Жыцьцё і сьмерць Джонатана Ўайлда Вялікага
Жыцьцё й сьмерць Джонатана Ўайлда Вялікага (па-ангельску: The Life and Death of Jonathan Wild, the Great) — іраікамічная навэла, напісаная Генры Філдынгам у 1743, дзе аўтар аблічае палітычнае прыстасаванства й падвойныя ацэнкі маральнасьці. Галоўны герой твора — Джонатан Ўайлд, які быў павешаны ў 1725.
Народжаны ў 1682 Джонатан Ўайлд быў лёнданскім прафэсіянальным злачынцам, лідэрам злодзеяў і скупшчыкаў крадзенага пачатку XVIII стагодзьдзя. Школай для яго была турма для неплацёжаздольных даўжнікоў, дзе ён атрымаў мянушку «Thief Taker General of Great Britain and Ireland» (слова «thief-taker» у тагачаснай Ангельшчыне азначала прыватную асобу, якую нанімалі дзеля зловы злачынцаў). Будучы лідэрам хэўры ўгалоўнікаў, ён павінен быў вярнуць усю нарабаваную маёмасьць, і каб здавацца легітымным, ён нават даносіў паліцыі на некаторых сваіх падначаленых, якія неўзабаве мусілі быць павешаныя. У выніку такіх «пагадненьняў» Ўайлд атрымліваў ад уладаў па 40 фунтаў за кожнага. На працягу сваёй кар’еры Ўалд накіроўваў уладаў на амаль 120 яго падначаленых. Пасьля 15 гадоў крымінальнае дзейнасьці яго схапілі й павесілі 24 траўня 1725. Гэтыя падзеі нарабілі шмат шуму ў тагачаснай Ангельшчыне. Атрымлівалася, што кіраўнік найбуйнейшай злачыннай банды Лёндана меў стасункі з паліцыяй.
Гісторыя Джонатана Ўайлда знайшла сваё адлюстраваньне й у літаратуры. У 1725 Даніель Дэфо выпусьціў невялічкую брашуру пад назвай «Праўдзівая й сумленная справаздача аб жыцьці й дзеяньнях Джонатана Ўайлда» (A True & Genuine Account of the Life and Actions of the late Jonathan Wild), дзе апісваліся дзеяньні вядомага ўгалоўніка, а ў 1728 на лёнданскай сцэне зь вялізарнейшым посьпехам была пастаўлена камэдыя Джона Ґэя «Опэра жабрака» (на яе аснове Бэртальт Брэхт стварыў сваю «Трохграшовую опэру»). Філдынг выкарыстаў успаміны аб ужо дастаткова даўняй угалоўнай справе для таго, каб стварыць парадыйны ўрачыста-афіцыяльны жыцьцяпіс свайго героя, у якім ён бачыць выдатны прыклад «вялікага чалавека».