Перайсьці да зьместу

Беларускі рэвалюцыйны камітэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларускі рэвалюцыйны камітэт — беларуская антыпольская паўпадпольная арганізацыя.

Створаная ў лютым 1924 году ў Менску на аб’яднаўчым зьезьдзе камуністаў і эсэраў.

Мэтамі БРК было:

  • стварэньне шэрагу падпольных партызанскіх арганізацыяў
  • узьняцьце збройнага паўстаньня ў польскай Беларусі
  • далучэньне тэрыторыі Польшчы да Бугу і Нарвы ў склад БССР.

Арганізацыя пакрыла сеткаю сваіх «ячэек» Віленшчыну і Наваградчыну. Паўстанцка-дывэрсійныя аддзелы нападалі на польскія пагранічныя пасты, чыгуначныя станцыі, маёнткі асаднікаў. Плянаваліся падрывы мастоў і псаваньне чыгункі.

У партызанскіх атрадах на чале афіцэраў-беларусаў служылі беларускія, летувіскія і польскія камуністы і эсэры, а таксама простыя беларусы, незадаволеныя дзейнасьцю польскіх уладаў. Да падпольля далучылася шмат былых удзельнікаў Слуцкага паўстаньня.

Рыхтавалася паўстаньне (тэрмін якога, аднак, польская выведка ня выявіла), на дапамогу якому павінны былі прыйсьці вайсковыя атрады з тэрыторыі Савецкай Беларусі, Летувы і Латвіі. БРК мела стасункі з украінскай партызанкай[2].

Выкрытая польскімі ўладамі ў красавіку 1924 году.

  1. ^ Кароткі нарыс беларускага пытаньня: — Менск: І. П. Логвінаў, 2009. С. 215
  2. ^ Кароткі нарыс беларускага пытаньня: — Менск: І. П. Логвінаў, 2009. С. 215—218