Перайсьці да зьместу

Апошняя даліна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Апошняя даліна
The Last Valley
Жанр прыгодніцкая драма
Рэжысэр Джэймз Клавэл
Сцэнарыст Джэймз Клавэл
Джон Барклай Пік
Прадусар Джэймз Клавэл
У ролях Майкл Кейн
Амар Шарыф
Кампазытар Джон Бары
Апэратар Норман Ўорвік
Джон Ўілкакс
Мантаж Джон Блум
Мастак Peter Mullins[d]
Вытворчасьць Cinerama Releasing Corporation
Распаўсюд Cinerama Releasing Corporation[d] і Netflix
Дата выхаду 1970
Працягласьць 128 хв.
Краіна Вялікабрытанія
ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $6 250 000[1]
Прыбытак $1 280 000[1]
Старонка на IMDb

«Апо́шняя далі́на» (па-ангельску: The Last Valley) — гістарычная драма 1970 року рэжысэра Джэймза Клавэла па матывах аднайменнага раману Джона Барклая Піка. Дзеяньне карціны адбываецца ў Трыццацігадовую вайну. У галоўных ролях зьнятыя Майкл Кейн (даводца банды наймітаў) і Амар Шарыф (настаўнік, што ратуецца ад гвалту, якім ахопленая тагачасная Нямеччына). Яны адначасна трапляюць у некранутую вайною даліну, у якой спакойна пражываюць пэўны час.

«Апошняя даліна» стала апошняй поўнамэтражкай, сфільмаванаю на шырокафарматную сямідзесяцімілімэтровую стужку, ажно да фільму «Барака», зьнятага праз 21 год.

«Капітан» (Майкл Кейн) ачольвае банду бязьлітасных наймітаў, якія зацікаўленыя толькі ў грашах незалежна ад вызнаньня таго, хто плаціць. Падчас адсутнасьці вайсковых дзеяньняў гэтыя людзі нападаюць на вёскі, гвалцяць і рабуюць жыхароў. Вогель (Амар Шарыф), былы настаўнік, спрабуе ўратавацца ад гібелі ў час усеагульных гвалтаў у паўднёва-цэнтральнай Нямеччыне. Ён уцякае ад войскаў Капітана і ў выніку трапляе на ідылічную горную даліну, некранутую вайной.

Капітан са сваёй бандай прыходзяць сьледам. Вогель пераконвае Капітана не паступаць як звычайна, аднак захаваць даліну і вёску, якая дасьцьім прыстанак і харчаваньне сярод усеагульнага голаду і разбурэньняў. Капітан вырашае, што ягоныя людзі сапраўды патрабуюць перадыху на зіму. Ён загадвае месьцічам, на чале якіх стаіць староста Грубэр (Найджэл Дэвэнпорт), падпарадкавацца. Мясцовы каталіцкі сьвятар (Пэр Оскарсан) разьюшаны, што сярод наймітаў ёсьць некалькі пратэстантаў (а да ўсяго яшчэ й атэістаў), аднак ён нічога ня можа зрабіць. Пасьля таго, як Капітан забівае аднаго са сваіх ваяроў за непадпарадкаваньне, астатнія забываюцца на ўсялякія рэлігійныя і этнічныя звады.

Сьпярша месьцічы згаджаюцца з такім жыцьцём. Грубэр прызначае Вогеля судзьдзём, каб разьвязваць спрэчкі між жыхарамі і жаўнерамі. Атрымаўшы ежу, жыльлё і абумоўленую колькасьць жанчын, найміты пакідаюць вяскоўцаў у спакоі. Гансэн (Майкл Готард) спрабуе згвалціць упадабаную дзяўчыну, пасьля чаго ўцякае ад Капітана і вяртаецца ў даліну з уласнай бандай наймітаў. У бітве ўся ягоная хеўра гіне, і на зіму даліна апынаецца ў зацішшы. Па зіме, аднак, жаўнеры зьбіраюцца сыходзіць. Капітан вырашае далучыцца да вайсковае кампаніі ў Верхняй Райнскай вобласьці на баку аднаго з вайскаводаў. Вогеля ён пакідае зь некалькімі ахоўнікамі, бо настаўнік баіцца, што ён тут таксама непажаданы госьць, і Грубэр можа яго забіць.

Пасьля сыходу Капітана жанчына, зь якой ён жыў у вёсцы, спайманая падчас вядзьмарства і закліканьня да сатаны. Сьвятар загадвае катаваць яе, а пасьля спаліць на слупе, пасьля чаго адзін з жаўнераў кідае ў гэты касьцёр і самога сьвятара. Тым часам Капітан з жаўнерамі ўдзельнічаюць у вялікай аблозе, дзе большасьць ягоных людзей гінуць. Капітан дабіраецца да даліны, дзе сустракае засаду зь вяскоўцаў, у якую трапіў і Вогель, спрабуючы ўцячы зь вёскі. Тут Капітан памірае ад ранаў, а Вогель зьнікае ў тумане.

Большая частка фільму была зьнятая ў Тыролі (Аўстрыя): у Трынсе, Гшніцы і Гшніцкай даліне.

Фільм далёка не акупіў свае выдаткі. Зарабіўшы на пракаце $1 280 000, выдаткі склалі $7 185 000[1].

  1. ^ а б в "ABC's 5 Years of Film Production Profits & Losses", Variety, 31 May 1973 p 3

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]