Перайсьці да зьместу

Вайна ў Абхазіі (1992—1993)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мапа вайсковых дзеяньняў у жніўні — кастрычніку 1993 году

Вайна ў Абхазіі — узброены канфлікт у межах Грузіі, які адбываўся ў 1992—1993 гадах.

Прычынай канфлікту стала імкненьне абхаскай палітычнай эліты да незалежнасьці і аддзяленьня ад Грузіі, што адпрэчвала грузінская палітычная эліта. З абхаскага боку акрамя мясцовых вайсковых аддзелаў ваявалі таксама добраахвотнікі з Паўночнага Каўказу (перш за ўсё чачэнцы, інгушы і кабардынцы). Фармальна нэўтральная Расея адкрыта дапамагала абхаскаму боку вайсковай тэхнікай, расейскія войскі ўдзельнічалі ў аблозе Сухумі 1993 году. Вайна завяршылася ваеннай паразай Грузіі, што азначала страту кантролю над рэгіёнам, які фактычна стаў цалкам кантраляваным Расеяй.

Падчас вайны абодва бакі зьдзяйсьнялі злачынствы супраць мірнага насельніцтва. З прычыны паразы грузінскіх войскаў Абхазію пакінула каля 250 тысячаў этнічных грузінаў.

14 траўня 1994 году грузінскі і абхаскі бакі падпісалі ў Маскве «Пагадненьне аб спыненьні агню і разьяднаньні сіл», выпрацаванае ў рамках Жэнэўскіх перамоваў па ўрэгуляваньні канфлікту, якія праходзілі пад кіраўніцтвам Адмысловага пасланьніка Генэральнага сакратара ААН. На падставе гэтага дакумэнту і наступнай пастановы Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД у зоне канфлікту з чэрвеня 1994 году былі разьмешчаныя Калектыўныя сілы СНД па падтрыманьні міру (цалкам укамплектаваныя расейскімі вайскоўцамі), у задачу якіх уваходзіла падтрыманьне рэжыму неаднаўленьню агню. Адначасова для назіраньня за ажыцьцяўленьнем Пагадненьня і дзейнасьцю міратворчых сіл СНД на тэрыторыі Абхазіі была разгорнутая Місія ААН па назіраньні ў Грузіі (МААННГ), якая дзейнічала да 15 чэрвеня 2009 году.