Вацлаў Шукевіч
Вацлаў Шукевіч | |
1896 — ? | |
Месца нараджэньня | Аліта, цяпер Летува |
---|---|
Месца сьмерці | |
Прыналежнасьць | Расейская імпэрыя Другая Рэч Паспалітая |
Род войскаў | пяхота, артылерыя |
Гады службы | 1916—1921 |
Званьне | капітан |
Камандаваў | Самаабарона Лідзкай зямлі, 5-я Лідзкая дружына, Лідзкі батальён стралкоў, батарэя коннай артылерыі пры 13-м палку ўланаў, маторны дывізіён 1 артпалка легіёнаў, 1-я батарэя 15 полка палявой артылерыі |
Узнагароды | Крыж храбрых |
Вацлаў Шукевіч (1896, Аліта — ?) — польскі вайсковы дзеяч, заснавальнік і кіраўнік Самаабароны Лідзкай зямлі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1896 г. у м. Аліце. Паходзіў са старой польскай сям’і, якая з 17 стагодзьдзя асела на Віленшчыне. Яго дзед Томаш удзельнічаў у паўстаньні 1863 году ў якасьці сябра паўстанцкага камітэту ў Лідзе, за што расейскім урадам быў асуджаны на выгнаньне. Вацлаў Шукевіч пачаў вучобу ў Вільні, потым скончыў Корпус марскіх кадэтаў у Пецярбургу. Не жадаючы служыць у расейскім войску, у 1914 годзе паступае ў Пецярбурскі політэхнічны інстытут, адкуль, аднак, у 1916 годзе быў прызваны ў расейскую армію, заканчвае афіцэрскую школу артылерыі ў Адэсе і выяжджае на фронт, дзе, удзельнічаючы ў розных бітвах, служыць да бальшавіцкага перавароту. У расейскай арміі атрымлівае званьне падпаручніка.
Пасьля падпісаньня Берасьцейскага міру адзін зь першых нелегальна пехатой прабіраецца зь Менску ў Ліду, дзе ўвосень 1918 г. пачынае работу па арганізацыі лідзкай Самаабароны.
У польскім войску быў першым камандзірам 5-й лідзкай дружыны і лідзкага батальёна стралкоў, у канцы 1919 г. пераходзіць зь пяхоты ў артылерыю, арганізоўвае батарэю коннай артылерыі пры 13-м палку ўланаў, потым служыць на фронце ў якасьці інструктара па францускіх гарматах пры маторным дывізіёне 1 артпалка легіёнаў і камандзірам 1-й батарэі 15 палка палявой артылерыі.
Пасьля заканчэньня польска-расейскай вайны быў узнагароджаны «Кшыжэм Валечных», звальняецца з войска, заканчвае Варшаўскую палітэхніку, спэцыялізуецца як інжынэр-хімік у ваеннай прамысловасьці, праводзячы дасьледаваньні ў краіне і за мяжой для атрыманьня розных новых важных для абароны краіны прадуктаў.
Доўга знаходзіўся ў запасе ў званьні капітана і ў якасьці старшага ад’юнкта Хімічнага дасьледчага інстытуту ў Варшаве зьяўляўся кіраўніком лябараторыі арганічнага аддзела гэтага ж інстытуту.