Перайсьці да зьместу

Казялец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Казялец (па-польску: Jaskier) — адзін з галоўных герояў сэрыі раманаў Анджэя Сапкоўскага. Казялец — творчы псэўданім, сапраўднае імя — Юліян дэ Летэнховэ. У сьвеце «Ведзьмара» шырока вядомы бард і трубадур, стваральнік вялікай колькасьці вершаў, балядаў, песьняў. Аўтар кнігі «50 гадоў паэзіі».

Сустракаецца ў апавяданьнях: «Мяжа мажлівасьці», «Вечны агонь», «Троху самаахвярнасьці», «Меншае зло», «Канец сьвету», «Апошняе жаданьне», «Штосьці скончыцца, штосьці пачнецца», а таксама ва ўсіх раманах сагі пра Ведзьмара.

Сябар галоўнага героя Геральта, перажыў разам зь ім шмат прыгодаў, заўсёды трапляў у нейкія недарэчныя сітуацыі. Граў пры дварох каралёў Недаміра, Візыміра, Вянзлава. Узрост — каля 40 гадоў. Як кажа пра яго Дыйкстра: «Мае гадоў каля сарака, выглядае на трыццаць, уяўляе, што яму дваццаць, а робіць так, быццам бы яму дзесяць». Навучыўся пісаць у прыватнай школе ва ўзросьце васьмі гадоў, вершы й мэлёдыі пачаў складаць у дванаццаць (з-за каханьня). Вымушаны ўжываць псэўданім, бо зманіў жонку князя Раймунда, князёўну Анну Генрыетту й уцякаў ад ягонага гневу. Чатыры гады вывучаў «сем вольных навукаў» у Оксэнфурцкім унівэрсітэце, атрымаў дыплём. Таксама выкладаў там на катэдры трубадурства й паэзіі. Атрымаў славу п’яніцы й гулякі. Некаторы час жыў у Вэспулі, кабеты з Навіграду, пакуль яна не раскрыла ягоных здрадаў. Час ад часу шпіёніць для Сыгізмунда Дыйкстры, кіраўніка тайных службаў караля Візыміра Рэданскага.

Найбольш вядомыя творы Казяльца: «Зоркі над гасьцінцам», «Час княжаньня», «Пра каралеву Мар’ен і чорнага крумкача», «Пра вясёлую млынарку», «Вечны агонь» або «Зіма», «Паўстагодзьдзі паэзіі», баляды пра «ільвёнка» з Цынтры.

Зьнешнасьць і характар

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казялец ёсьць маладым прывабным мужчынам, якога з-за прыгажосьці час ад часу блытаюць з эльфам. У ягоным адзеньні пераважае салатавы, яркі колер. Носіць капялюш зь пяром чаплі. Цераз плячо перакінута лютня, падарунак эльфаў. Казялец занадта ўпэўнены ў сваім таленце, непаўторнасьці й прыгажосьці. Часта кажа тое, чаго ня трэба было б казаць, з-за чаго у яго з Геральтам пачынаюцца непрыемнасьці. Ёсьць своеасаблівай супрацьлегласьцю вобразу Геральта.