Годын
Годын (лац. Godinus; каля 602—627) — маярдом Бургундыі ў 627 годзе.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў з шляхецкага роду, сын Варнахара II, маярдома Бургундыі, ад яго невядомай паводле імя першай жонкі. За валадараньнем бацькі атрымаў уплыў у Бургундыі, а па яго сьмерці ў 626 або 627 годзе стаў маярдомам каралеўства, але няма пэўных зьвестак, ці атрымаў пацьверджаньне гэтага ад караля франкаў Хлётара II.
Кароль, напэўна, з падазрэньнем ставіўся да практыкі атрыманьня ў спадчыну пасады маярдома. Таму, скарыстаўшыся шлюбам Годына і яго мачыхі Бэрты, каб утаймаваць празьмерна незалежнага ўрадніка, бо той парушыў царкоўнае правіла, кароль загадаў Арнабэрту, мужу сястры Годына, арыштаваць або забіць яго[1]. Урэшце, Годын мусіў уцякаць з Бургундыі ў горад Туль, а потым у Шартар. Тут ён зьвярнуўся за пасярэдніцтвам да аўстразійскага караля Дагабэрта I. Хлётар II на просьбу свайго сына паабяцаў Годыну прабачэньне, калі той адмовіцца ад шлюбу з Бэртай. Неўзабаве, нягледзячы на прысягу Годына на вернасьць манарху, яго вераломна забілі каралеўскія салдаты[2].