Перайсьці да зьместу

Польскі аўтаномны раён імя Дзяржынскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Польскі аўтаномны раён імя Дзяржынскага (па-польску: Polski Rejon Narodowy im. Feliksa Dzierżyńskiego) ці Дзяржыншчына, Полраён (скарот ад Польскі раён) — аўтаномная адміністрацыйная адзінка, якая існавала ў складзе БССР цягам 1932—1937 гадоў.

У другой палове 1920-х — першай палове 1930-х кіраўніцтва Савецкага Саюзу праводзіла палітыку карэнізацыі, у ходзе каторай у краіне быў утвораны шэраг аўтаномных абласьцей і раёнаў, у тым ліку два польскія раёны: Дзяржыншчына ў складзе Беларускай ССР і Мархлеўшчына ў складзе Ўкраінскай ССР. Мэтай існаваньня гэтых раёнаў была саветызацыя польскага насельніцтва.

Польскі аўтаномны раён імя Дзяржынскага быў утвораны 15 сакавіка 1932 году ў складзе БССР, каля тагачаснай мяжы СССР з Польшчай. Аўтаномія мела блізу 1000 км² плошчы і 44 тысячы насельніцтва. Цэнтрам раёну стаў горад Койданаў, які ў сувязі са стварэньнем аўтаноміі быў перайменаваны ў Дзяржынск. Назву Дзяржыншчына атрымала ў гонар Фэлікса Дзяржынскага, стваральніка Ваеннай надзвычайнай камісіі (ВЧК).

Аўтаномія палякаў, якія насялялі Дзяржыншчыну, не была фікцыяй. На тэрыторыі раёну дзейнічалі польскія школы і бібліятэкі, выдаваліся польскамоўныя кнігі, газэты і часопісы. Польская мова была адной з афіцыйных моваў раёну. Яна ўжывалася ва ўсіх партыйных і дзяржаўных установах раёну, уключна зь міліцыяй і судамі.

У той жа час палякі дый іншыя насельнікі Дзяржыншчыны падвяргаліся інтэнсіўнай камуністычнай прапагандзе, якая почасту была для іх чужою, але была блізкаю палякам-камуністам, колькасьць якіх у партыйным кіраўніцтве была занадта вялікая. Раён, як і ўвесь Савецкі Саюз, перажыў калектывізацыю і ганеньні на рэлігію, якім насельніцтва аказала значны супраціў.

Прычыны ліквідацыі польскіх аўтаноміяў ня вельмі ясныя. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што Сталін займеў іншыя пляны адносна лёсу Польшчы і не жадаў мець у Савецкім Саюзе польскіх адміністрацыйных адзінак. Магчыма, палякі занадта цяжка паддаваліся саветызацыі. Так ці інакш, усьлед за Мархлеўшчынай (1935) у 1937 годзе была зьліквідаваная і Дзяржыншчына. Школы, бібліятэкі, іншыя польскія культурныя асяродкі былі зачыненыя. Многія этнічныя палякі былі высланыя ў Казахстан і Сыбір.

Падрабязнасьці існаваньня і ліквідацыі польскіх аўтаноміяў за савецкім часам замоўчваліся.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]