Аляксей Белеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Аляксей Станіслававіч (Сьцяпанавіч) Белеўскі (17 (29) сакавіка 1859, в. Шэды, Горацкі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя — верасень 1919, Іркуцк, Расея) — рэвалюцыянэр-народнік.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў маёнтку Шэды у шляхецкай сям’і заможнага землеўласьніка. З 1869 г. да 1874 г. вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, адкуль быў потым пераведзены ў Полацкі кадэцкі корпус, які скончыў ў 1876 г. і паступіў у Пятроўска-Разумоўскую земляробчую акадэмію. У Маскве ён знаёміцца праз А. Ёгансена з дваранкай Цьвярской губэрні Кацярынай Ёгансен, якая нарадзілася ў 1875 г. Белеўскі даваў ёй чытаць падыходзячыя для яе ўзросту кнігі ды ўсяляк апекаваў яе. У 1879 г. быў прыцягнуты да дазнаньня пры Маскоўскім жандарскім упраўленьні, якое праводзілася з 6 сакавіка 1879 г. па справе аб забойстве правакатара Рэйнштэйна, па абвінавачваньню ў імкненьні стварыць, разам з Люцэрнавым, Ігнацьцевым, Цьверыцінавым, Віктаравым, Гольдсьмітам і іншымі, «Цэнтральны распарадчы камітэт». Дазнаньнем было цалкам выяўлена прыналежнасьць яго да рэвалюцыйнай партыі. Па пагадненьню міністра ўнутраных справаў з шэфам жандараў у чэрвені 1879 г. ён быў высланы пад публічны нагляд паліцыі ў Валагодзкую губэрню. Хадайніцтвы яго і ягонай маці ў 1879 г. аб пераводзе з Валагодзкай губэрні на радзіму ў Горацкі павет было адхіленае. Пасьля непрацяглага знаходжаньня ў Волагдзе ў 1880 г. Белеўскі быў паселены ў г. Сольвычагодзку Валагодзкай губэрні. У красавіку 1880 г., за ўтойваньне ўцёкаў з Сольвычагодзку пяцёх паднаглядных, ён быў пераведзены ў горадзе Мезень Архангельскай губэрні. У 1881 г. разам зь некаторымі іншымі сасланымі, Белеўскі быў прыцягнуты да сьледзтва па справе аб нападзе на паліцэйскага служку, якога сасланыя выгналі са сваёй кватэры. З прычыны гэтага пастановай Асобай Нарады ад 12 кастрычніка 1881 г. Аляксей быў пакінуты пад наглядам паліцыі ў Архангельскай губэрні на 5 гадоў, а пастановай той жа нарады ад 3 лістапада 1881 г. пераведзены для адбыцьця тэрміну нагляду ў Заходнюю Сыбір і паселены ў г. Марыінску Томскай губэрні. Пастановай Асобай нарады ад 21 лютага 1884 г., з прычыны ягонага хадайніцтва і станоўчага водзыву томскага губэрнатара, яму дазволена было пераехаць на бацькаўшчыну ў Магілёўскую губэрню з пакіданьнем пад наглядам паліцыі і забаронай жыхарства ў Магілёве. У 1884 г. Белеўскі быў прыцягнуты да дазнаньня, якое ўзьнікла ў Ялутараўску (справа І. Беляўскага, Р. Лічкус і інш.), з прычыны выяўленьня ў г. Ялутараўску Табольскай губэрні ў Тэр-Маркозава калектыўнага лісту, дзе меўся і ягоны подпіс, адрасаванага «Калёніі ялутараўскіх паднаглядных» і які зьмяшчаў асуджэньне ўчынкаў ялутараўскіх сасланых з Муранавым. Але дазнаньнем не было выяўлена дадзеных да абвінавачваньня Белеўскага. Таму, па пагадненьню міністраў унутраных справаў і юстыцыі, ад 18 студзеня 1885 г., справа аб ім была спынена. У сьнежні 1884 г. ён быў вызвалены ад галоснага і падпарадкаваны негалоснаму нагляду паліцыі. Жыў у маёнтку Ждановічы Чавускага павету Магілёўскай губэрні дзе