Вікіпэдыя:Абраныя артыкулы/2009-04
Ордэн базылянаў сьвятога Язафата, таксама Закон базылянаў сьвятога Язафата, скарочана базыляны (па-лацінску: Ordo Вasilianus Sancti Josaphat) — каталіцкі ордэн (закон) усходняга абраду. Прытрымліваецца статуту, складзеным сьвятым Васілём Вялікім. Ордэн узьнік пасьля заключэньня Берасьцейскае уніі ў 1596 з праваслаўных манахаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітае, якія набылі сваю ордэнскую арганізацыю. Дзейнасьць ордэну спрыяла пераходу ўва каталіцтва ўсходняга абраду праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1607 Язэп Руцкі й Язафат Кунцэвіч пачалі выхаваўчую працу ў падначаленым першаму Віленскім Траецкім манастыры. У 1622 у Кангрэгацыі было 13 манастыроў, у 1648 — 39. У 1744—1748 у Літоўскай правінцыі існавала 66 манастыроў з 446 манахамі, у Польскай — 122 манастыры і каля 650 манахаў. Апроч таго непасрэдна кіеўскаму мітрапаліту падначальвалася асобная Супрасьлеўская архімандрыя з 2 рэзыдэнцыямі і 30 манахамі. На 2006 у сьвеце налічваўся 601 манах-базылянін, 303 зь іх працавалі ва Ўкраіне. Узначальвае Закон протаархімандрыт Васіль Коўбеч. Ордэн кіруе дзьвюма вялікімі сэмінарыямі ў Бучачы (Украіна) і Прудэнтаполісе (Бразылія).