Перайсьці да зьместу

Зэбра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зэбра
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаСысуны
АтрадНяпарнакапытныя
СямействаКоневыя
РодКонь
Бінамінальная намэнклятура
Hippotigris
Арэал
Распаўсюд зэбраў у Афрыцы

Зэ́бра (Hippotigris) — падрод роду коні, які ўключае віды зэбра раўнінная, зэбра Грэві і зэбра горная. Зэбры належаць да роду Equus разам з коньмі і асламі. Агулам гэтыя тры групы складаюць адзіных жывых прадстаўнікоў сямейства коневых. Пасы зэбраў маюць розныя ўзоры, унікальныя для кожнай асобнай жывёлы. Было прапанавана некалькі тэорыяў адносна мэтаў гэтых узораў, зважаючы на большую частку доказаў, падтрымліваецца вэрсія, што яны служаць дзеля адпужваньня мухаў. Зэбры населяюць усходнюю і паўднёвую Афрыку і сустракаюцца ў розных асяродзьдзях, як то саванны, лугі, лясы, хмызьнякі і горы.

Зэбры сілкуюцца пераважна травою і могуць існаваць у мясцовасьцях бедных на расьліннасьць. Іхнымі галоўнымі натуральнымі ворагамі ўважаюцца ільвы. Зэбры звычайна ўцякаюць ад іх, калі адчуваюць пагрозу, але таксама могуць біцца капытамі і грызьціся. Зэбры розьняцца сацыяльным паводзінамі, гэтак раўнінныя і горныя зэбры жывуць у гарэмах, якія складаюцца з аднаго дарослага самца і некалькіх дарослых самак ды іхных нашчадкаў. Зэбры Грэві маюць самотны лад жыцьця альбо ўтвараюць слабазьвязаныя табары. У відаў, якія ўтвараюць гарэмы, дарослыя самкі злучваюцца толькі з самцом з свайго гарэму. Самцы зэбраў Грэві ўсталёўваюць кантроль над пэўнай тэрыторыяй, якія прыцягваюць самак. Гэты від характарызуецца праміскуітэтным ладам жыцьця. Зэбры камунікуюць паміж сабою з дапамогай розных гукаў, паставаў і выразаў пысы. Сацыяльная чыстка спрыяе ўмацаваньню сацыяльных сувязяў у раўнінных і горных зэбраў.

Гібрыдныя формы паміж зэбрамі і хатнімі конямі называюць зэброідамі, паміж зэбрамі і асламі — зэбруламі.

Раўнінная зэбра.

Зэбраў адносяць да роду коняў, разам з такімі відамі, як коні і аслы. Гэтыя тры групы ёсьць адзінымі сучаснымі прадстаўнікамі сямейства коневых[1]. Раўнінная зэбра і горная зэбра традыцыйна ўважаліся часткай падроду зэбраў, у адрозьненьне ад зэбры Грэві, якая лічылася адзіным відам падроду Dolichohippus[2][3][4]. Паводле Гроўвэза і Бэла ўсе тры віды былі аднесеныя да падроду зэбраў[5]. Паводле філегенэтычнага дасьледаваньня 2013 году, раўнінная зэбра генэтычна бліжэй стасуецца да зэбры Грэві, чым да горнай зэбры[6]. Вымерлая квага першапачаткова лічылася асобным відам[7]. Пазьнейшыя генэтычныя дасьледаваньні аднесьлі яе да таго ж віду, што і раўнінная зэбра, як падвід або як паўднёвую папуляцыю раўніннай зэбры[8][9]. Малекулярныя зьвесткі ўказваюць, што зэбры ўтвараюць манафілетычную лінію[10][11].

Род коняў узьнік у Паўночнай Амэрыцы. Палеагенамічны аналіз мэтаподыю каня сярэдняга плейстацэну ўзростам 700 тысяч гадоў з Канады сьведчыць, што агульны продак роду жыў прыкладна ў дыяпазоне ад 4 да 4,5 млн гадоў таму. Разьдзяленьне коняў ад аслоў і зэбраў адбылося ў гэты ж час, коні калянізавалі Эўразію і Афрыку блізу 2,1—3,4 млн гадоў таму. Зэбры і аслы разышліся каля 2 млн гадоў таму. Разьдзяленьне горнай зэбры ад іншых відаў адбылося блізу 1,6 млн гадоў таму, а раўнінная зэбра і зэбра Грэві падзяліліся 1,4 млн гадоў таму.

