Перайсьці да зьместу

Жаўна зялёная

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Зялёны дзяцел»)
Жаўна зялёная
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаПтушкі
АтрадДзятлападобныя
СямействаДзятлавыя
РодPicus
ВідЗялёная жаўна
Бінамінальная намэнклятура
Picus viridis (Linnaeus, 1758)
Арэал

Зялё́ны дзя́цел ці зялёная жаўна́ (Picus viridis) — від птушак зь сямейства дзятлавых (Picidae). Разам зь сівой жаўной (Picus canus) зьяўляецца адзіным прадстаўніком роду Picus у Цэнтральнай Эўропе.

Падобная да сівой жаўны: верх аліўкава-зялёны з бачным у палёце жоўтым надхвосьцем. У абодвух полаў чырвоная шапачка і чорны лоб. У самца чырвоная пляма на чорным «вусе». Маладыя больш сьветлыя, з больш выразнымі плямкамі зьверху і з рыскамі зьнізу. Радужына вока шэрая. Голас: чысты і гучны рогат, які нагадвае ржаньне каня: «клю-клю-клю-клю…» або «юх-юх-юх-юхюхюх» (у адрозьненьне ад сівой жаўны танальнасьць амаль аднолькавая), позыў «гі-йак», вельмі рэдка стукае. Даўжыня цела 31—35 см, размах крылаў 50—55 см[1].

Сьветлыя высакастволыя лясы (лісьцевыя або зьмяшаныя), часьцей іх прасьветленыя ўскрайкі, рачныя даліны, парослыя высокімі лісьцевымі дрэвамі (таполямі, вольхамі), групы дрэў сярод палёў, старыя паркі (нават у гарадах), на захадзе арэалу таксама сады, вінаграднікі, адкрытыя тэрыторыі з адзіночнымі дрэвамі і нават бязьлеснае навакольле з сухастоем.

У дупле (звычайна лісьцевага дрэва), звычайна бліжэй да сярэдзіны вышыні камля (часта 1—5 м над зямлёй). У подсьціле парахня, часам некалькі трэсак. Дыямэтар адтуліны 6—8 см, глыбіня гнездавой камэры 25—50 см, шырыня 15—20 см.

Яйкі Picus viridis

5—7 (3—9, вельмі рэдка 11), эліптычныя, падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, белыя, бліскучыя, з бачнымі порамі. Памеры: 31,0 × 23,0 мм (29,5—34,0 × 21,0—23,5 мм).

Эўропа (акрамя Ірляндыі), паўднёвая, паўднёва-ўсходняя і Малая Азія, Каўказ, Ірак, паўночны і заходні Іран, паўднёва-заходні Туркмэністан.

Аселы. У межах арэала ўзімку качуе.

У межах гнездавога арэала.

Рэдкі на захадзе і вельмі рэдкі на астатняй частцы краіны аселы від. У Чырвонай кнізе Беларусі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жаўна зялёнаясховішча мультымэдыйных матэрыялаў