Герб Рэспублікі Саха (Якутыя)
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
11 студзеня 1991 г. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Якуцкай-Саха ССР прыняў пастанову «Аб конкурсе па дзяржаўных сымбалях Якуцкай-Саха ССР» (сьцяг, герб і гімн). Апошні тэрмін падаваньня прац на конкурс вызначылі 1 траўня 1991 г.
26—29 траўня 1992 г. адбылася 13 сэсія Вярхоўнага Савету, ужо Рэспублікі Саха (Якутыя), 12 скліканьня і сярод іншых было разгледжанае пытаньне — Аб праекце Закона «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Саха (Якутыя)».
1 чэрвеня 1992 г. у канфэрэнц-залі Нацыянальнай бібліятэкі РС(Я) адкрылася выстава эскізаў дзяржаўнай сымбаляў РС(Я). У малюнку герба шэраг аўтараў асноўнай постацьцю робяць сьцерха (жураўля), арла, сьвятое дрэва Аал Лук мас, а таксама пушных зьвяркоў, багацьце нетраў.
23 чэрвеня 1992 г. Урадавая камісія па дзяржаўнай сымболіцы РС(Я), абмеркаваўшы інфармацыю намесьніка старшыні ўрадавай камісіі К. К. Коркіна пра заключны этап конкурсных прац па дзяржаўнай сымболіцы, прыняла рашэньне пра вынясеньне на абмеркаваньне 14 сэсіі ВС РС(Я) праекты Дзяржаўнага герба ды Дзяржаўнага сьцяга РС(Я). Камісія даручыла дэпутату ВС РС(Я) доктару гістарычных навук, прафэсару В. М. Іванову, выступіць на хуткай сэсіі з дакладам па дадзеным пытаньні.
21—26 сьнежня адбылася 16 сэсія ВС РС(Я) 12 скліканьня дзе было разгледжанае пытаньне — Аб праекце Закона Рэспублікі Саха (Якутыя) «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Саха (Якутыя)».
Праект Дзяржаўнага герба РС(Я) быў прыняты на XVI сэсіі ВС РС(Я) XII скліканьня 26 сьнежня 1992 г. Зацьверджаны Геральдычнай радай пры Прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі. Занесены ў Дзяржаўны Рэгістар Расейскай Фэдэрацыі за № 182.
Нацыянальная інтэлігенцыя напачатку была ашаломленая «шасьціногім канём», бо пераважная большасьць якутаў нават не ведае дзе знаходзяцца вярхоўі Лены, і што такое «Шышкінскія пісаніцы». Прэса патлумачыла:
«Ён уяўляе сабою кола, у цэнтры якога малюнак старажытнага вершніка са сьцягам з наскальных малюнкаў ракі Лены, на фоне сонечнага дыска — шчыта, зьмешчанага ў апраўленьне з традыцыйным нацыянальным арнамэнтам у выглядзе сямі рамбічных крышталепадобных фігур і надпісамі „Республика Саха (Якутия)“ і „Саха Республиката“. У колеры фон малюнка герба — серабрыстага, вершнік — цёмна-чырвонага, апраўленьне — цёмна-блакітнага, арнамэнт і надпіс — белага колеру.
Зварот да старажытных вытокаў заканамерны. Гэтыя малюнкі — іх там каля 1000 — „захоўваюць“ скалы ля вёскі Шышкіна ў вярхоўях ракі Лены, яны адносяцца да VI—IX ст.ст. нашай эры. Гэта курыканскія малюнкі спадчына так званай курумчынскай культуры. Курыкане лічацца продкамі якутаў. Як народ, які прыйшоў з вярхоўяў Лены, якуты, верагодна, ішлі адтуль. Не выпадкова вельмі шмат малюнкаў вершнікаў. Галоўная адметная рыса гэтых малюнкаў — яны асабліва мірныя, там няма ніякіх войнаў, стрэл і г. д. Малююць яны паляваньне на жывёл, людзей на лодках, якія, мабыць, плылі па рацэ. Вершнік на гербе сымбаль аб’яднаньня людзей, народаў на сучасным этапе, якія жывуць у рэспубліцы. Пад гэтым сьцягам яны павінны аб’яднацца — аб’ядноўваць свае высілкі, сваю працу, веды і досьвед для забесьпячэньня сапраўднай дзяржаўнасьці рэспублікі. У гэтым і толькі ў гэтым сэнс.