Чэрап вымерлага віду Equus mauritanicus.

Акрамя трох жывых відаў, таксама былі ідэнтыфікаваны некаторыя выкапнёвыя зэбры і іхныя сваякі. Парэшткі раньняга прадстаўніка коней Equus koobiforensis, які ёсьць базальным для зэбраў, былі знойдзеныя ў Этыёпіі і Танзаніі[12]. Ягоны ўзрост складае каля 2,3 мільёна гадоў. Equus oldowayensis быў вызначаныя па рэштках зь цясьніны Алдувай у Танзаніі. Гэты від, як мяркуецца, мае 1,8 мільёнаў гадоў[13]. Выкапнёвыя чэрапы Equus mauritanicus, знойдзеныя ў Альжыры, маюць узрост блізу 1 мільёна гадоў[14][15]. Навукоўцы адзначаюць падабенства гэтага вымерлага віду з зэбрай раўніннай. Equus capensis, вядомая як Капская зэбра, зьявілася блізу 2 мільёнаў гадоў таму і распаўсюдзілася ва ўсім паўднёвым і ўсходнім рэгіёне Афрыкі[13]. Некаторыя неафрыканскія коні, якія маглі быць базальнымі відамі для зэбраў, улучаюць Equus sansaniensis з Эўразіі, а таксама віды Equus namadicus і Equus sivalensis, якія, як мяркуецца, жылі на Індыйскім паўвостраве[12].

На сёньня існуюць толькі тры віды зэбраў, вядомыя як зэбра раўнінная, зэбра Грэві і зэбра горная.

Назва Апісаньне Арэал Падвіды Храмасомы Выява
Зэбра Грэві (Equus grevyi) Даўжыня цела складае 250—300 см з хвастом 38—75 см, вышынёю ў карку 125–160 см, вага 352—450 кг[16]; тонкі, падоўжаны чэрап, магутная шыя і канічныя вушы; вузкія пасы з канцэнтрычнымі пасамі на крыжы, белы жывот і кончык хваста, а таксама белыя абоймы вакол шэрай пысы[1][17][18] Усходняя Афрыка ўлучна з Афрыканскім рогам[17]; сухія і паўсухія палі і хмызьнякі[19] манатапічны[17] 46[19]
Зэбра раўнінная (Equus quagga) Даўжыня цела складае 217—246 см з хвастом 47—56 см, вышынёю ў карку 110—145 см, вага 175—385 кг[16]; масіўнае цела з адносна кароткімі нагамі і чэрапам з тупым профілем, выпуклы лоб і больш заглыбленая пыса[1][20]; шырокія пасы, якія на крыжы месьцяцца гарызантальна; паўночныя папуляцыі маюць больш пасаў, у той час як у паўднёвых папуляцыяў ногі і жывот больш белыя, таксама маюцца больш карычневыя «ценявыя» пасы, а пыса чорная[1][21][22][23] Усходняя і Паўднёвая Афрыка; саванны, сенажаці і лясныя ўгодзьдзі[24] 6[5] альбо манатапічны[9] 44[25]
Зэбра горная (Equus zebra) Даўжыня цела складае 210—260 см з хвастом 40—55 см, вышынёю ў карку 116—146 см, вага 204—430 кг[16]; вачніцы больш круглявыя і разьмешчаныя крыху глыбей чым у іншых відах, патылічны грэбень квадратовай формы, абвісласьць на шыі, кампактная будова капытоў; пасы сярэдняй шырыні ў параўнаньні зь іншымі відамі, зь сеткавымі і гарызантальнымі пасамі на крыжы, пры гэтым жывот белы, а чорная пыса акантоўваецца каштанавым або аранжавым колерам[1][26][27][19] Паўднёва-Заходняя Афрыка; горы, скалістыя ўзвышшы і хмызьняковы стэп Кару[23][24][26] 2[26] 32[19]
Горная зэбра круціцца ў пылу ў Намібіі.

