Ван-Дымэн (затока)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ван-Дымэн на мапе

Ван-Ды́мэн (па-ангельску: Van Diemen Gulf) — затока ў паўночнай частцы Аўстраліі, разьмешчаная паміж паўвостравамі Арнэм-Лэнд, Кобэрг і востравам Мэлвіл. У заходняй частцы злучаецца пратокай Кларэнс з затокай Бігл, якая ёсьць часткай Тыморскага мора. У паўночнай частцы (паміж паўвостравам Кобэрг і востравам Мэлвіл) злучаецца пратокай Дандас з Арафурскім морам. Агульная плошча затокі складае каля 14 тысяч км². У затоку ўпадаюць рэкі Мэры, Адэлэйд, Саўт-Алігейтар, Іст-Алігейтар.

Затоку адкрыў у 1644 годзе галяндзкі падарожнік Абэл Тасман, які назваў яе ў гонар Антоні ван Дымэна, генэрал-губэрнатара галяндзкіх калёніяў у Ост-Індыі. У 1802 годзе затоку дасьледаваў брытанскі мараплаўца Мэт'ю Фліндэрс[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Van Diemen Gulf (анг.). Encyclopædia Britannica Online. Праверана 29 студзеня 2009 г.