Вершнік на першы погляд здаецца прымітыўна-простым. Але гэта толькі на першы погляд. Уважліва ўгледзеўшыся і глыбока ўдумаўшыся ў малюнак, бачыш і разумееш, што ён добра прадуманы. Вельмі выразна прамалявана постаць каня. Ягоны сілуэт вельмі падыходзіць, якуты заўсёды аддавалі перавагу сілуэтнаму, умоўнаму намаляваньню ў сваіх малюнках — гэта сілуэты на табакерках, зробленыя кончыкам нажа, разьбяныя аплікацыі з бяросты і г. д. Вельмі выразны і вершнік, сама яго пастава паказвае, што чалавек гатовы да нейкіх актыўных дзеяньняў, заклікальна высунуты сьцяг разьмешчаны як раз па залатым сячэньні ўсяго малюнка. Закон залатога сячэньня быў адкрыты значна пазьней, можа быць, праз тысячагодзьдзе, ён патрабуе матэматычнага вылічэньня, каб меншая частка ставілася да большай, як большая да закона. Але чуцьцё безназоўнага мастака старажытнасьці падказала яму, дзе павінен быць сьцяг. І сам сьцяг з трыма палосамі сымбалізуе аб’яднаньне плямёнаў. Вытанчана, у лепшых традыцыях размалёвак, выкананы і конь — ён дзіўна падобны на падобныя размалёўкі рускіх іконаў, старажытных храмаў. Галава каня на малюнку маленькая, вытанчаная, ногі тонкія, стройныя. Гэта дае моц самай постаці, яе тулаву. Калі чалавек сядзіць на такім каню, то гэта дае яму сілу. І яшчэ дэталь; гэты конь не бяжыць і ў той жа час не стаіць, у яго постаці адчуваецца нейкая ўнутраная дынаміка, энэргія руху. І гэта таксама сымбаль: наша рэспубліка павінна быць упэўнена ў сабе, у сваім сувэрэнітэце, разьвівацца не скачкападобна, а дынамічна, мерна, складна ісьці да працэсу. І ў гэтым сэнсе малюнак цалкам адказвае патрабаваньням сымбалю.
Малюнак герба, яго апраўленьне, каляровая гама, — гэта як бы злучнае зьвяно часоў, якое адлюстроўвае пераемнасьць пакаленьняў, культурнай спадчыны народу. Вярхоўным Саветам прыняты годны сымбаль дзяржаўнай улады рэспублікі».
Калі час зьняў напружанасьць, зьявілася больш ляканічнае тлумачэньне:
- «Цэнтральны элемэнт герба — старажытны наскальны малюнак, выяўлены ля вёскі Шышкіна (раён ракі Лены, вышэй г. Верхаленска, не даходзячы 18 км да сяла Качуг) у 1745 годзе. Наскальныя малюнкі адносяцца да VI—IX ст.ст. нашай эры і з’яўляюцца спадчынай народа курыкан, якія лічацца продкамі якутаў. Вершнік на гербе Рэспублікі Саха (Якутыя) сымбалізуе аб’яднаньне людзей, народаў, якія жывуць у рэспубліцы. Пад сьцягам маецца на ўвазе яднаньне племя і яго магутнасьць, улада і пачатак дзяржаўнасьці. Ромбападобны арнамэнт, які ўпрыгожвае апраўленьне, уласьцівы ўсім паўночным народам і адначасова нагадвае крышталікі аграненага дыямэнта, таксама своеасаблівага сымбалю Рэспублікі Саха (Якутыя). Акрамя таго, сем рамбічных крышталяў сымбалізуюць сем народаў, якія насяляюць край: якутаў, рускіх, эвенкаў, эвенаў, чукчаў, далганаў, юкагіраў. Сіні колер сымбалізуе пэўнасьць, шчырасьць і надзейнасьць, белы колер — чысьціню, а чырвонай охрай выкананы наскальныя малюнкі ў Шышкіна».
Аўтары герба: Восіпаў Апанас Мікалаевіч (1928 г. н.) — жывапісец, народны мастак СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі імя І. Е. Рэпіна, заслужаны дзеяч мастацтваў РС(Я), сапраўдны чалец Расійскай Акадэміі мастацтваў. Чалец Зьвязу мастакоў РФ; Парнікаў Васіль Сямёнавіч (1935 г. н.) — графік, заслужаны дзеяч мастацтваў РС(Я). Чалец Зьвязу мастакоў РФ; Ігнацьеў Уладзімер Нічыпаравіч (1948 г. н.) — графік, дызайнэр; Патапаў Інакенцій Апанасавіч (1932 г. н.) — мастацтвазнавец, кандыдат мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтваў РФ, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі РС(Я) імя П. А. Айунскага, чалец-карэспандэнт Расійскай Акадэміі мастацтваў. Чалец Зьвязу мастакоў РФ.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Государственный Герб Республики Саха (Якутия). // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. С. 16-17.
- Якутия: хроника, факты, события. Книга четвертая. Часть 1. 1990—1996 гг. Якутск. 2007. С. 43, 139, 141, 145, 175.