Зэбры могуць міграваць у вільготныя рэгіёны за часам сухменнага сэзону[20][21]. Запісы паказваюць, што зэбры з саванны пераадольвалі 500 км паміж Намібіяй і Батсванай, што ўважаецца найдаўжэйшай наземнай міграцыяй сысуноў у Афрыцы[28]. Пры міграцыі, здаецца, яны маюць пэўную памяць пра месцы, дзе былі найлепшыя ўмовы харчаваньня[29]. Зэбры, арэалы якіх ахопліваюць саванны, больш залежныя ад вады і жывуць у больш вільготных умовах, чым іншыя віды. Звычайна яны пасьвяцца на адлегласьці 10—12 км ад крыніцы вады[20][21][23]. Зэбры Грэві могуць трываць амаль тыдзень без вады, але будуць піць яе кожны дзень, калі будзе такая магчымасьць. Іхны арганізм лепш утрымлівае ваду, чым іншае быдла[17][30]. Горныя зэбры ўздымаюцца на вяршыні да 2 тысячаў мэтраў[31]. Зэбры сьпяць сем гадзінаў на содні, стоячы ўдзень і лежачы ўначы. Яны рэгулярна знаходзяць аб’екты дзеля скарабаньня сьпіны ды круцяцца па зямлі[21].

Раўнінныя зэбры на вадапою.

Рацыён зэбры складаецца перадусім з травы і асаковых, але яны таксама могуць спажываць кару, лісьце, пупышкі, садавіну і карані, калі ёсьць таксама мажлівасьць. У параўнаньні з жуйкавымі жывёламі, зэбры маюць больш простую, але менш эфэктыўную стрававальную сыстэму. Тым ня менш, яны могуць існаваць у мясьцінах з менш пажыўнай расьліннасьцю. Ад 60% да 80% часу зэбры могуць выдаткоўваць на харчаваньне ў залежнасьці ад наяўнасьці расьліннасьці[1][21].

Зэбры ёсьць асноўнай здабычай львоў. Гепарды, леапарды, плямістыя гіены, Parahyaena brunnea і Lycaon pictus робяць меншую небясьпеку для дарослых зэбраў[32]. У якасьці абароны зэбры выкарыстоўваюць капыты і зубы. Калі ім пагражаюць ільвы, зэбры звычайна ўцякаюць, але калі яны трапляюць у лапы ільвоў, яны зрэдку здольныя даць спраўны адпор[33]. Паводле дасьледаваньняў максымальная хуткасьць зэбры складае 50 км/г, у той час хуткасьць ільва сягае 74 км/г. Зэбры ня толькі ўцякаюць ад ільвоў, але робяць гэта зьмяняючы кірунак свайго бегу, асабліва калі драпежнік ужо блізкі да сваёй здабычы. Зь меншымі драпежнікамі, як то з гіенамі, зэбры могуць паводзіцца больш агрэсіўна, асабліва калі абараняюць сваіх малых[34].

Сацыяльныя стасункі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Купа зэбраў раўнінных.

Розныя віды зэбраў маюць дзьве асноўныя сацыяльныя структуры. Раўнінныя і горныя зэбры жывуць у закрытых сямейных групах альбо гарэмах, якія складаюцца з аднаго самца, некалькіх саміцаў і іхных нашчадкаў. Гэтыя табуны маюць свае арэалы, якія могуць перасякацца, да таго ж яны схільныя да міграцыі. Жарабцы ўтвараюць і пашыраюць свае гарэмы, запрашаючы маладых кабылаў зь іншых гарэмаў. Стабільнасьць статку захоўваецца нават калі зьмяняецца ягоны жарабец. Групы раўнінных зэбраў зьбіраюцца ў вялікія статкі і могуць ствараць часова стабільныя падгрупы ўнутры статку, што дазваляе жывёлам стасавацца з тымі, хто знаходзіцца па-за іхным статкам. Кабылы ў гарэмах могуць праводзіць больш часу за харвачаньнем і атрымліваць абарону як для сябе, гэтак і для сваіх малых. У самацаў маецца лінейная герархія дамінаваньня, дзе саміцы, якія доўга знаходзяцца ў групе, займаюць больш высокія пазыцыі. Падчас падарожжаў саміцы, якую дамінуюць у групе, ды іхныя нашчадкі вядуць табун, а іншыя крочаць за імі ўсьлед. Жарабец рухаецца ззаду. Маладняк абедзьвюх плоцяў пакідае свае радзінныя групы, калі дасягае сталасьці. Саміцы звычайна прыбіваюцца да іншых самцоў, становячыся часткай іхных гарэмаў[1][21][35].

