Даратэя Вірэр
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Даратэ́я Ві́рэр (па-нямецку: Dorothea Wierer; нар. 3 красавіка 1990 году, Бруніка, Італія) — італьянская біятляністка, бронзавая прызэрка Алімпійскіх гульняў 2014 і 2018 гадоў у мяшанай эстафэце, а таксама чэмпіёнка зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў спрынце. Чэмпіёнка і прызэрка чэмпіянатаў сьвету. Двойчы брала крыштальны глёбус як пераможца Кубка сьвету ў агульным заліку ў сэзонах 2018—2019 і 2019—2020 гадоў.
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У сэзоне 2011—2012 гадоў Вірэр набрала пункты толькі ў адной гонцы Кубка сьвету, якой стаў спрынт у Новэ-Места-на-Мораве. У той гонцы італьянка спынілася на 36-м месцы пры двух нятрапных стрэлаў. На першым чэмпіянаце сьвету 2012 году ў Ханты-Мансійску спартоўка выступіла няроўна, а найлепшым вынікам быў чацьверты радок у эстафэце. У Осьлё яна ня трапіла у топ-40.
Сэзон Кубка сьвету 2012—2013 гадоў быў для італьянкі больш прадуктыўным у параўнаньні з папярэднім сэзонам. На чэмпіянаце сьвету 2013 году ў Новэ-Места Вірэр выйграла свой першы мэдаль у дарослых спаборніцтвах, фінішаваўшы ў складзе эстафэтнай каманды на трэцім радку. 8 сакавіка 2014 году спартоўка ўпершыню ўзышла на п’едэстал на этапе Кубка сьвету, стаўшы трэцяй у гонцы перасьледу ў Паклюцы. У мяшанай эстафэце, якая ўпершыню прайшла ў рамках зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году ў Сочы, яна здабыла бронзавы мэдаль. На наступным этапе Кубка сьвету ў славенскай Паклюцы 8 сакавіка 2014 году італьянка ўзьнялася на першы асабісты подыюм Кубка сьвету з бронзай у гонцы перасьледу. У наступным сэзоне спартоўка здабыла 5 мэдалёў на этапах Кубка сьвету, але іхны гатунак абмяжоўваўся бронзай і срэбрам. Яна брала ўдзел практычна ўва ўсіх гонках сэзону, акрамя першай індывідуальнай гонкі і чэскага этапу.
На першым этапе сэзону 2015—2016 гадоў Вірэр здабыла сваё першае золата Кубка сьвету ў індывідуальнай гонцы ў Эстэрсундзе. Паводле вынікаў этапу яна ачоліла сьпіс агульнага заліку Кубка сьвету і ўпершыню ў сваёй кар’еры пачала наступны этап у жоўтай кашулі лідэркі. На чэмпіянаце сьвету 2016 году ў Гольмэнколене ўзяла срэбра ў гонцы перасьледу, гэты срэбны мэдаль стаў пятым у гісторыі для зборнай Італіі на чэмпіянатах сьвету. За сэзон атлетка 13 разоў узьнімалася на подыюм. Яна не прапусьціла аніводнай асабістай гонкі, заўсёды фінішуючы ў першай дваццатцы за выняткам першага масавага старту ў Рупольдынгу, дзе Вірэр была 25-й. У той сэзон яна была трэцяй у агульным заліку, а за індывідуальныя старты нават атрымала малы крыштальны глёбус.

У наступныя сэзоны спартоўка была сярод лідэраў біятлёну, двойчы фінішуючы ў агульным заліку Кубка сьвету на 5-м радку. 11 студзеня 2018 году яна перамагла ў індывідуальнай гонцы ў Рупольдынгу. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году ў Пхёнчхане Вірэр узяла бронзу ў мяшанай эстафэце, ледзь не пайшоўшы на сваім этапе на штрафное кола. Паводле вынікаў сэзону італьянка была названая найлепшай спартоўкай Паўднёвага Тыроля. Сэзон атлетка пачала з бронзавага мэдаля ў мяшанай эстафэце на этапе Кубка сьвету ў Паклюцы. Вірэр вылучалася стабільнымі вынікамі цягам сэзону, часта апыняючыся ў найлепшай дзясятцы і 7 разоў уздымаючыся на подыюм у асабістых гонках. На чэмпіянаце сьвету 2019 году ў швэдзкім Эстэрсундзе выйграла бронзу ў мяшанай эстафэце, срэбра ў сынгл-міксьце і стала чэмпіёнкай сьвету ў масавым старце, упершыню ў гісторыі жаночай зборнай Італіі. Паводле вынікаў сэзону Вірэр перамагла ў Кубку сьвету, паўтарыўшы вынік праз год. Таксама спартоўка дамінавала на чэмпіянаце сьвету 2020 году.

Пачатак сэзону 2020—2021 гадоў для спартоўкі адбыўся ў Кантыёлахці ў індывідуальнай гонцы, якую Даратэя выйграла бяз пудлаў. Наступны мэдаль яна ўзяла праз два этапы, стаўшы трэцяй у масавым старце Гольмэнколене. Аднак, на чэмпіянаце сьвету ў Паклюцы італьянка засталася без мэдалёў. У канцы сэзону яна спынілася на пятым радку агульнага заліку Кубка сьвету. Наступны сэзон быў яшчэ больш складаным. Спартоўка доўгі час была без мэдалёў Кубка сьвету, нават не трапляючы часам у першую дзясятку. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў Пэкіне Вірэр у трэці раз узяла бронзавы мэдаль у спрынце. У сэзоне 2022—2023 гадоў на першым этапе ў Кантыёлахці яга здолела пакласьці на свой рахунак чарговае срэбра ў перасьледзе з добрай стральбой, затым у Гохфільцэне Італія ўзяла бронзу ў эстафэце зь Вірэр у складзе. Спаборніцтвы ў Паклюцы таксама склаліся ўдала для спартоўкі, бо ў спрынце яна ўзала бронзу, затым срэбра ў перасьледзе і мяшанай эстафэце. Асабістай перамогай атрымала разжыцца з выдатнай стральбой у спрынце на хатняй арэне ў Антгольцы. На чэмпіянаце сьвету ў Обэргофе Даратэя стала ўладальніцай двух мэдалёў у эстафэтах. Этап у Эстэрсундзе прынёс спартоўцы два залатых мэдаля ў індывідуальнай гонцы і ў масавым старце, прычым золата апошняй з памянёных гонак стала 50-й юбілейнай узнагародай. Яна скончыла сэзон на другім радку агульнага заліку Кубка сьвету, саступіўшы толькі францужанцы Жульі Сымон. Наступны сэзон быў ня вельмі ўдалым, бо спартоўцы бракавала стабільных вынікаў, а ўсю зіму яна хварэла, у выніку чаго заўчасна скончыла сэзон[3]. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ўзяла срэбны мэдаль у мяшанай эстафэце.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старонка на IBU.
- Нарадзіліся 3 красавіка
- Нарадзіліся ў 1990 годзе
- Нарадзіліся ў Італіі
- Італьянскія біятляністкі
- Італьянскія біятляністы і біятляністкі на Алімпійскіх гульнях
- Біятляністы і біятляністкі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 году
- Біятляністы і біятляністкі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году
- Біятляністы і біятляністкі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году
- Біятляністы і біятляністкі на зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году
- Прызэры зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году
- Прызэры зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 году
- Чэмпіёны зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 году
- Прызэры зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 году