Перайсьці да зьместу

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера (Лагойск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 00:52, 3 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера ў Лагойску, малюнак 1-й паловы XIX ст.

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера — рымска-каталіцкае сакральнае збудаваньне ў Лагойску. Знаходзіўся на пагорку ў цэнтры места, на левым беразе ракі Гайна.

У наш час побач з падмуркамі зьнішчанай савецкімі ўладамі бажніцы збудавалі новы касьцёл пад тытулам Сьвятога Казімера.

Гісторыя

Лагойскі касьцёл. Я. Тышкевіч, XIX ст.

У 1609 року А. Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, які адначасна зрабіўся пахавальняй лагойскай галіны роду Тышкевічаў. Драўляны храм згарэў у 1655 року ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, пазьней адбудоўваўся і зноў зьнішчаўся.

Пры лагойскім касьцёле дзейнічалі парафіяльная школа, шпіталь, брацтва Сэрца Езуса, заснаванае ў 1747 року[1].

Файл:Catholic Church in Łahojsk.jpg
Касьцёл на паваенным здымку

Новы мураваны касьцёл узьвялі ў 17871793 роках паводле фундацыі графа Тышкевіча. Станам на 1884 рок парафія налічвала каля 6 тысячаў чалавек, меліся прыпісныя капліцы ў вёсках Тадуліна і Емяльянава (цяпер Смалявіцкі раён)[2].

У 1907 року касьцёльную тэрыторыю абкружылі новай мураванай агароджай з брамай у выглядзе цагляных атынкаваных слупоў. Праваруч ад бажніцы стаяла 2-пралётная мураваная званіца, убудаваная ў агароджу[1].

Касьцёл дзейнічаў да 1950-х рокаў, пазьней бажніцу зруйнавалі савецкія ўлады.

Архітэктура

Першы драўляны касьцёл зьяўляўся крыжовым у пляне зрубам з 2 закрысьціямі. Франтальны фасад флянкавалі 2 вежы. Трыкутны франтон паміж імі, сяродкрыжжа гонтавых дахаў і алтарная частка завяршаліся сыгнатуркамі[2].

Інтэр’ер ўпрыгожвалі 2-ярусныя алтары, выкананыя насьценным малярствам. Каля храму стаяла 2-ярусная 4-гранная званіца, накрытая гонтавым шатровым дахам.

Мураваны касьцёл зьяўляўся творам архітэктуры клясыцызму. Прастаутны ў плане аб’ём пад 2-схільным гонтавым дахам меў сыгнатурку над алтарнай часткай. На бакавых фасадах выступалі крылы трансэпта пад 2-схільнымі пакрыцьцямі. Франтальны фасад завяршў 4-калённы порцік з трыкутным франтонам, над якім узвышалася 2-калённая вежа-званіца з гадзіньнікам (зьявілася ў 1806)[2].

Касьцёл Сьв. Казімера, інтэр’ер

Галоўны алтар вырашаўся ў тэхніцы ілюзіяністычнага малярства, у цэнтральнай аркавай эксэдры з 1817 року зьмяшчалася скульптура Езуса Назарэцяніна[1]. Такое жа вырашэньне мелі алтары ў крылах трансэпта (Сьв. Антонія і Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі). Пад храмам мелася крыпта-пахавальня Тышкевічаў, на алтарнай сьцяне знаходзілася ўкрыжаваньне[2].

Крыніцы

  1. ^ а б в Касцёл св. Казіміра ў Лагойску. «Віртуальны музей горада Лагойска»Праверана 13 кастрычніка 2010 г.
  2. ^ а б в г Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 430.

Літаратура

  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера (Лагойск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў