Перайсьці да зьместу

Замбэзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Замбэзі
Паступленьне вады Кафуэ, Луангва, Шырэ[d], Cuando River[d], Manyame River[d], Luena River[d], Kabompo River[d], Luanginga River[d], Lungwebungu River[d], Gairezi River[d], Chongwe[d], Sapi river[d], Gwayi River[d], Sakeji River[d], Revúboé River[d] і Luia river[d]
Плошча вадазбору 1 570 000 км²
Краіны вадазбору
Найб. працягласьць
  • 2574 км
Вышыня над узроўнем мора 329 м

Замбэ́зі — чацьвертая паводле даўжыні рака ў Афрыцы і самая працяглая рака, якая цячэ на ўсход, і найбуйнейшая рака, што ўпадае ў Індыйскі акіян з тэрыторыі Афрыкі. Ейны басэйн ахоплівае плошчу ў 1 390 000 км²[1], што крыху менш за палову плошчы басэйну Нілу. Рака мае даўжынёю 2574 км і бярэ пачатак у Замбіі і цячэ праз усходнюю Анголу, уздоўж паўночна-ўсходняй мяжы Намібіі і паўночнай мяжы Батсваны, затым уздоўж мяжы паміж Замбіяй і Зымбабвэ да Мазамбіку, дзе перасякае краіну і ўпадае ў Індыйскі акіян[2][3].

Найбольш знаная славутасьць Замбэзі — вадаспад Вікторыя. Акрамя таго вылучаюцца вадаспады Чавума[4] на мяжы паміж Замбіяй і Анголай і Нгонье ля Сіёмы на захадзе Замбіі[5]. Таксама на рацэ пабудаваныя плаціна Карыба, якая забясьпечвае электрычнасьцю Замбію і Зымбабвэ, і плаціна Кагора-Баса ў Мазамбіку, што сілкуе электраэнэргіяй Мазамбік і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Акрамя таго, на Замбэзі на тэрыторыі Замбіі месьцяцца дзьве меншыя электрастанцыі, як то адная ля вадаспада Вікторыя і другая ля места Каленэ-Гіл[6][7].

Рака цячэ на паўднёвы захад, заходзячы ў Анголу блізу 240 км, дзе ў Замбэзі ўпадаюць такія прытокі, як то Луэна і Чыфумаджэ, якія цякуць з высокага плято на паўночным захадзе[8]. Пасьля гэтага рака паварочвае на поўдзень і фармуе пойму, шырыня якой значна вар’іруецца паміж сухім і дажджлівым сэзонамі. Рака перацінае вечназялёныя сухія лясы, але на заходнім баку таксама сустракаюцца заходнія замбэзійскія травяныя лугі. У месцы, дзе рака зноў трапляе на тэрыторыю Замбіі, ейная шырыня ў дажджлівы сэзон дасягае амаль 400 мэтраў, а плынь становіцца больш хуткай, з парогамі, якія сканчваюцца вадаспадам Чавума, дзе рака перасякае скалістую расколіну. Тут вышыня ракі зьніжаецца прыкладна на 400 мэтраў у параўнаньні з вышынёю свайго вытоку. Ад гэтага пункту да вадаспаду Вікторыя ўзровень ракі аднастайны, зьніжаючыся толькі на 180 мэтраў на адлегласьці блізу 800 км[9].

Першы буйны прыток, які ўпадае ў Замбэзі, — рака Кабомпа ў Паўночна-Заходняй правінцыі Замбіі. Саванна, празь якую цячэ рака, зьмяняецца шырокай поймай, упрыгожаныя пальмавымі. Непадалёк на поўдзень адбываецца зьліцьцё з ракой Лунгвэбунгу. Тут пачынаецца Замбэзійская абалона, якая ўважаецца найбольш вядомай славутасьцю верхняга Замбэзі, але ейная паўночная частка ня так моцна затапляецца як іншыя часткі[3]. Прыблізна ў 30 км ніжэй зьліцьця з ракой Лунгвэбунгу мясцовасьць робіцца вельмі роўнай, і пачынаецца тыповы ляндшафт Замбэзійскай поймы, прычым за часам сэзону дажджоў шырыня затапленьня можа дасягаць 25 км. Цягам больш чым 200 км ніжэй па плыні штогадовы цыкль паводак моцна ўплывае на навакольнае асяродзьдзі і жыцьцё людзей. Прыкладна ў 80 км далей у раку ўпадае Луангінга, якая з сваімі прытокамі дрэнуе вялікую тэрыторыю на захадзе. Крыху вышэй з усходу асноўнае рэчышча сілкуецца вадою падчас сэзону дажджоў ад басэйнаў рэкаў Луампа і Луэна[8].

Вадаспад Вікторыя ўмоўна падзяляе раку на Верхную і Сярэдняя часткі.

Вадаспад Вікторыя лічыцца мяжой паміж верхнім і сярэднім Замбэзі. Ніжэй за вадаспад бег ракі працягвае кіравацца на ўсход каля 200 км, пераразаючы базальтавыя адкладаньні. Тут шырыня ракі вагаецца ад 20 да 60 мэтраў ля пагоркаў вышынёю ад 200 да 250 мэтраў. Рака хутка працякае празь цясьніну Батока, дзе плынь стала перарываецца рыфамі. Гэтая месца выкарыстоўваецца каякерамі і рафтынгістамі[10]. За цясьнінай месьціцца чарга парогаў, якія заканчваюцца праз 240 км ніжэй за вадаспад Вікторыя. На гэтым вучастку рака губляе 250 мэтраў вышыні.

У гэтым рэгіёне плынь ракі трапляе ў возера Карыба, створанае ў 1959 годзе пасьля завяршэньня будаўніцтва плаціны Карыба. Возера ёсьць адным з найбуйнейшых штучных вадаёмаў у сьвеце, а гідраэлектрастанцыі на плаціне забясьпечваюць электрычнасьцю значную частку Замбіі і Зымбабвэ. Луангва і Кафуэ ўважаюцца двума найбуйнейшымі левымі прытокамі Замбэзі. Кафуэ ўліваецца ў галоўнае рэчышча спакойнай, але глыбокай плыньню шырынёю ў 180 мэтраў. З гэтага моманту паўночны напрамак Замбэзі спыняецца, і рака працягвае свой бег толькі на ўсход. У месцы зьліцьця з Луангвай на 15°37’ паўднёвай шыраты рака трапляе ў межы Мазамбіку[11]. Сярэдні Замбэзі заканчваецца там, дзе рака ўпадае ў возера Кабора-Баса, былое месца небясьпечных парогаў, вядомых як Кебрабаса. Возера было створанае ў 1974 годзе пасьля будаўніцтва плаціны Кабора-Баса[12].

Выгляд дэльты ракі Замбэзі з космасу.

Ніжні Замбэзі цягам 650 км ад Кабора-Басы да Індыйскага акіяна ёсьць суднаходным, але рака ў многіх месцах становіцца плыткай у сухі сэзон. Гэта мелкаводзьдзе ўзьнікае, калі рака ўваходзіць у шырокую даліну і расьцягаецца на вялікую плошчу. Толькі ў адным месцы, у цясьніне Лупата, за 320 км ад вусьця, рака абмежаваная высокімі пагоркамі. Тут шырынёю яна сягае толькі блізу 200 мэтраў. У іншых месцах яна мае шырыню ад 5 да 8 км, а рачная плынь звычайна разьбіваецца на некалькі струмянёў. Тут рэчышча пясчанае, а берагі нізкія. У некаторых месцах, асабліва ў сэзон дажджоў, струмені зьліваюцца ў адную шырокую, хуткаплынную раку.

За каля 160 км ад мора ў Замбэзі трапляе вадасьцёк з возера Малаві праз раку Шырэ. Пры набліжэньні да Індыйскага акіяна рака ўтварае дэльту[8]. Кожная з адгалінаваньняў у дэльце мае пясчаную касу. Самая паўночная адтока, вядомая як Чындэ, мае мінімальную глыбіню ўсяго ў 2 мэтры на ўваходзе і 4 мэтры далей, аднак гэта не перашкаджае суднаходзтву.

Сланы перацінаюць раку.

У рацэ і ля яе маюцца вялікія папуляцыі розных жывёлаў. На большасьці спакойнейшых вучасткаў ракі жывуць гіпапатамы, гэтак жа як нільскіх кракадзілаў. Арэалы варанаў таксама ахопліваюць многія месцы Замбэзі. У басэйне ракі маецца багата птушак шматлікіх відаў, як то чаплевых, пэліканаў, малых флямінга і арланаў-крыкуноў, якія прысутныя тут у вялікай колькасьці. У прыбярэжных лясах маюцца буйвалы, зэбры, жырафы і сланы. Замбэзі таксама ёсьць домам для некалькіх сотняў відаў рыбаў, некаторыя зь якіх уважаюцца эндэмічнымі. Важнымі відамі ёсьць цыхліды, якіх актыўна ловяць у рэгіёне, а таксама сомавыя, тыгровыя рыбы і іншыя буйныя віды.

Сьцёкавыя воды ёсьць адной з асноўных прычынаў забруджваньня вады ў гарадзкіх раёнах, бо недастатковыя ачышчальныя збудаваньні ва ўсіх буйных гарадах рэгіёну скідваюць неачышчаныя сьцёкі ў раку. Гэта прывяло да эўтрафікацыі рачной вады, што паспрыяла распаўсюду захворваньняў, зьвязаных зь недастатковай гігіенай, як то халера, тыф і дызэнтэрыя[13].

Возера Кагора-Баса ў Мазамбіку ёсьць адной з галоўных крыніцаў гідраэлектраэнэргіі на рацэ.

Будаўніцтва дзьвюх буйных плацінаў, якія рэгулююць цёк ракі, моцна паўплывала на дзікую прыроду і чалавечыя грамады ў ніжнім бегу Замбэзі. Калі ў 1973 годзе была завершаная пабудова плаціны Кагора-Баса, ейныя кіраўнікі далі дазвол на тое, каб запоўніць яе за адзін сэзон паводак, што супярэчыла рэкамэндацыям запаўненьня цягам як мінімум двух гадоў. Рэзкае зьніжэньне плыні ракі прывяло да скарачэньня плошчы мангравых лясоў на 40%, значнага павелічэньня эрозіі ўзьбярэжжа і скарачэньня ўлову крэвэтак на 60% ля вусьця ракі празь зьніжэньне адкладаньня глею і зьвязаных зь імі пажыўных рэчываў. Вільготныя экасыстэмы ніжэй за плаціну значна зьменшыліся. Дзікая прырода ў дэльце ракі яшчэ больш апынулася пад пагрозай празь бескантрольнае паляваньне падчас грамадзянскай вайны ў Мазамбіку[14][15].

Захады дзеля аховы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рака Замбэзі.

Прапанаваная трансьмежная прыродаахоўная тэрыторыя Каванга-Замбэзі мусіла ахопліваць часткі Замбіі, Анголы, Намібіі, Зымбабвэ і Батсваны, улучна з дэльтай Акаванга ў Батсване і вадаспад Вікторыя. Фінансаваньне было павялічанае дзеля дадатковых праектаў трансьмежнай аховы прыроды ўздоўж Замбэзі ў 2008 годзе. Праект атрымаў грант у памеры 8 мільёнаў эўра ад нямецкай няўрадавай арганізацыі. Частка сродкаў была прызначаная на дасьледаваньні ў рэгіёнах, ахопленых праектам. Аднак Ангола папярэдзіла, што міны, якія засталіся пасьля грамадзянскай вайны, могуць перашкодзіць рэалізацыі праекту[16].

Рака ў цяперашні час крочыць праз нацыянальныя паркі вадаспадаў Нгонье, Мосі-а-Тунья і Ніжняе Замбэзі ў Замбіі. На частцы ракі з боку Зымбабвэ месьцяцца нацыянальныя паркі Замбэзі, вадаспада Вікторыя, Матусадона, Мана-Пулз і біясфэрная рэзэрвацыя Сярэдняга Замбэзі[17].

  1. ^ «Richard Beilfuss & David dos Santos: Patterns of Hydrological Change in the Zambezi Delta, Monogram for the Sustainable Management of Cahora Bassa Dam and The Lower Zambezi Valley (2001). Estimated mean flow rate 3424 m³/s». Gorongosa.
  2. ^ «Zambezi River». Encyclopedia Britannica.
  3. ^ а б «Zambezi River Facts and Information». Victoria Falls Guide.
  4. ^ «Chavuma Falls». Encyclopedia Britannica.
  5. ^ «Zambia Tourism: Waterfalls». Zambia Tourism.
  6. ^ Pasanisi, Francesco; Tebano, Carlo; Zarlenga, Francesco (2016). «A Survey near Tambara along the Lower Zambezi River». Environments. 3 (1): 6. — doi:10.3390/environments3010006.
  7. ^ «Zengamina Hydro Project». North West Zambia Development Trust.
  8. ^ а б в Dorling Kindersley Publishing, Inc. (2004). «World reference atlas». New York: Dorling Kindersley. — С. 84—85. — ISBN 0-7566-0481-8.
  9. ^ Page, Geology (25.11.2014). «Zambezi River». Geology Page.
  10. ^ Edington, Sean (29.12.2020). «Is rafting on the Zambezi River below The Victoria Falls Dangerous?». SAFPAR.
  11. ^ Valkenburgh, Blaire Van; White, Paula A. (20.04.2021). «Figure 1: Map showing location of Luangwa Valley and Greater Kafue Ecosystem in Zambia». PeerJ. 9: e11313. — doi:10.7717/peerj.11313/fig-1.
  12. ^ «GAZ Term "Zambezi River" (GAZ:00044898)». Gramene.
  13. ^ Herbig, Friedo J. W. (1.01.2019). Meissner, Richard (ed.). «Talking dirty — effluent and sewage irreverence in South Africa: A conservation crime perspective». Cogent Social Sciences. 5 (1): 1701359. — doi:10.1080/23311886.2019.1701359.
  14. ^ «Zambezi River Tourist Information». Touristlink.
  15. ^ Isaacman, Allen; Sneddon, Chris (2000). «Toward a Social and Environmental History of the Building of Cahora Bassa Dam». Journal of Southern African Studies. 26 (4): 597–632. — doi:10.1080/713683608.
  16. ^ «Sub-Saharan Africa news in brief: 13–25 March». SciDev.Net.
  17. ^ «Zambezi River 2017». Lensman.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]