Перайсьці да зьместу

Васіль Качурка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль Качурка
Дата нараджэньня 27 верасьня 1950(1950-09-27) (74 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Месца працы
Навуковая ступень доктар сельскагаспадарчых навук[d]
Узнагароды

Васі́ль Іва́навіч Качу́рка (27 верасьня 1950, в. Стрыі, Кобрынскі раён, Берасьцейская вобласьць) — беларускі навуковец у галіне расьлінаводзтва. Доктар сельскагаспадарчых навук (2003), прафэсар (2003). Акадэмік Беларускай інжынэрнай акадэміі (2005), Міжнароднай акадэміі пэдагагічнай адукацыі (2009), Акадэміі эканамічных навук Украіны (2014). Рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (2004—2021).

Нарадзіўся ў вёсцы Стрыі Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. У 1967 годзе скончыў Мінянскую сярэднюю школу Кобрынскага раёну. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію (спэцыяльнасьць «Аграномія», 1973; асьпірантура, 1980; дактарантура, 2002).

Працаваў у калгасе імя Я. М. Сьвярдлова Горацкага раёну (1973—1976, галоўны аграном), на экспэрымэнтальнай базе «Пагодзіна» (1976—1983, дырэктар), у Магілёўскім аблвыканкаме (1983—1984, першы намесьнік начальніка ўправы сельскай гаспадаркі), Магілёўскім абкаме КПБ (1984—1985, намесьнік загадчыка аддзелу сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці), Крычаўскім гаркаме КПБ (1985—1990, першы сакратар), Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (1990—2004, агранамічны факультэт, дацэнт катэдры расьлінаводзтва, з 1993 — дэкан факультэту). З 2004 па 2021 гады працаваў рэктарам Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Навуковыя інтарэсы: распрацоўка і ўкараненьне энэргазьберагальных тэхналёгій вырошчваньня збожжавых і зернебабовых культур (азімае і яравое трыцікале, азімая пшаніца, ячмень, соя), якія забясьпечваюць высокую ўраджайнасьць зерня з высокімі тэхналягічнымі паказчыкамі.

Званьне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2015), мэдаль «За працоўныя заслугі» (2009), граматы Савету Міністраў (2000), Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці (2000), Міністэрства адукацыі (2010) Рэспублікі Беларусь, ЦК Беларускага прафэсыйнага саюзу работнікаў адукацыі і навукі (2009), Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2019) і інш[1].