Перайсьці да зьместу

Дэхейбарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сярэднявечнае каралеўства
Дэхейбарт
лац. Dechiejbart
па-валійску: Deheubarth
Сьцяг Герб
Гімн Unbennaeth Prydain[d]
920 — 1197
Сталіца Dinefwr[d]
Афіцыйная мова валійская мова
Форма ўраду манархія
Валюта дэнарый[d]
Папярэднікі:
Сэйсылуг
Дывэд
Наступнік:
Княства Валія

Дэхе́йбарт (па-валійску: Deheubarth) — сярэднявечнае каралеўства на паўнёвым захадзе Валіі, створанае ў X стагодзьдзі пасьля аб’яднаньня Сэйсылугу й Дывэда. Валійскі назоў з лацінскай мовы перакладаецца як «правая частка» (па-лацінску: dextralis pars), гэтак называюць усю Паўднёвую Валію.

Каралеўства Дэхейбарт было заснавана прыкладна ў 920 годзе Гіўэл ап Кадэлам, які аб’яднаў пад сваёй уладай Дывэд і Сэйсылуг. Сталіцай новага каралеўства быў замак Дынэвур, ад якога й атрымала сваю назву гэтая галіна нашчадкаў Родры ап Мэрвіну.

Як і некаторыя іншыя каралеўствы Валіі, Дэхейбарт існаваў да канчатковай заваёвы краіны нарманамі, але й да далучэньня Валіі да Ангельшчыны каралеўства страчвала незалежнасьць. У 1018 годзе Дэхейбарт перайшоў пад уладу Лівэліна ап Сэйсыла — караля Гўінэду, а ў 1023 годзе — пад уладу Рыдэрха ап Естына, кіраўніка Моргануга. Сын Лівэліна ап Сэйсыла, Грыфід ап Лівэлін, які здолеў аб’яднаць пад сваёй уладай амаль усю Валію, вярнуў да сябе Дэхейбарт, але пасьля ягонай сьмерці кантроль над каралеўствам зноўку перайшоў да дынэвурскага каралеўскага дома.

З 1078 па 1093 гадох у Дэхейбарце кіраваў Рыс ап Тэйдур, які не толькі здолеў пасьпяхова утрымаць за сабой сталец, але й значна ўмацаваў каралеўства. Тым не менш, нарманы з боку Ангельшчыны пачалі падыходзіць да ўсходняй мяжы Дэхейбарта, і ў 1093 годзе Рыс загінуў пры невысьветленых абставінах у Брыхейніёге. Пасьля гэтага нарманы пасьпяхова захапілі амаль усё каралеўства, а спадчыньнік Грыфід ап Рыс быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. Аднак усё ж такі, ён атрымаў у панаваньне невялікую частку ўладаньняў свайго бацькі, асноўная частка каралеўства было разьмеркавана паміж нармандзкімі лордамі.

У 1136 годзе ў Валіі адбылося паўстаньне, і Грыфід уступіў у зьвяз з каралеўстам Гўінэд. Разам з Оўайнам Гўінэдам і Кадваладрам ап Грыфідам ён атрымаў перамогу ў бітве пры Крыг-Маўр супраць нарманаў каля Кардыгана. Тым самым Керэдыгіён быў вызвалены, але, нягледзячы на тое, што гістарычна гэтыя землі належалі да Дэхейбарту, на гэты раз яны перайшлі да Гўінэду, як «старэйшаму партнэру». Грыфід загінуў на наступны год пры невысьветленых абставінах.

Пасьля Грыфіда сталец Дэхейбарту займалі ягоныя сыны: Анараўд, Кадэл, Марэдыд і Рыс. Яны здолелі выгнаць нарманаў з каралеўства, а гўінэдцаў — з Керэдыгіёну. Пры Рысе ап Грыфідзе, вядомым як Лорд Рыс, пасьля сьмерці Оўайна Гўінэда ў 1170 годзе, Дэхейбарт стаў самым магутным з валійскіх каралеўстваў.

Пасьля таго, як Лорд Рыс сканаў у 1197 годзе каралеўства было падзелена паміж ягонымі сынамі, і пазьней не змагло супрацьстаяць узмацьненьню Гўінэду. Напачатку XIII стагодзьдзя князі Дэхейбарту звычайна выступаюць як васалы Лівэліна ап Ёрвэрта, караля Гўінэду.

На тэрыторыі Дэхейбарту знаходзіўся буйны рэлігійны цэнтар — сабор сьвятога Давыда; акрамя таго Рыгіварх Ланбадарнскі стварыў тут жыціе сьвятога.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]