, Брусы, Малая Вузла, Сваткаўшчына, Мацкі, Шкленікава, Трыданы, Ляхавічы, Закубіле, Некасецк, Горбы, Зуцун, Слабодка, Нагаўкі, Смыш, Пазарцы, Вішторды, Буце, Сакалова, Самсонава, Куровіца, Ражкі, Чарняты, Ветычаты, Іванкі, Чучэлічы, Востраў, Стахоўцы, Гатавічы, Белеўшчызна, Хадосы.[4]

У 1843 годзе касьцёл уваходзіў у Менскую дэцэзію Надвіленскага дэканату. 1850 год — касьцёл у складзе Віленскай дэцэзіі Надвіленскага дэканату.[4]

У 1852 касьцёл быў пашкоджаны ў выніку пажару і аднаўляўся на сродкі парафіянаў.[1] У 1872 годзе Мядзельская парафія налічвала 4130 каталікоў, на могілках існавала капліца.[4]

2 лістапада 1942 касьцёл зноў быў спалены і болей не ўзнаўляўся.[4]

Месцазнаходжаньне і архітэктура

Касьцёл быў збудаваны з дрэва і знаходзіўся на беразе возера Мястра. Цяпер на гэтым месцы разьмяшчаецца мядзельская гарадзкая рэстарацыя[2].

У першай палове 19 стагодзьдзя касьцёл разьмяшчаўся на цэнтральным пляцы мястэчка Новы Мядзел. Уяўляў сабой драўляны храм крыжовай кампазыцыі. Меў купал у цэнтральнай частцы і дзьве закрытасьці пры прэзьбітэрыі. На галоўным фасадзе знаходзіліся дзьве чацверыковыя дзвух’ярусныя вежы, якія завяршаліся барочнымі фігурнымі купаламі. Па баках уваходу ў будынак былі разьмешчаныя падвойныя высокія круглыя калёны, якія несьлі франтон з паўцыркульным акном. Унутры касьцёла знаходзіліся 6 алтароў «старасьвецкай разьбы»[1].

Пасьля 1852 году пасьля рэканструкцыі санктуарый стаў прамавугольным, а сам касьцёл быў вэртыкальна ашаляваны і пакрыты гонтавым дахам[1].

Крыніцы

  1. ^ а б в г Касцёл Святога Станіслава // Каталіцкія святыні. Частка І. Мінск, Про Хрысто, 2003
  2. ^ а б Мядель // Глобус Беларуси
  3. ^ а б Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Мядзельскага раёну. Менск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998. ISBN 985-11-0107-9
  4. ^ а б в г o. Jan Fibek OFMCap

Вонкавыя спасылкі