Перайсьці да зьместу

Гатычны раман

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фонтгілскае абацтва — рэзыдэнцыя ў гатычным стылі, збудаваная Ўільямам Бэкфардам, аўтарам гатычнага рамана «Ватэк» (1787). Сучасьнікі параўноўвалі яго з дэкарацыямі гатычнага рамана.

Гатычны раман (па-ангельску: Gothic novel) — папулярны жанр літаратуры эпохі рамантызму, адно з характэрных праяўленьняў гатычнага кірунку у мастацтве Новага часу.

Гатычны раман — твор, заснаваны на прыемным пачуцьці жаху чытача, рамантычны «чорны раман» у прозе з элемэнтамі звышнатуральных «жахаў», таямнічых прыгодаў, фантастыкі і містыкі (сямейныя праклёны і прывіды). Разьвіваўся збольшага ў англамоўнай літаратуры. Гэта папярэднік сучасных «жахаў». Назва — ад архітэктурнага стылю готыка (дзеяньне раманаў звычайна разьвіваецца ў старых гатычных замках). Аднак, паводле здагадкі пісьменьніцы Маргарэт Дрэбл, тэрмін Gothic першапачаткова ўжываўся ў значэньні «сярэднявечны», як у падзагалоўку рамана «Замак Атранта», дзеяньне якога адбываеццаў Сярэднявеччы (Castle of Otranto, a Gothic Tale).