займаўся гаспадаркай. У кастрычніку 1886 г. Белеўскаму было дазволенае знаходжаньне ў Маскве, дзеля здачы іспытаў у Пятроўскай акадэміі, якія ён здаў у тым жа годзе, атрымаўшы ступень кандыдата. (Пазьней, у 1889 г. ён здаў іспыты на магістра сельскай гаспадаркі). У 1887 г. ён ўваходзіў у Маскве ў групу «Сацыялістаў-фэдэралістаў», зьяўляючыся ў ёй прадстаўніком ад Пятроўскай акадэміі. Быў рэдактарам першых двух нумароў лібэральна-народніцкай газэты «Самоуправление», якая друкавалася ў Жэнэве ў 1887—1889 гадах, у якой зьмясьціў некалькі сваіх артыкулаў. На маскоўскай кватэры Белеўскага адбываліся сходкі асоб, якія належалі да «Самоуправления». У 1888 г., пры правядзеньні дазнаньня па справе «Самоуправления», зьвярнулі ўвагу і на зносіны Белеўскага з рознымі асобамі, якія былі прыцягнуты да гэтага дазнаньня. У выніку чаго яму было забароненае жыхарства ў Маскве ды Цьверы.

Некаторы час Белеўскі часова выкладаў ў Горыгорацкім земляробчым інстытуце батаніку і садоўніцтва, на што была зьвернутая ўвага дэпартамэнту паліцыі. У маі 1890 г. пры вобыску ў эмігранта Б. Рэйнштэйна ў Парыжы прозьвішча Белеўскага было знойдзена ў ягоным нататніку. Таму Белеўскі ў 1890 г. быў прыцягнуты да дазнаньня пры Пецярбурскім жандарскім упраўленьні па справе аб «Санкт-Пецярбурскім тэрарыстычным гуртку». Утрымоўваўся пад вартай з 7 кастрычніка 1890 г. па 4 сакавіка 1891 г., пасьля чаго быў вызвалены пад залог у 1200 рублёў. Дазнаньнем ён быў выкрыты ў тым, што, не прымаючы прамога ўдзелу ў дзейнасьці рэвалюцыйнага згуртаваньня, ён аказваў садзейнічаньне ягоным сябрам, прадставіўшы ў 1883 г. у Маскве сваю кватэру дзеля сходаў, явак, жыхарства і спатканьняў сяброў згуртаваньня ды пад адрас для карэспандэнцыі, а таксама садзейнічаў перавозу з Масквы ў Пецярбург значнай колькасьці падпольных выданьняў. Пад час дазнаньня Белеўскі падаў у міністэрства ўнутраных справаў прашэньне, у якім, указваючы на свае прызнаньні пад час допыту, даўнасьць самога ўчынку, «бездакорныя» свае паводзіны ў далейшы час і цяжкі сямейны ды маёмасны стан, хадайнічаў аб зьмякчэньні долі. Па найвысачэйшаму загаду ад 22 студзеня 1892 г. ён быў падпарадкаваны публічнаму нагляду паліцыі па месцу жыхарства ў Магілёўскай губэрні на 3 гады.

У лютым 1893 г. Белеўскі хадайнічаў праз магілёўскага губэрнатара аб зьняцьці зь яго паліцэйскага нагляду. У сваім прашэньні ён зазначыў на свае ўжо немаладыя гады, сумны жыцьцёвы вопыт, цяжкія наступствы папярэдніх паводзінаў, якія сапсавалі яму навуковую кар’еру і стан ды выказваў шчырае жаданьне працаваць дзеля забесьпячэньня сваіх дзяцей. Магілёўскі губэрнатар, чавускі павятовы спраўнік, начальнік Магілёўскага жандарскага ўпраўленьня і Магілёўскі губэрнскі маршалак сьведчылі аб ягоных беззаганных паводзінах. Па найвысачэйшаму загаду ад 12 красавіка 1893 г., па дакладу міністра юстыцыі Белеўскі быў вызвалены ад публічнага нагляду паліцыі і, па распараджэньні дэпартамэнту паліцыі ад 11 траўня 1893 г,. падпарадкаваны непублічнаму паліцэйскаму нагляду з забаронай жыхарства ў сталіцах і іхніх губэрнях на працягу двух гадоў. Жыў у сваім маёнтку Кабанаўка Рэчыцкага павета Менскай губэрні.

