Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году (карціна)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году
Мастак Пётра Сергіевіч
Год 1936
Месцазнаходжаньне Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй

«Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году» — карціна Пётры Сергіевіча, напісаная ў 1936 годзе.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна паказвае сустрэчу Кастуся Каліноўскага, аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў, з паўстанцамі. Сустрэча праходзіць на лясным узьлеску. К. Каліноўскі стаіць у цэнтры, ля вогнішча, яго атачаюць верныя паплечнікі. Вакол К. Каліноўскага стаяць прадстаўнікі беларускай шляхты, былыя вайскоўцы, але большасьць тых, хто сабраўся на сустрэчу — сяляне і касінеры, узброеныя сякерамі і вэртыкальна насажанымі на шасты косамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пётра Сергіевіч, чые сьветапогляды фармаваліся пад уплывам нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі, у 1930-х гадах стварае партрэт К. Каліноўскага, робіць некалькі эскізаў, а ў 1936 годзе — першы варыянт тэматычнай карціны «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў».

Слонімская мастачка Алена Бялецкая ў часы фашысцкай акупацыі ў 1943 годзе да 80-годзьдзя з пачатку паўстаньня напісала на заказ дырэктара Слонімскага музэю І. Стаброўскага партрэт К. Каліноўскага і зрабіла копію з карціны П. Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў». Гэтая карціна заняла пачэснае месца ў адной з заляў музэю, але хутка абудзіла ў немцаў непрыемныя асацыяцыі і яны загадалі зьнішчыць яе, а мастачка была пасаджана ў турму. Партрэт Каліноўскага і іншыя карціны захаваў І. Стаброўскі, яны і па сёньняшні дзень знаходзяцца ў музэі г. Слоніму.

У 1948 годзе Пётра Сергіевіч стварае другі варыянт жывапіснай карціны «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году», у 1965 — трэці, які знаходзіцца ў Мастацкім музэі Летувы[1].

Па сёньняшні дзень карціна Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году» зьяўляецца адной з самых яркіх мастацкіх работ, якая вобразна раскрыла веліч К. Каліноўскага і гістарычную значнасьць паўстаньня 1863 году.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]