Эрсыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Эрсыка (гістарычныя назвы: Герцыке, Герцык, Герсыкэ, Эрсыка; па-лацінску: Gercike) — колішні горад на правым беразе Дзьвіны, за 180 кілямэтраў ад Полацку, цяпер паселішча ў складзе Ліванскага краю Латвіі. Цягам 2-й паловы XI — 1-й паловы XIII стагодзьдзя належала да Полацкага княства, як фарпост і цэнтар уладаньняў у Ніжнім Падзьвіньні[1].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назву места Герцыке Арыст Кунік, Герман Пабст, Аўгуст Біленштайн і іншыя дасьледчыкі набліжалі да стараславянскага град, па-польску: grod, па-расейску: город. Найбольш грунтоўным зьяўляецца меркаваньне Германа Пабста, заснаванае, імаверна, на справаздачы ад 26.3.1292 пра дзейнасьць ганзейскага пасольства ў Ноўгарадзе ў 1291 годзе[2]. У справаздачы паведамляецца, што паслы Любэку, Вісьбю й Рыгі ў час пасольства жылі не ў самім Ноўгарадзе, а ў Gerceke, гэтае месца паслы называлі curia regia, і наўгародцы езьдзілі туды для вядзеньня перамоваў. Гэта curia regia паблізу Ноўгараду — княская рэзыдэнцыя Гарадзішча, цяпер вядомая як Рурыкава Гарадзішча[3]. З гэтага вынікае, што калі Гарадзішча на Волхаве звалася па-нямецку Gerceke, то Gercike на Дзьвіне, верагодна, таксама меў назву Гарадзішча.[4]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паселішча на месцы Герцыке існавала з X ст., археалягічныя раскопкі зафіксавалі агулам 10 будаўнічых гарызонтаў. У XI стагодзьдзі былі пабудаваныя земляныя ўмацаваньні — гарадзішча авальнай формы (70x100 м). На гарадзішчы выяўленыя рэшткі драўляных пабудоваў зь пячамі, знойдзеныя рэчы, тыповыя для балтаў і славянаў, характэрныя для гарадоў Полацкай зямлі. Пасад (750×200 м) быў заселены ў XI—XII ст. і знаходзіўся на поўнач ад гарадзішча. Знойдзеныя крыжыкі і некаторыя ўпрыгожаньні, характэрныя для славянаў. Насельніцтва складалася пераважна з латгалаў, пражывала і нязначная колькасьць русінаў. Побач выяўлены могільнік X—XII стагодзьдзяў, пахавальны абрад — трупапалажэньне, жаночыя ўпрыгожаньні ў большасьці латгальскія.[1]

Упершыню горад згадваецца ў «Хроніцы Лівоніі» пад 1203 рок як багатая княская рэзыдэнцыя з праваслаўнымі цэрквамі, цэнтар княства пад кіраваньнем Усевалада, падпарадкаванага Полацку.[1] У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыскага біскупу. Пасьля XIV стагодзьдзя ў пісьмовых крыніцах ня згадваецца. Сучаснае паселішча знаходзіцца ў 2,4 кілямэтры на поўдзень ад гарадзішча (насельніцтва 96).[5]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Штыхов Г. В. Города Полоцкой…
  2. ^ Hansisches Urkundenbuch, Bd I, Halle, 1876, стр. 377—378, n 1093
  3. ^ Goetz L.К. Deutsch-russische Handelsgeschichte des Mittelalters. Lubeck, 1922, стар. 56.
  4. ^ Клейнберг И. О топониме Gercike…
  5. ^ Vietvārdu datubāze

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]