Выпятрэньне
Выгляд
Выпятрэньне, парахненьне ці вывяваньне — сукупнасьць працэсаў разбурэньня горных парод пад узьдзеяньнем мэханічных, хімічных і біялягічных фактараў. Паводле асяродзьдзя, выпятрэньне падзяляецца на атмасфэрнае і падводнае (гальміроліз).
Існуюць наступныя віды выпятрэньня паводле агентаў:
- фізычнае: пры якім раздрабляюцца часьціцы горных парод і не адбываецца зьмена іх хімічнага складу.
- разбурэньне парод пры неадначасовым пашырэньні і звужэньні мінэралаў цягам сутак. Гэты від фізычнага выпятрэньня пераважае ў раёнах зь вялікай сутачнай амплітудай тэмпэратур (напрыклад, у пустэльнях).
- у паўночных раёнах пераважае марознае выпятрэньне, калі вада, трапляючы ў поры горных парод, замярзае там і ў выніку гэтага пашыраецца і разбурае пароды.
- суфозія — вымываньне часьціц парод грунтовымі водамі
- разбурэньне горных парод пад узьдзеяньнем ветру (эолавыя працэсы)
- хімічнае выпятрэньне, калі зьмяняецца хімічны склад горнай пароды з утварэньнем мінэралаў, больш устойлівых ва ўмовах зямной паверхні. Галоўнымі чыньнікамі хімічнага выпятрэньня зьяўляюцца атмасфэрнае паветра (якое акісьляе мінэралы і горныя пароды) і грунтовыя воды з распушчанымі ў іх салямі, лугамі і кісьлямі, якія ўступаюць у хімічныя рэакцыі з элемэнтамі, зь якіх складаюцца мінэралы.
- біялягічнае выпятрэньне, зьвязанае зь дзейнасьцю жывых арганізмаў (разьбурэньне парод каранямі дрэў, выдзяленьне актыўных рэчываў некаторымі мікраарганізмамі і г. д.).
Вынікам працэсу выпятрэньня зьяўляецца кара выпятрэньня, на аснове якой утвараюцца глебы. Выпятрэньне — важны чыньнік рэльефаўтварэньня.