Бэрсэрк (манга)
Бэрсэрк (па-японску: ベルセルク) — манґа японскага манґакі Кэнтаро Міюра ў жанры цёмнае фэнтазі.
Гісторыя стварэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1988 годзе Кэнтаро Міюра стварыў кароткую гісторыю, якую лічаць прататыпам Бэрсэрка.
Першыя разделы арыґінальнай манґі былі створаны ў 1989 годзе. Манґа выходзіла да скону аўтара.
Структура манґі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Манґа структурна падразьдзяляецца на разьдзелы, кнігі, аркі і часткі. Самая вялікая структурная адзінка — гэта арка. У адну арку ўваходзіць мноства разьдзелаў, яна таксама можа складацца зь некалькіх частак, з адносна незалежнымі сюжэтамі, якія падпарадкоўваюцца агульнаму дзеяньню аркі. На гэты момант самая маленькая арка — "Чорны мечнік". Яна ўключае ў сябе дзьве першыя кнігі цалкам і тры разьдзела з трэцяй кніг . Наступная арка "Залаты век" працягваецца з чацьвёртага разьдзела трэцяй кнігі да трэцяга разьдзела чатырнаццатай кнігі. Гэтыя аркі не падзяляюцца на часткі. Апісанныя ў іх падзеі амаль цалкам былі экранізаваныя ў анімэ "Бэрсэрк" зь невялікімі зьменамі.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Манґа апавядае гісторыю і прыгоды Гатса — неверагоднага майстра мяча. Дзеяньне адбываецца ў сьвеце падобным на эпоху Сярэднявечча, аднак таксама ёсьць элемэнты, якія нагадваюць Рэнесанс. Зьмяшэньне розных пэрыядаў гісторыі было зроблена аўтарам наўмысна. Асноунае месца дзеяньня — каралеўства Мідлянд. Аднак некаторыя падзеі разгортваюцца і за яго межамі. Гісторыя манґі пачынаецца ў часы Стагадовай Вайны — вайны паміж каралеўствам Мідлянд і імпэрыяй Тудор. Галоўны гэрой — Гатс далучаецца да атраду наймітаў "Банда Сокала" пад кіраўніцтвам амбіцыёзнага й таленавітага палкаводца й лідара Грыфіта. Так Гатс аказваецца ўцягненым у дзіўныя падзеі, якія зьмяняюць яго жыцьцё.
Месца дзеяньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падзеі разгортваюцца ў выдуманным сьвеце, які нагадвае Эўропу Сярэднявечча, хоць прысутнічаюць і наўмысна ўведзеныя аўтарам элемэнты зь іншых эпох. Асноўныя падзеі разгортваюцца ў каралеўстве Мідлянд і вакол яго. Мідлянд уяўляе сабой манархію. У ім кіруе кароль, а грамадзтва пабудавана на фэўдальных адносінах. У іншых краінах ужо існуюць пачаткі буржуазных адносін. Мідлянд мяжуе з імпэрыяй Тудор і разам зь ёй зьяўляецца адной з самых моцных дзяржаў у рэгіёне. Гарамі Мідлянд аддзелены ад Кушаніі (кушанскай імпэрыі). Гэту краіну засяляюць людзі зусім іншай у параўнаньні зь Мідляндам і Цюдор расы, маюць іншую культуру й рэлігію. У Мідлянду, Тудор і іншых краінах гэтага рэгіёна распаўсюджана монатэістычная рэлігія, назоў якой пакуль не згадвалася.
Гісторыя Мідлянда
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тысячу год назад на месцы каралеўства Мідлянд існавала некалькі дзяржаў, якія былі абʼяднаныя імпэратарам Ґейзерыкам. Такім чынам узьнікла Мідляндзкая Імпэрыя. Аднак гэтая імпэрыя спыніла сваё існаваньне за адну ноч. Па леґендзе жорсткасьць імпэратара прывяла да таго, што зь неба спусьціліся анёлы (пяць ці чатыры) і зьнішчылі сталіцу імпэрыі. На месцы старой сталіцы, якая правалілася пад зямлю, пабудавана новая сталіца — Вындхейм. Лічыцца, што каралеўская сямʼя, якая кіруе Мідляндам, вядзе сваё паходжаньне ад імпэратара Ґейзерыка. За 100 год да пачатку падзеяў мангі імпэрыя Цюдор (дзяржава, якая мяжуе зь Мідляндам) пачынае вайну супроць апошняга, якая заканчваецца толькі з падзеямі, якія адбываюцца непасрэдна ў манзе. У Цюдор узьніклі спрэчкі з успадкоўваньнем трона, акрамя таго была страчана крэпасьць Далдрэй, якая лічылася непрыступнай. Усё гэта паслабіла пазыцыі Цюдор і паміж дзяржавамі быў заключаны мір. Асноўную ролю ў спыненьні вайны адыграў таленавіты палкаводзец Грыфіт і яго атрад. Аднак пасьля вайны становішча ў Мідляндзе было нестабільным. У краіне ўспыхнула эпідэмія, яшчэ большую дэстабілізацыю прынесла сьмерць Караля, які ня меў сыноў. Адначасова зь яго сьмерцю на Мідлянд напалі Кушаны й хутка захапілі яго сталіцу, хаця асобныя гарады працягвалі супраціўленьне. Краіны гэтага рэгіёну стварылі зьвяз з мэтай вызваліць землі Мідлянда ад кушанскіх захопнікаў. Асноўнай сілай саюза быў Цюдор. Супраціўленьне ўзьнікла й у самім Мідляндзе. Зь некаторага моманту важную ролю ў ім пачынае адыгрываць Грыфіт, які абʼядноўвае вакол сябе і сваёй новай Банды Сокала патрыятычныя сілы.