Эрсыка
Эрсыка (гістарычныя назвы: Герцыке, Герцык, Герсыкэ, Эрсыка; па-лацінску: Gercike) — колішні горад на правым беразе Дзьвіны, за 180 кілямэтраў ад Полацку, цяпер паселішча ў складзе Ліванскага краю Латвіі. Цягам 2-й паловы XI — 1-й паловы XIII стагодзьдзя належала да Полацкага княства, як фарпост і цэнтар уладаньняў у Ніжнім Падзьвіньні[1].
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назву места Герцыке Арыст Кунік, Герман Пабст, Аўгуст Біленштайн і іншыя дасьледчыкі набліжалі да стараславянскага град, па-польску: grod, па-расейску: город. Найбольш грунтоўным зьяўляецца меркаваньне Германа Пабста, заснаванае, імаверна, на справаздачы ад 26.3.1292 пра дзейнасьць ганзейскага пасольства ў Ноўгарадзе ў 1291 годзе[2]. У справаздачы паведамляецца, што паслы Любэку, Вісьбю й Рыгі ў час пасольства жылі не ў самім Ноўгарадзе, а ў Gerceke, гэтае месца паслы называлі curia regia, і наўгародцы езьдзілі туды для вядзеньня перамоваў. Гэта curia regia паблізу Ноўгараду — княская рэзыдэнцыя Гарадзішча, цяпер вядомая як Рурыкава Гарадзішча[3]. З гэтага вынікае, што калі Гарадзішча на Волхаве звалася па-нямецку Gerceke, то Gercike на Дзьвіне, верагодна, таксама меў назву Гарадзішча.[4]
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паселішча на месцы Герцыке існавала з X ст., археалягічныя раскопкі зафіксавалі агулам 10 будаўнічых гарызонтаў. У XI стагодзьдзі былі пабудаваныя земляныя ўмацаваньні — гарадзішча авальнай формы (70x100 м). На гарадзішчы выяўленыя рэшткі драўляных пабудоваў зь пячамі, знойдзеныя рэчы, тыповыя для балтаў і славянаў, характэрныя для гарадоў Полацкай зямлі. Пасад (750×200 м) быў заселены ў XI—XII ст. і знаходзіўся на поўнач ад гарадзішча. Знойдзеныя крыжыкі і некаторыя ўпрыгожаньні, характэрныя для славянаў. Насельніцтва складалася пераважна з латгалаў, пражывала і нязначная колькасьць русінаў. Побач выяўлены могільнік X—XII стагодзьдзяў, пахавальны абрад — трупапалажэньне, жаночыя ўпрыгожаньні ў большасьці латгальскія.[1]
Упершыню горад згадваецца ў «Хроніцы Лівоніі» пад 1203 рок як багатая княская рэзыдэнцыя з праваслаўнымі цэрквамі, цэнтар княства пад кіраваньнем Усевалада, падпарадкаванага Полацку.[1] У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыскага біскупу. Пасьля XIV стагодзьдзя ў пісьмовых крыніцах ня згадваецца. Сучаснае паселішча знаходзіцца ў 2,4 кілямэтры на поўдзень ад гарадзішча (насельніцтва 96).[5]
-
Агульны выгляд гарадзішча
-
Дзьвіна ў Эрсыцы
-
Гаспадарчы будынак побач з гарадзішчам
-
Вяршыня
-
Погляд у кірунку аўтатрасы
-
Праваслаўная бажніца ў Эрсыцы
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Balodis F. Jersika // Senatne un Maksla. Riga, 1936. № 4.
- Balodis F. Jersikas un tai 1939. Gada izdaritie izrakumi. Riga, 1940.
- Клейнберг И. О топониме Gercike в источниках ХІІІ в. // Вспомогательные исторические дисциплины, IV. Ленинград, 1972. С. 127.
- Штыхов Г. В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). — Мн., 1978. — С. 62.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Carogród // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. — S. 526
- Carogród // — S. 291