Па маючым дадзеным ад траўня 1893 г. з ім вяліся перамовы адносна выданьня рэвалюцыйнага зборніка «Союз», прычым Белеўскі згаджаўся на рэдагаваньне і на матэрыяльную падтрымку прадпрыемства. Напрыканцы 1893 г. ён паступіў на пасаду губэрнскага земcкага агранома ў Ніжагародзкай губэрні. Праездам у Ніжні-Ноўгарад Белеўскі бачыўся ў Маскве з А. Ёгансанам ды ягонай сястрою Кацярынаю, якая ўжо мела па мужы прозьвішча Прэйс. Раньняе замуства не перашкодзіла ёй ўстаць на рэвалюцыйны шлях, які прывёў да адчужэньня ад мужа. З Масквы Белеўскі выехаў 7 лістапада 1893 году ў суправаджэньні маскоўскіх філёраў у Ніжні-Ноўгарад. Па распараджэньні дэпартамэнту паліцыі за ягонымі зносінамі і карэспандэнцыяй было ўстаноўлена зусім сакрэтнае назіраньне. У гэтым і наступных гадах Белеўскі зачаста наяжджаў з Менскай губэрні ў Пецярбург. Гэта быў час заняпаду народніцтва, бо моц ужо набіраў сацыял-дэмакратычны рух і ў гэты пераломны момант восеньню 1894 г. адрадзілася «Група нарадавольцаў», якая ўяўляла электычную сумесь народніцтва і марксізму. Ёй папярэднічала "Група нарадавольцаў, " якая ўзьнікла ў 1890 г. і ў якую ўваходзілі М. С. Аляксандраў (Альмінскі), К. М. Аляксандрава (Даўгова.), А. Ю. Фейт, А. А. Ергін, В. І, Браўдо (сын стацкага радцы г. Коўна.) ды інш. У красавіку 1894 г. гэтая група была выкрытая паліцыяй. Калі восеньню 1894 г. у Пецярбург вярнуліся А. Ергін ды В. Браўдо, якія пад час правалу адбывалі вайсковую павіннасьць, то са старых знаёмых сустрэлі толькі лекара Акадэміі Навук А. Фейта, які пазнаёміў А. Ергіна з К. Прэйс, слухачкаю вышэйшых жаночых курсаў. Кацярына была найбольш упартай у захаваньні старых нарадавольскіх традыцыяў і, асабліва, тэрору. Зразумела ж у 1894 г. у групу ўвайшоў і Белеўскі, які зрабіўся ў гэтай групе галоўным тэарэтыкам і галоўнай літаратурнай сілаю ды вёў барацьбу з тэрарыстычнымі тэндэнцыямі, выяўляючы схільнасьць да марксізму. Ён быў рэдактарам і аўтарам найважнейшых артыкулаў у № 3 і № 4 «Летучего Листка группы народовольцев», якія выйшлі ў 1895 г. У сваіх артыкулах Белеўскі выказваў погляды, якія ўяўлялі сумесь народніцкіх і напаўмарксісцкіх ідэяў.

