Перайсьці да зьместу

Гнаявоз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гнаявоз
Клясыфікацыя
ЦарстваГрыбы
ТыпBasidiomycota (Базыдыёміцэты)
ПарадакAgaricales — Агарыкальныя
СямействаCoprinaceae — Гнаевіковыя
РодCoprinus — Гнаявік
Бінамінальная намэнклятура
Coprinus atramentarius Fr.

Гнаяво́з (па-лацінску: Coprinus atramentarius)

Шапачка 3-8 см у дыямэтры, з пачатку яйкападобная, потым падобная да званочка, шэра-карычневая, у цэнтру больш цёмная, з дробнымі бурымі лускавінкамі. Мякаць белая, хутка цямнее, пасьля пасьпяваньня расплываецца. Ножка 5-12×0,5-1,6 см, цыліндрычная, пустая, гладкавалакністая, з калцаватым паяском у ніжняй частцы (часам і безь яго), белая. Капратрофны, гумусавы сапратроф.

Ядомы ў маладым стане, да пачарненьня тканкі.

Расьце па ўсей Беларусі. Пашырны ў Эўразіі (краіны Зах. Эўропы, Балтыі, Беларусь, эўрап. частка Расеі, Украіна, Малдова, Закаўказьзе, Урал, Казахстан і Сярэдн. Азія, Зах. і Усх. Сыбір, Далёкі Ўсход), Афрыцы, Аўстраліі, Паўн. і Паўдн. Амэрыцы. Геаграфічны элемэнт мультырэгіянальны. Тып арэалу касмапалітны[1]

Гнаявоз можа разглядацца адначасова як ядомы і атрутны, бо ён бясшкодны для цьвярозага чалавека, але выклікае атручваньне пры спалучэньні з алькаголем. Грыб утрымлівае рэчыва капрын, зь якога, у выніку мэтабалічных працэсаў у арганізьме чалавека, прадукуецца 1-амінацыкляпрапанол. Гэтае хімічнае спалучэньне блякуе раскладаньне ацэтальдэгіду — прамежкавага прадукту перапрацоўкі этанолу ў печані, таксычныя асаблівасьці якога адказныя, напрыклад, за абстынэнтны (пахмельны) сындром. Такім чынам, у выпадку спажываньня этанолу разам з гнаявозам, арганізм на некаторы час губляе магчымасьць мэтабалізаваць алькаголь да бясьпечных рэчываў, ацэтальдэгід накапліваецца — гэта і становіцца прычынай атручваньня.

  1. ^ Сяржаніна Г. Базідыяльныя грыбы Беларусі: Балетальныя, Агарыкалььныя, Русулальныя.. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — С. 271-272. — 1700 ас. — ISBN 5-343-01476-3