Зэбры Грэві пасьвяцца на лузе.

У больш сухіх умовах жыцьця, у якіх звычайна жывуць зэбры Грэві, дарослыя асобіны маюць больш вольныя ўзаемаадносіны. Дарослыя самцы ўсталёўваюць кантроль над вялікімі тэрыторыямі, пазначаючы межы купамі гною, таксама яны спароўваюцца з саміцамі, якія трапілі на іхную тэрыторыю[1][21]. У такіх умовах месцы, дзе маецца шмат харчоў і крыніцы вады, звычайна захопліваюцца больш моцнымі самцамі. Тым самым да іх трапляюць больш саміцаў. Кабылы могуць перацінаць некалькі кантраляваных самцамі зонаў, але заўсёды застаюцца ў адной, калі маюць жарабё. Знаходжанне на адной зоне дае саміцы абарону ад перасьледу з боку іншых самцоў, а таксама доступ да рэсурсаў[35][36].

Ува ўсіх відах самцы, якія ня маюць гарэму альбо кантраляванай тэрыторыі, зьбіраюцца ў групы. Звычайна туды трапляюць маладыя самцы, якія яшчэ не гатовыя стварыць уласны гарэм ці захапіць тэрыторыю[1][21]. У выпадку з саваннавымі зэбрамі, самыя старыя самцы звычайна ёсьць найбольш дамінуючымі[21]. Групы такіх самцоў звычайна разьмяшчаюцца на межах іншых статкаў, і падчас міграцыі яны звычайна крочаць па-за табуном альбо з боку ад яго[23]. У горных зэбраў групы самцоў без гарэму могуць таксама ўлучаць маладых саміцаў, якія рана пакінулі сваю радзінную групу, а таксама старых самцоў, якія калісьці мелі гарэмы. Самец зэбры Грэві, які мае ўласную кантраляваную зону, дазваляе самцам без тэрыторыі знаходзіцца на сваёй дзялянцы, але калі побач ёсьць самка, дамінуючы самец звычайна не дае іншым самцам наблізіцца да яе. Самцы без гарэму і тэрыторыі рыхтуюцца да сваёй будучай ролі ўладальнікаў гарэму альбо тэрыторыі праз гульнёвыя баі і рытуальныя вітаньні і выклікі, якія займаюць большую частку іхнага вольнага часу[21].

Узаемны догляд за поўсьцю зэбраў раўнінных.

Зэбры падаюць мноства гукаў. Раўнінная зэбра мае адметны брэхападобны кліч[20][21], у той час як горная зэбра можа выдаваць падобны гук, а кліч зэбры Грэві апісваецца як нешта паміж рыкам гіпапатама і хрыпам асла. Гучнае фырканьне і шурпаты «задушлівы» гук сыгналізуюць пра небясьпеку. Ёкат звычайна чутны пры болю, але таксама можа выкарыстоўвацца пры прыязных узаемадзеях. Зэбры таксама камунікуюць з дапамогай візуальных сыгналаў, а гнуткасьць іхных вуснаў дазваляе ім карыстацца складанай мімікай. Візуальныя сыгналы ўлучаюць рухі галавою, вушамі і хвастом. Зэбра можа даць зразумець пра намер выцяць, прыціснуўшы вушы да галавы і віляючы хвастом. Прыціснутыя вушы, выскаленыя зубы і ўзмахі галавою могуць выкарыстоўвацца жарабцамі як пагрозьлівыя жэсты[21].