У кастрычніку 1895 г. адбыўся пярэпалах, бо Прэйс доўга не вярталася з адной са сваіх звычайных паездак, таму і распаўсюдзілася чутка аб ейным арышце. У сьпешным парадку пачалі ліквідоўваць друкарню, але Прэйс неўзабаве зьявілася і друкарня працягвала сваю працу. Але ўсё ж на гэты раз Прэйс прыцягнула «хвост», бо філёры, пасьля таго як яна ў Маскве наведала паднаглядную тэрарыстычную групу Аленіна і Захлыстава, прапануючы ім зьдзейсьніць царазабойства, прасачылі яе да Пецярбурга. У траўні 1896 г. Белеўскі зьняў разам з К. Прэйс у дачным пасёлку Лахта, пад Пецярбургам, лецішча, якое знаходзілася ў адасобленым месцы, прапісаўшыся там пад чужымі пашпартамі, якія ім перадаў правакатар Гуровіч. На лецішчы была разьмешчаная партыйная друкарня. 24 чэрвеня 1896 г. ён быў арыштаваны пры выкрыцьцю друкарні паліцыяй. Кацярына на судзе сьцьвярджала, што гэта ёй удалося прыцягнуць на рэвалюцыйны шлях Белеўскага, але той яе бараніў, бо паказваў, што «тыя маральныя заахвочваньні, якія прывялі яе да супрацьпраўнай дзейнасьці, сустракалі ва мне поўнае спачуваньне і, мяркую, узмацніліся пад маім уплывам». Прыцягнуты да дазнаньня пры Пецярбурскім жандарскім упраўленьні Белеўскі ўтрымліваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасьці з 24 чэрвеня 1896 г. па 25 лістапада 1897 г., а затым быў пераведзены ў Дом папярэдняга зьняволеньня. Па найвысачэйшаму загаду ад 18 лістапада 1897 г. ён быў зьняволены на два гады, з залікам папярэдняга ўтрыманьня пад вартай, з наступнай высылкаю пад публічны нагляд паліцыі ва Ўсходнюю Сыбір на 8 гадоў. Пакараньне Белеўскі адбываў у Пецярбурскай адзіночнай турме, куды паступіў 25 лістапада 1898 г. У 1898 г. было задаволена хадайніцтва ягонай жонкі, хворай на сухоты, аб дазволу адбываць яму турэмнае зьняволеньне ў Маскве, куды ён быў пераведзены 9 сакавіка 1898 г. і быў зьняволены ў Маскоўскую цэнтральную перасыльную турму. Тэрмін зьняволеньня ў Белеўскага скончыўся 24 чэрвеня 1898 г. і месцам пасяленьня яму ва Ўсходняй Сыбіры была прызначаная Якуцкая вобласьць. З Краснаярску ён зьвярнуўся з прашэньнем аб пасяленьні яго ў адным месцы з Кацярынаю Прэйс. Па распараджэньні якуцкага губэрнатара Белеўскі павінен быў быць адпраўлены ў Калымскую акругу Якуцкай вобласьці, але з-за хваробы яго часова пакінулі ў Якуцку. М. С. Альмінскі (Аляксандраў), які з 1898 г. адбываў ссылку ў Алёкмінскай акрузе Якуцкай вобласьці, у 1899 г. зрабіў заяву перад калёніямі сасланых аб ганебных для сапраўднага рэвалюцыянэра паводзінах К. Прэйс на судзе, якая паслужыла падставаю для барацьбы з народнікамі, у прыватнасьці зь іхняй тактыкаю мірнага суіснаваньня з уладамі. Гэтую заяву, як ідэю, падхапілі ўсе сасланыя сацыял-дэмакраты і міжусобная барацьба ахапіла ўсе калёніі «якуцкай ссылкі», падзяліўшы яе напалову. Белеўскі, пераназначаны ў Верхаянск, выбыў з Якуцка 14 студзеня 1900 г. і 6 лютага 1900 г., разам з К. Прэйс, прыбыў туды. У Верхаянску ўжо кіпела вайна па «справе Прэйс». Белеўскі, абараняючы Прэйс, шалёна выступаў супраць сацыял-дэмакратаў і з-за гэтага адыходзіў ад «рэвалюцыйных» ідэяў. Гэтая барацьба прывяла да расколу Верхаянскай ссылкі. У Верхаянску ў Белеўскага 23 (25) жніўня 