Перайсьці да зьместу

Біялягічная зброя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Знак біялягічнай небясьпекі, які выкарыстоўваецца дзеля абазначэньня біялягічнай зброі.

Біялягі́чная збро́я — адзін зь відаў зброі масавага паражэньня, які карыстаецца паражальнымі фактарамі біялягічных агентаў і рэчываў. Акрамя жывых або здольных да рэплікацыі патагенаў, да біялягічных агентаў таксама стасуюць таксіны і біятаксіны. На сёньня апісана і вывучана больш за 1200 розных тыпаў патэнцыйна прыдатных для ўзбраеньня такой зброяй біяагентаў, і экспэрты мяркуюць, што ў будучыні стане мажлівым стварэньне новых тыпаў біялягічнай зброі.

Некаторыя біялягічныя агенты здольныя шкодна ўплываць на здароўе чалавека ў розных формах, пачынаючы ад адносна лёгкіх алергічных рэакцыяў да цяжкіх мэдычных станаў, улучна з сур’ёзнымі траўмамі, цяжкай або сталай інваліднасьцю ці сьмерцю. Шмат якія з гэтых арганізмаў шырока распаўсюджаныя ў прыродным асяродзьдзі ў вадзе, глебе, расьлінах або жывёлах[1]. Біяагенты могуць быць прыстасаваныя да ўзбраеньня, каб зрабіць іх лягчэйшымі для выкарыстаньня або распаўсюду. Генэтычная мадыфікацыя можа ўзмацняць іхныя паралюшныя або сьмяротныя ўласьцівасьці або рабіць іх устойлівымі да звычайных сродкаў лячэньня і прафіляктыкі. Паколькі многія біяагенты хутка размнажаюцца і патрабуюць мінімальных рэсурсаў для распаўсюду, яны ўяўляюць патэнцыйную небясьпеку[1].

Канвэнцыя аб забароне біялягічнай зброі 1972 году ёсьць міжнароднай дамовай, якая забараняе распрацоўку, выкарыстаньне або назапашваньне біялягічнай зброі. У сакавіку 2021 году лік дзяржаваў, якія ўхвалілі гэтую дамову, сягаў 183-х[2]. Аднак біяагенты шырока дасьледуюцца ў абаронных і мэдычных мэтах на розных узроўнях біялягічнай бясьпекі і ў адмысловых біяабарончых лябараторыях ва ўсім сьвеце. У нефармальным скароце ангельскіх назваў відаў зброі масавага паражэньня (англ. «ABC») азначаецца літарай «B».

  1. 1 2 Biological Agents. United States Department of Labor: OSHA.
  2. Disarmament Treaties Database: Biological Weapons Convention. United Nations Office for Disarmament Affairs. Архіўная копія ад 03.03.2013 г.