Яўстах Севярын Сапега
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Яўстах Севярын Сапега (7 жніўня 1916 году ў Спушы каля Горадні — 2 сакавіка 2004 году ў Найробі, Кенія) — прафэсійны паляўнічы, паручнік кавалерыі Польскага Войска, гісторык роду Сапегаў.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў братам Яна Андрэя(pl), Льва Юрыя(pl) і Эльжбэты(pl).
Скончыў сярэднюю школу ў Пшчыне, дзе быў выхаванцам праф. Вацлава Іваноўскага. 19 верасьня 1934 году паступіў у школу падафіцэраў рэзэрву кавалерыі ў Грудзёнзу (Польшча). Навучаньне скончыў 15 ліпеня 1935 году і атрымаў званьне ўзводнага падхарунжага, быў накіраваны ў 2-і Полк грахоўскіх уланаў у Сувалках. Паступіў у Вышэйшую гандлёвую школу ў Антвэрпэне, адкуль перайшоў у 1938 годзе у Вышэйшую каланіяльную школу там жа.
У званьні падпаручніка кавалерыі прыняў удзел у верасьнёўскай кампаніі 1939 году ў складзе Сувальскай брыгады кавалерыі. Быў узнагароджаны Крыжом Валечных. З 1939 па 1945 знаходзіўся ў лягеры вайсковапалонных Oflag II C Woldenberg на тэрыторыи Нямеччыны (цяпер мястэчка Дабегнеў).
У апошнія месяцы вайны разам са сваім братам Львом уцёк ад наступаючай Чырвонай арміі: паколькі абодва былі арыстакратамі і сынамі польскага палітыка, мелі падставы баяцца рэпрэсіяў. Даехаў да Грабаў, дзе з дапамогай іншых польскіх вайсковапалонных захапіў стайні, дзе ўтрымліваліся таксама коні, скрадзеныя немцамі ў Польшчы. Там жа пазнаёміўся і ажаніўся з Антоніяй Марыяй Сяменскай.
У 1947 годзе зьехаў у Кенію, дзе займаўся гандлем мэталаломам, затым здабычай каштоўных камянёў, а таксама прафэсійным паляваньнем. Цягам 40 гадоў зьбіраў матэрыялы для манаграфіі пра гісторыю рода Сапегаў, якую выдаў у 1995 годзе пад назвай «Сапежынскі дом». Таксама напісаў аўтабіяграфію «Так было, або недэмакратычныя ўспаміны Яўстаха Сапегі», якая была выдадзеная ў 1999 годзе (ангельскамоўнае выданьне «The way it was», Nairobi 2006). Зьяўляецца суаўтарам разам з Паўлам Кардашам кнігі «Сафары. Паляваньне ва Ўсходняй і Паўднёвай Афрыцы», якая ўбачыла сьвет у 2000 годзе.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Біяграфія князя Яўстаха Севярына Сапегі (польск.)
- Stanisław Radomyski, Zarys historii Szkoły Podchorążych Rezerwy Kawalerii w Grudziądzu 1926-1939, Oficyna Wydawnicza „Ajaks”, Pruszków 1992, ISBN 83-85621-06-7, s. 68.