Перайсьці да зьместу

Каса (настольная гульня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каса
Дата выпуску 2016
Распрацоўнік(і) Джэймі Стэгмаер
Аздабляльнік(і) Якуб Ружальскі
Выдавец Stonemaier Games (2016)
Жанр(ы) Настольная гульня эўрапейскага стылю[d]
Колькасьць гульцоў 1—5
Дыяпазон узростаў 14+
Працягласьць гульні 90–115 хвілінаў
Неабходныя ўменьні стратэгія, тактыка, лёгіка

«Каса́» (па-ангельску: Scythe, вымаўляецца [сайт]) — гульня на дошцы для 1—5 гульцоў, распрацаваная Джэймі Стэгмаерам і выдадзеная Stonemaier Games у 2016 року. Дзеяньне адбываецца ў альтэрнатыўнай вэрсіі Эўропы 1920-х рокаў. Гульцы кіруюць групоўкамі, якія вырабляюць рэсурсы, разьвіваюць эканамічную інфраструктуру і выкарыстоўваюць дызэль-панкавыя баявыя мэханізмы для бітваў і захопу тэрыторыяў.

Каса атрымала ўхвалу крытыкаў і камэрсантаў за гульнявы працэс, спалучэньне мэханікі эўрагульні і бітваў, тэматыку і мастацкае аздабленьне, распрацаванае польскім маляром Якубам Ружальскім.

Карціна Якуба Ружальскага «1920 — Перад бурай» паслужыла Касе вокладкай

Усе гульцы выступаюць за розныя фракцыі, ці лягеры, кожны зь якіх спрабуе здабыць посьпех на альтэрнатыўнай мапе Эўропы пасьляваенных часоў. Выконваючы ў свой ход адно з чатырох асноўных дзеяньняў, гульцы будуюць эканамічны рухавік. Дзеяньні дазваляюць ім перамяшчаць па мапе свае адзінкі, гандляваць ці вырабляць тавары, разьвіваць войскі, разьмяшчаць мэхаў, вэрбаваць рэкрутаў ці ставіць пабудовы. Адно і тое ж дзеяньне нельга выконваць два хады запар. Дзеяньні можна ў сваю чаргу паляпшаць, тады яны становяцца таньнейшымі для выкананьня і прыносяць большы вынік.

Кожны гулец атрымлівае па шэсьць зорак, якія выстаўляюцца на мапу падліку па меры дасягненьня гульцамі пэўных мэтаў. Гульня сканчаецца адразу, як толькі адзін з гульцоў выканае ўсе свае шэсьць задачаў. Аднак перамагае той, хто валодае ў сукупнасьці большай сумай грошай, найбольшым абшарам і здабытымі рэсурсамі.

Для адзінаасобнай гульні прадстаўлены спэцыяльны рэжым Аўтома (Automa), распрацаваны Мортэнам Монрадам Пэдэрсэнам і вядомым па іншых гульнях «Stonemaier Games», такіх як Размах крылаў ды Вінаградніцтва.

Касу стварыў дызайнэр Джэймі Стэгмаер, дырэктар «Stonemaier Games». На ейны выпуск у 2015 року была абвешчаная талака на Kickstarter, дзе было сабрана больш за $1,8 мільёнаў даляраў[1][2][3]. У ліпені 2016 року ўсе фундатары атрымалі фізычныя асобнікі гульні, пасьля чаго яна паступіла і ў вольны продаж.

Польскі маляр Якуб Ружальскі стварыў каля 130 малюнкаў для гульні[4][5] пра альтэрнатыўнае разьвіцьцё Эўропы пасьля Першай сусьветнай вайны. Паводле сюжэту, у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе адбываецца канфлікт некалькіх бакоў: Паляніі, Русьвету, Саксоніі, Крыму, Нордыі (прататыпамі якіх сталі адпаведна Польшча, Расейская імпэрыя, Нямецкая імпэрыя, Украіна ды Скандынавія)[6][7][8].

Каса мае тры вялікія пашырэньні і некалькі рэклямных дадаткаў. Першае пашырэньне, Каса: Захопнікі здалёк (анг. Scythe: Invaders from Afar), выдадзена ў 2016 року, дадало дзьве новыя фракцыі, павялічыўшы максымальную колькасьць гульцоў да сямі[9]. Новыя фракцыі, Альбіён і Тагава, заснаваныя на Вялікабрытаніі і Японіі адпаведна[10]. Другое пашырэньне, Каса: Паветраны гамбіт (анг. Scythe: The Wind Gambit), выдадзенае ў 2017 року, прадставіла паветраныя судзіны і дадало іншыя варыянты завяршэньня гульні[11]. Трэцяе пашырэньне пад назвай Каса: Узыходжаньне Фэнрыра (анг. Scythe: The Rise of Fenris, 2018) увяло 11 модуляў, дадало кампанію з 8 частак, дзьве новыя фракцыі (Фэнрыр і Вясна), каапэратыўны рэжым ды магчымасьць шматасобнай гульні з «Аўтомай»[12].

