Вясьлярны слалам
Вясьля́рны сла́лам — дысцыпліна веславаньня на байдарках і каноэ, пераадоленьне на хуткасьць разьмечанай варотамі дыстанцыі: участку парожыстай ракі ці штучнай трасы (хуткасьць струменя вады павінная быць ня менш за 2 м/с).
У залежнасьці ад даўжыні дыстанцыі, колькасьці варот, хуткасьці плыні й да т. п. трасы падзяляюцца на 5 катэгорыяў цяжкасьці. Спаборніцтвы праводзяцца на трасах даўжынёй 250—400 м з 18-25 варотамі й цяжкасьцю, як правіла, не вышэй за 3-ю катэгорыю.
Вароты складаюцца зь дзьвюх тычак, якія зьвісаюць з гарызантальна нацягнутага тросу, афарбаваных у бела-зялёны («прамыя вароты» — павінныя праходзіцца па плыні) ці бела-чырвоны («зваротныя вароты» — павінныя праходзіцца супраць плыні) колеры. Вароты нумаруюцца ў парадку іх мінаньня (нумары паказаныя на адмысловых таблічках над варотамі). За мінаньне варотаў з памылкамі да выніковага часу дадаецца штраф:
- 2 с — за няправільнае мінаньне з дотыкам тычак лодкай, вяслом ці любой часткай цела;
- 50 с — за пропуск варотаў, мінаньне варотаў у няправільным кірунку ці ў перакуленым становішчы.
Спаборніцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьвеце разьвіцьцём вясьлярнага слаламу займаецца Міжнародная фэдэрацыя каноэ (па-ангельску: International Canoe Federation - ICF). Першыя спаборніцтвы, прызнаныя ICF, былі праведзеныя ў 1933 годзе на рацэ Ары у Швайцарыі. Першы чэмпіянат сьвету адбыўся ў 1949 годзе. У праграму Алімпійскіх гульняў вясьлярны слалам уваходзіў у 1972 годзе, пасьля чаго быў выключаны; ізноў уключаны з 1992 году.
Афіцыйныя спаборніцтвы праводзяцца ў наступных класах лодак:
- K-1М (байдарка-адзіночка) мужчыны
- K-1Ж (байдарка-адзіночка) жанчыны
- C-1 (каноэ-адзіночка) мужчыны
- C-2 (каноэ-двойка) мужчыны
- C-1 (каноэ-адзіночка) жанчыны — уключаныя ў праграму чэмпіянатаў сьвету з 2010 году.
Таксама праводзяцца камандныя гонкі ў кожнай клясе (каманда складаецца з 3 экіпажаў).
На Алімпійскіх гульнях праводзяцца толькі асабістыя заезды ў 4 клясах лодак.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вясьлярны слалам на сайце ICF (анг.)
- Афіцыйная правілы ICF(недаступная спасылка) (анг.) — прынятыя ў 2005 годзе