Асобіны могуць вітаць адна адную, паціраючыся і абнюхаючыся, а затым узаемна паціраючы шчокі, рухаючыся ўздоўж цела да рэпрадуктыўных органаў дзеля абнюхваньня. Пасьля гэтага яны могуць дакранацца і класьці галаву адзін на аднаго. Такое вітаньне звычайна адбываецца паміж гарэмнымі жарабцамі і жарабцамі, якія валодаюць дзялянкамі, а таксама паміж самцамі без гарэму і тэрыторыі падчас гульняў[21]. Раўнінныя і горныя зэбры ўмацоўваюць свае сацыяльныя сувязі праз догляд за поўсьцю іншых асобінаў. У гарэме асобіны перабіраюць зубамі і вуснамі шыю, плечы і сьпіну адзін аднаго. Догляд звычайна адбываецца паміж маці і жарабятамі, а таксама паміж жарабцамі і саміцамі. Гэта дапамагае ўсталяваць сацыяльныя рангі і зьмякчыць агрэсіўныя паводзіны[21][37], але зэбры Грэві звычайна не займаюцца такім доглядам[17].

  1. ^ а б в г д е ё ж з Rubenstein, D. I. (2001). «Horse, Zebras and Asses». In MacDonald, D. W. (ed.). The Encyclopedia of Mammals (2nd ed.). Oxford University Press. — С. 468—473. — ISBN 978-0-7607-1969-5.
  2. ^ Prothero, D. R.; Schoch, R. M. (2003). «Horns, Tusks, and Flippers: The Evolution of Hoofed Mammals». Johns Hopkins University Press. — С. 216—218. — ISBN 978-0-8018-7135-1.
  3. ^ «Hippotigris». ITIS.
  4. ^ «Dolichohippus». ITIS.
  5. ^ а б Groves, C. P.; Bell, C. H. (2004). «New investigations on the taxonomy of the zebras genus Equus, subgenus Hippotigris». Mammalian Biology. 69 (3): 182—196. — doi:10.1078/1616-5047-00133.
  6. ^ Vilstrup, Julia T.; Seguin-Orlando, A.; Stiller, M.; Ginolhac, A.; Raghavan, M.; Nielsen, S. C. A.; et al. (2013). «Mitochondrial phylogenomics of modern and ancient equids». — doi:10.1371/journal.pone.0055950. PMC 3577844. PMID 23437078.
  7. ^ Groves, C.; Grubb, P. (2011). «Ungulate Taxonomy». Johns Hopkins University Press. — С. 16. — ISBN 978-1-4214-0093-8.
  8. ^ Hofreiter, M.; Caccone, A.; Fleischer, R. C.; Glaberman, S.; Rohland, N.; Leonard, J. A. (2005). «A rapid loss of stripes: The evolutionary history of the extinct quagga». Biology Letters. 1 (3): 291—295. — doi:10.1098/rsbl.2005.0323. PMC 1617154. PMID 17148190.
  9. ^ а б Pedersen, Casper-Emil T.; Albrechtsen, Anders; Etter, Paul D.; Johnson, Eric A.; Orlando, Ludovic; Chikhi, Lounes; Siegismund, Hans R.; Heller, Rasmus (2018). «A southern African origin and cryptic structure in the highly mobile plains zebra». Nature Ecology & Evolution. 2 (3): 491—498. — doi:10.1038/s41559-017-0453-7. PMID 29358610.
  10. ^ Forstén, Ann (1992). «Mitochondrial-DNA timetable and the evolution of Equus: of molecular and paleontological evidence». Annales Zoologici Fennici. 28: 301–309.
  11. ^ Ryder, O. A.; George, M. (1986). «Mitochondrial DNA evolution in the genus Equus». Molecular Biology and Evolution. 3 (6): 535—546. — doi:10.1093/oxfordjournals.molbev.a040414. PMID 2832696.
  12. ^ а б Bernor, R. L.; Cirilli, O.; Jukar, A. M.; Potts, R.; Buskianidze, M.; Rook, L. (2019). «Evolution of early Equus in Italy, Georgia, the Indian Subcontinent, East Africa, and the origins of African zebras». Frontiers in Ecology and Evolution. 7. — doi:10.3389/fevo.2019.00166.
