Асначы на Волзе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Асначы на Волзе

Асначы на Волзе
Мастак Ільля Рэпін
Год 1870—1873
Месцазнаходжаньне Дзяржаўны Расейскі музэй у Санкт-Пецярбургу, Санкт-Пецярбургу

Асначы на Волзе (па-расейску: Бурлаки на Волге) — карціна ўкраінска-расейскага мастака Ільлі Рэпіна (1844—1930), над якой ён працаваў з 1870 па 1873 год. Захоўваецца ў Дзяржаўным Расейскім музэі ў Санкт-Пецярбургу (інв. Ж-4056). Памер — 131,5×281 сантымэтраў (па іншых дадзеных — 132×283 см). Малюе чараду асначоў падчас транспартыроўкі барліны. Задума карціны ўзьнікла ў Рэпіна ў канцы 1860-х гадоў, падчас прагулкі на параходзе па Няве, якую ён зьдзяйсьняў разам з Канстантынам Савіцкім.

Для таго, каб адлюстраваць сапраўдных асначоў, у 1870 годзе Рэпін адправіўся ў паездку на Волгу разам з мастакамі Фёдарам Васільлевым і Яўгенам Макаравым, а таксама сваім малодшым братам Васілём. Пасьля вяртаньня з паездкі прывезеныя Ільлём Рэпіным работы былі паказаныя князю Ўладзіміру Аляксандравічу, які замовіў мастаку вялікую карціну па адным з эскізаў. Увесну 1871 года першая вэрсыя вялікага палатна «Асначы на Волзе» экспанавалася на штогадовай конкурснай выставе Таварыства заахвочваньня мастакоў у Санкт-Пецярбургу, дзе яна атрымала першую прэмію сярод твораў жанравага жывапісу. Пасьля выставы Рэпін працягнуў працу над палатном і ўнёс у яго шэраг істотных зьменаў. У 1872 годзе мастак зьдзейсніў яшчэ адну паездку па Волзе, падчас якой стварыў шэраг нарысаў, пасьля выкарыстаных для завяршэньня палатна «Асначы на Волзе». Акрамя таго, ён напісаў іншы варыянт карціны, вядомы пад назвай «Асначы, якія йдуць уброд».