Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы (Беларускія карэспандэнцыйныя курсы ў Празе) — выдавецкі пачын, які ў 1941 г. ажыцьцяўляўся ў Празе.

Падобныя курсы арганізоўваліся напачатку II сусьветнай вайны ў некалькіх значных асяродках беларускай эміграцыі (Бэрліне, Варшаве, Лодзі) у форме лекцыяў, галоўным чынам, па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі. Асаблівасьцю курсаў у Празе, дзе беларуская калёнія была нешматлікая, стала тое, што, паводле задумы арганізатараў даклады на паасобныя тэмы павінны былі апрацоўвацца ў пісьмовай форме спэцыялістамі з розных гарадоў і выпускацца праскім выдавецтвам Івана Ермачэнкі ў выглядзе асобных брашур і рассылацца зацікаўленым беларусам у Нямеччыне, пратэктараце і генэральным губэрнатарстве. З гэтай прычыны курсы называліся «карэспандэнцыйныя».

Напрыканцы 1940 г. была створана рэдакцыя курсаў, якой кіраваў Ян Станкевіч з дапамогай тэхнічнага супрацоўніка выдавецтва Пятра Бакача. У склад рэдакцыі ўваходзілі Мікола Абрамчык (Парыж), А. Мамчыц (Варшава) і Мікалай Шкялёнак (Бэрлін), задачай якіх было распаўсюджваньне брашур сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі і генэральным губэрнатарстве, а таксама ваеннапалонных у Нямеччыне. Апошнім сябрам рэдкалегіі быў старшыня Рады БНР Васіль Захарка, які ня браў удзелу ў рэдакцыйнай працы.

Рэдакцыя курсаў выдала 4 брашуры, зь іх ліку 2 выпускаліся часткамі («лекцыямі»). Першай была ананімная брашура «Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску», надрукаваная на пачатку 1941 году ў праскай друкарні (перадрук аднаймейнай публікацыі, выдадзенай у 1937 г. у Вільні; апр. Я. Станкевіч і інш.). Затым рататарнай тэхнікай былі выпушчаны тры чарговыя брашуры: Я. Станкевіча «Курс беларускае мовы» (у дзьвюх частках) і «Курс гісторыі Крывіі-Беларусі» (у трох частках), а таксама І. Ермачэнкі «Пранцы (сыфіліс)».

Такім чынам, мовазнаўчыя і гістарычныя працы Яна Станкевіча складалі асноўную частку выдавецкай прадукцыі. У «Курсе гісторыі Крывіі-Беларусі» аўтар упершыню ў беларускай навуцы выказаў погляд аб балта-славянскім этнагенэзе беларусаў.

Верагодна, праскія курсы служылі між іншым для наладжвання неафіцыйых кантактаў беларускага эмігранцкага актыву і выпрацоўкі канцэпцыі палітычнай дзейнасьці ва ўмовах блізкай нямецка-савецкай вайны.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.