Карл Густаў Руўс
Карл Густаў Руўс Carl Gustaf Roos | |
25 сьнежня 1655 — 2 траўня 1722 | |
Месца нараджэньня | пад Лідчэпінгам, Вэстэр’ётлянд, Швэцыя |
---|---|
Месца сьмерці | Обу |
Прыналежнасьць | Швэцыя |
Гады службы | 1674—1709 (фармальна да 1722) |
Званьне | генэрал-маёр |
Бітвы/войны | Франка-галяндзкая вайна Вялікая Паўночная вайна — Бітва пад Нарвай — Бітва пад Клішавам — Бітва пад Фраўштатам — Бітва пад Маляцічамі — Бітва пад Палтавай |
Карл Густаў Руўс (па-швэдзку: Carl Gustaf Roos; 25 жніўня 1655, хутчэй за ўсё, у маёнтку Ерпас пад Лідчэпінгам[1] — 2 траўня 1722, Обу) — швэдзкі генэрал-маёр, барон. Да 1705 насіў прозьвішча Руўс аў Ельмсэтэр (па-швэдзку: Roos af Hjelmsäter).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 25 жніўня 1655 у сям’і карнэта Густава Эрыксана Руўса і Крыстыны Сьвінгувуд.
Ваенную кар’еру пачаў добраахвотнікам у імпэратарскай арміі (палку генэрала дэ Граноса) ў 1674. У тым жа годзе становіцца там фэнрыхам (прапаршчыкам). Там, падчас франка-галяндзкай вайны, удзельнічаў у бітве пад Трырам (1675) і ў аблозе Філіпсбургу (1676), у якой быў паранены. Па вяртаньні ў 1677 у Швэцыю ўдзельнічаў у вайне з Даніяй.
У 1696 Руўс ужо даслужыўся да лейтэнант-палкоўніка (падпалкоўніка). Спачатку ён быў накіраваны ў Рыгу, а пасьля гэтага — на абарону граніцы з Нарвэгіяй.
З пачаткам Вялікай Паўночнай вайны быў накіраваны ў Эстляндыю. Там ён ўдзельнічаў у бітве пад Нарвай, у якой вызначыўся і атрымаў за гэта чын палкоўніка. У 1701 удзельнічаў у пераправе празь Дзьвіну і быў прызначаны камандзірам Нэрке-Вэрмляндзкага палку.
Руўс удзельнічаў і ў шэрагу іншых бітваў Вялікай Паўночнай вайны: пад Клішавам (1702), пад Фраўштатам (1706), пад Маляцічамі (1708) і пад Палтавай (1709). У 1705 атрымаў тытул барона, а за перамогу пад Фраўштатам — чын генэрал-маёра.
У Палтаваўскай бітве Руўс быў на чале адной з чаторых швэдзкіх пяхотных калёнаў, якая панесла сур’ёзныя страты пры спробе захапіць расейскія рэдуты. Адступіўшы і заняўшы абарону ў адным з шанцаў фартэцыі, Руўс і рэшты яго палку былі вымушаныя здацца расейцам у палон.
У Маскве Руўс удзельнічаў у зьневажальнам для швэдаў шэсьці палонных па вуліцах гораду: ім не давалі ня есьці, ня піць, шматтысячны натоўп народу стаяў з двух бакоў на шляху шэсьця, пляваўся ў палонных і выкрыкваў розныя абразы[2]. Пасьля гэтай падзеі Руўс быў накіраваны ў Казань, дзе й прабыў да сканчэньня вайны.
Пасьля Ніштацкага міру быў вызвалены, але па дарозе дамоў памёр у траўні 1722 у Обу.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў двойчы жанаты: 1. На Крыстыне Марыі Спарэ. Сын: Аксэль Эрык Руўс (1684—1765); 2. На баранэсе Магдалене Крыстыне ван дэр Ноот (з 1700).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://sok.riksarkivet.se/sbl/Presentation.aspx?id=6835
- ^ Joachim Mathiae Lyths dagbok, Stockholm, Bokförlaget Rediviva, 1986, s.80