Акрамя традыцыйных пашырэньняў, Stonemaier Games прадставілі некалькі рэклямных пакетаў. Сутычкі Касы (анг. Scythe Encounters, 2018) зьмяшчалі 32 дадатковыя карткі сутычак, створаныя збольшага па заяўках фанатаў[13]. У 2019 року выйшла Модульная дошка Касы (анг. Scythe Modular Board) са зьмененай мапай гульнявога сьвету[14]. У 2020 року выйшаў Поўны зборнік правілаў Касы (анг. Scythe Complete Rulebook, дзе ўключаныя правілы асноўнай гульні і ўсіх яе дадаткаў.

У 2017 року Stonemaier Games выдалі незалежную гульню пад назвай Мая маленькая Каса (анг. My Little Scythe), якая сьпярша паўстала як фанацкі праект. Ейная мэханіка гульні падобная да «Касы», але больш спрошчаная. У 2020 року ўжо да гэтага адгалінаваньня выйшла пашырэньне з дзьвюма новымі фракцыямі і паветранымі судзінамі пад назвай Мая маленькая Каса: Булка ў небе (анг. My Little Scythe: Pie in the Sky)[15].

У 2018 року на плятформе Steam для ПК выйшла відэагульня Каса: Лічбавая вэрсія (анг. Scythe: Digital Edition) выдаўца Asmodee Digital[16][17]. У 2020 зьявілася і мабільная вэрсія для iOS і Android[18]. У 2020 року зьявілася яшчэ адна відэагульня ў сусьвеце «Касы», стратэгія ў рэальным часе Iron Harvest, ухваленая за мастацкае аздабленьне і атмасфэрнасьць[19][20][21][22].

Крытыкі настольных гульняў ацанілі Касу за мэханіку, гульнявы працэс і аздабленьне. Асабліва рэцэнзэнты адзначалі спалучэньне ў гульні рэсурснага складніку эўрагульняў і баявой мэханікі, уласьцівай амэрыканскім настольным гульням.

У 2016 року Каса атрымала чатыры прэміі Залаты гік ад BoardGameGeek за найлепшую гульню году, мастацкае аздабленьне і прадстаўленьне, стратэгічную гульню і адзінаасобную гульню[23]. Гульня заставалася найбольш прадаванай у гісторыі кампаніі «Stonemaier Games» да 2021 року, калі ейны вынік пераўзышоў Размах крылаў[24]

  1. ^ Thomas Olde. Fueled by love of games, MU professor creates successful board game of his own (анг.) // Columbia Missourian, 8 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 5 студзеня 2023 г. Праверана 13 сакавіка 2013 г.
  2. ^ Ben Guarino. The Most Hyped Board Game of 2016 Earned It (анг.) // Inverse, 16 верасьня 2016 г. Архіўная копія ад 5 студзеня 2023 г. Праверана 13 сакавіка 2013 г.
  3. ^ Danny Paez. Crowdfunded board games surge despite video market (анг.) // CNBC Архіўная копія ад 7 студзеня 2023 г. Праверана 13 сакавіка 2013 г.
  4. ^ In Scythe, my buffalo fights for the people Polygon Праверана August 13, 2017 г. Архіўная копія ад August 14, 2016 г.
  5. ^ Scythe Review - Beauty, Grace and Style (анг.)
  6. ^ Scythe review: The most-hyped board game of 2016 delivers July 30, 2016 г. Архіўная копія ад July 30, 2016 г. Праверана August 12, 2017 г.
  7. ^ Iron Harvest interview: Crisis on an alternate Earth (анг.)
  8. ^ Iron Harvest finds drama and beauty in alternative World War I (анг.)
  9. ^ Scythe -lautapelin lisäosat > Lautapeliopas (фін.)
  10. ^ Slick and sharp, Scythe Digital Edition delivers dreams of turn-based glory (анг.) 2018-07-17 г. Праверана 2022-03-16 г.
  11. ^ This expansion will completely change the best board game of 2016 (анг.)
  12. ^  Stegmaier, Jamey Scythe Complete Rulebook. — Stonemaier Games, 2021.
  13. ^ Scythe's Complete Rulebook collects everything players need to know in one place (анг.)
  14. ^ Scythe Modular Board (анг.)
  15. ^ Fly an airship as lovely animals with first My Little Scythe Expansion, Pie in the Sky (анг.)
  16. ^ Review: Mega-hit boardgame Scythe goes digital on Steam (анг.)
  17. ^ Scythe: Digital Edition on Steam (анг.)
  18. ^ Scythe: Digital Edition is out on mobile now (анг.)
  19. ^ Painter's Art Turns into Video Game with Dieselpunk Robots Архіўная копія ад March 3, 2021 г.
  20. ^ Iron Harvest Single-Player Review (анг.)
  21. ^ Iron Harvest Review: Tactical Bliss Within A Reimagined History (анг.)
  22. ^ Iron Harvest (анг.)
  23. ^ The best board games of 2016 (анг.)
  24. ^ 2020 Behind-the-Scenes Stakeholder Report for Stonemaier Games (анг.) Архіўная копія ад April 8, 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]