Перайсьці да зьместу

Гісторыя БССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) была абвешчаная 1 студзеня 1919 году, а перастала існаваць пасьля распаду СССР. 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. 19 верасьня 1991 была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь, а 8 сьнежня 1991 году Рэспубліка Беларусь была адной з трох рэспублік, якая падпісала пагадненьне аб адмене саюзнага дагавора 1922 году. Белавескія пагадненьні набылі моц закону 10 сьнежня 1991 году.

БССР утваралася ўва ўмовах вядзеньня Грамадзянскай вайны ў Расеі і пачатку польска-савецкай вайны. Пасьля ліквідацыі войскамі Чырвонай Арміі БНР у сьнежні 1918 ЦК РКП (б) прыняў пастанову пра ўтварэньне беларускай савецкай рэспублікі[1]. Расейская камуністычная партыя бальшавікоў пастанавіла аб стварэньні Беларускай савецкай рэспублікі ў канцы сьнежня 1918 году[2].

Беспасярэднюю дзейнасьць у стварэньні Беларускай савецкай рэспублікі праводзілі наступныя арганізацыі — беларускія сэкцыі РКП (б); Паўночна-Заходні камітэт РКП (б), на чале зь Мясьніковым (Аблвыканкамзах); Народны камісарыят па справах нацыянальнасьцяў на чале з Сталіным; створаны пры Наркамнацы Беларускі Нацыянальны камітэт, на чале зь Зьмітром Жылуновічам.

30 сьнежня 1918 году пачала сваю работу VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП (б)[3]. На гэтай канфэрэнцыі прынялі пастанову, у якой гаварылася, што:

«VI абласная канфэрэнцыя бальшавікоў лічыць неабходным абвясьціць самастойную Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь з тэрыторыяй Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губэрняў»[4].

Падобны крок канфэрэнцыі выклікаў крытыку з боку кіраўнікоў Савецкай дзяржавы, у прыватнасьці, Сталіна, які патрабаваў спачатку прыняцьця Маніфэсту, які меў бы сілу закону, бо канфэрэнцыя не была ўпаўнаважана ўзяць у свае рукі ўладу[5].

Утварыўся Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі, які абвясьціў 1 студзеня 1919 году свой «Маніхвэст»[6].

Утварэньне БССР адбылося ў адказ на абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, што ад пачатку прызнавалася на афіцыйным узроўні — як зазначаў першы савецкі камісар фінансаў Беларусі Ісак Рэйнгольд на паседжаньні Цэнтральнага Бюро КП(б)Б 22 студзеня 1919 году[7]:

«

Існаваньне Беларускай Рады змусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику
»
  1. ^ ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 400.
  2. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. С. 131.
  3. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. С. 132.
  4. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. С. 133.
  5. ^ Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 52—53.
  6. ^ Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 52.
  7. ^ Гурневіч Д. «Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 году, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г.
  • Гісторыя Беларусі : У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Менск: Экаперспектыва, 2007. — 613 с.: іл. ISBN 985-469-149-7
  • Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Менск: «Навука і тэхніка», 1973. — 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі)
  • Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб.: Неўскі прасцяг, 2003. — 243 с.