Перайсьці да зьместу

Арган Гаманда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Арган Хаманда»)
Арган Гаманда

Арга́н Га́манда — электрычны клявішны музычны інструмэнт, які імітуе гучаньне клясычнага аргану мэтадам складаньня гармонікаў. Інструмэнт упершыню пабудаваны гадзіньнікавым майстрам Лорэнсам Гамандам у 1935 годзе ў Чыкага.

Гук у аргане Гаманда здабываецца з дапамогай мэталічных зубчатых колцаў, якія круцяцца пад магнітнымі гуказдымальнікамі. Калі насупраць магніту апынаецца зубец, ток у абмотцы максымальны, а на сярэдзіне прамежку між зубцамі ток падае да нуля. У выніку атрымваецца сыгнал сынусаідальнай формы. Складаючы сыгналы ад колцаў з рознай хуткасьцю кручэньня ды колькасьцю зубцоў, Гаманд стварыў тэмбр, досыць падобны на гучаньне духавога аргану. У сэрыйных мадэлях інструмэнту зьявіўся пульт дзеля дакладнай наладкі тэмбру, таксама было дададзена электрамэханічнае вібрата.

Спачатку арган Гаманда ўжываўся ў асноўным у цэрквах, як танная ды кампактная альтэрнатыва аргану клясычнаму. Аднак неўзабаве інструмэнт пачынаюць ужываць і джазавыя музыкі. У 1970-я гады арган Гаманда робіцца адным з асноўных інструмэнтаў у прагрэсіў-року. Пазьней гук інструмэнта пачалі вельмі дакладна імітаваць з дапамогай электронных сынтэзатараў, аднак дагэтуль арыгінальныя мадэлі аргана Гаманда цэняцца музыкамі.

Гурт Evanescence выкарыстоўваў арган Гаманда амаль на ўсіх песьнях са свайго альбому 2006 году The Open Door.