  13. ^ а б Churcher, C. S. (2006). «Distribution and history of the Cape zebra (Equus capensis) in the Quarternary of Africa». Transactions of the Royal Society of South Africa. 61 (2): 89—95. — doi:10.1080/00359190609519957.
  14. ^ Azzaroli, A.; Stanyon, R. (1991). «Specific identity and taxonomic position of the extinct Quagga». Rendiconti Lincei. 2 (4): 425. — doi:10.1007/BF03001000.
  15. ^ Eisenmann, V. (2008). «Pliocene and Pleistocene equids: palaeontology versus molecular biology». Courier Forschungsinstitut Senckenberg. 256: 71—89.
  16. ^ а б в Caro 2016. С. 9.
  17. ^ а б в г д Churcher, C. S. (1993). «Equus grevyi». Mammalian Species (453): 1—9. — doi:10.2307/3504222.
  18. ^ Caro 2016. С. 15.
  19. ^ а б в г Caro 2016. С. 14.
  20. ^ а б в г Grubb, P. (1981). «Equus burchellii». Mammalian Species (157): 1—9. — doi:10.2307/3503962.
  21. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Estes, R. (1991). «The Behavior Guide to African Mammals». University of California Press. — С. 235—248. — ISBN 978-0-520-08085-0.
  22. ^ Caro 2016. С. 12—13.
  23. ^ а б в г Skinner, J. D.; Chimimba, C. T. (2005). «Equidae». The Mammals of the Southern African Subregion (3rd ed.). Cambridge University Press. — С. 541—546. — ISBN 978-0-521-84418-5.
  24. ^ а б Caro 2016. С. 11.
  25. ^ Caro 2016. С. 13.
  26. ^ а б в Penzhorn, B. L. (1988). «Equus zebra». Mammalian Species (314): 1—7. — doi:10.2307/3504156.
  27. ^ Rubenstein, D. I. (2011). «Family Equidae: Horses and relatives». In Wilson, D. E.; Mittermeier, R. A.; Llobet, T. (eds.). Handbook of the Mammals of the World. Vol. 2: Hoofed Mammals (1st ed.). Lynx Edicions. — С. 106—111. — ISBN 978-84-96553-77-4.
  28. ^ Naidoo, R.; Chase, M. J.; Beytall, P.; Du Preez, P. (2016). «A newly discovered wildlife migration in Namibia and Botswana is the longest in Africa». Oryx. 50 (1): 138—146. — doi:10.1017/S0030605314000222.
  29. ^ Bracis, C.; Mueller, T. (2017). «Memory, not just perception, plays an important role in terrestrial mammalian migration». Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences. 284 (1855): 20170449. — doi:10.1098/rspb.2017.0449. PMC 5454266. PMID 28539516.
  30. ^ Youth, H. (2004). «Thin stripes on a thin line». Zoogoer. 33.
  31. ^ Woodward, Susan L. (2008). «Grassland Biomes». Greenwood Press. — С. 49. — ISBN 978-0-313-33999-8.
  32. ^ Caro 2016. С. 61—63.
  33. ^ Caro 2016. С. 61—62.
  34. ^ Caro 2016. С. 62—63.
  35. ^ а б Rubenstein, D. I. (1986). «Ecology and sociality in horses and zebras». In Rubenstein, D. I.; Wrangham, R. W. (eds.). Ecological Aspects of Social Evolution. Princeton University Press. — С. 282—302. — ISBN 978-0-691-08439-8.
  36. ^ Sundaresan, S. R.; Fischhoff, I. R.; Rubenstein, D. (2007). «Male harassment influences female movements and associations in Grevy’s zebra (Equus grevyi)». Behavioral Ecology. 18 (5): 860—865. — doi:10.1093/beheco/arm055.
  37. ^ Caro 2016. С. 143.