1900 г. нарадзілася дачка Яўгенія «прыжытая ад палітычнай паднагляднай Кацярыны Прэйс». У хуткім часе Белеўскі і Прэйс пабраліся законным шлюбам. У лістападзе 1900 г. ён, разам з Кацярынаю, хадайнічаў аб пераводзе яго ў Якуцк, з прычыны поўнай адсутнасьці ў Верхаянску заробка і мэдычнай дапамогі. Пераведзеныя ў Якуцк яны 10 красавіка 1900 г. пакінулі Верхаянск. Белеўскі ў Якуцку быў дапушчаны да заняткаў у радзе сельскагаспадарчага таварыства па распрацоўцы пляна барацьбы з кабылкай. У 1902 г. ён часова быў дапушчаны да выкананьня абавязкаў абласнога архітэктара. У тым жа годзе Белеўскі дамогся пераводу ў Енісейскую губэрню і 6 чэрвеня 1902 г. выехаў у Енісейск. Праяжджаючы па Якуцкім тракце праз Верхаленск ён даслаў ў іркуцкую газэту «Восточное обозрение» нататку з Верхаленска, падпісаўшы яе псэўданімам «Бњлорусъ». Не заяжджаючы ў Іркуцк Белеўскі праехаў з Якуцкага тракту прама на чыгунку праз Мікалаеўскі завод. У 1903 г. да Аляксея ў Енісейск прыехала і Кацярына. Пад час міністэрства Сьвятаполк-Мірскага, пасьля скарачэньня тэрміну выгнаньня згодна маніфэсту 11 жніўня 1904 г., Белеўскі быў вызвалены ад публічнага нагляду паліцыі без абмежаваньняў у выбары месца жыхарства. Ён заняўся літаратурнай дзейнасьцю, а свае творы пачаў падпісваць псэўданімам «Бѣлоруссовъ». Так у 1906 г. ён пад псэўданімам «Белоруссов» у Маскве надрукаваў кніжку успамінаў «Из пережитого», дзе ў нататцы «Дома» ёсьць гэткія словы:

«Імпэратар Мікалай І, праяжджаючы па Беларусі, назваў яе красуняй, але беспасажніцай. Калі ў першай палове вызначэньня быў лёгкі камплімэнт, то ў другой існая праўда для таго часу. Лапцюжная і сярмяжная Беларусь жыла ўся ў курных хатах і ведала толькі мякінны хлеб. І хоць на тэрыторыі Прыдняпроўя, як вядома, ў цараваньне ваяўнічага імпэратара ніякіх войнаў не вялося, тым ня менш мой бацька апавядаў мне, што яму даводзілася бачыць бароны ў рабоце, якія былі запрэжаны жанчынай і каровай, — як зараз у Манджурыі, па словах Неміровіча-Данчанкі. Калі пачалася пара рэформаў, Беларусі дакранулася толькі першая; лапцюжнікаў адпусьцілі на волю, але паклапаціцца пра ўмовы, спрыяльныя для назапашваньня „пасагу“, не пажадалі патрэбным. Па гэтаму прыгажуня абышлася безь земстваў, без школаў, без мэдыцыны. За блізкае знаёмства з каварнай Польшчай ёй давалі суворых губэрнатараў. І лупцавалі ж красуню! Пераважна за тое, што яна, спасылаючыся на сваю ўбогасьць, дрэнна спраўлялася з падаткамі; але ня толькі за гэта. Ігралі ролю і фальшывыя ідэі...» /С. 43-44/.

Ягоныя артыкулы ў 1906 г. зьявіліся ў выданьнях «Наша жизьнь», «Путь» ды «Час», а ў 1908 г. ў выданьні «Правда жизни». У 1908 г. уваходзіў у «Бюро садзейнічаньня, пры Галоўным Камітэце Сялянскага Саюзу» і быў арыштаваны па справе Сялянскага Саюзу, як адзін зь яго заснавальнікаў, а пасьля вызваленьня эмігрыраваў. Свае артыкулы ён дасылаў напачатку з Турэччыны, а потым з Парыжу, ў 1909 г. у выданьне «Лебедь» і «Вестник Европы», з 1913 г. у «Русское богатство» ды інш. Быў сталым карэспандэнтам, з 1915 г. кадэцкіх «Русских ведомостей». Дарэчы, ў ягонай кніжцы нарысаў «Париж» (Москва. 1914), знайшлося месца нарысу «Фэмэністкі», у якім ён апісвае «парыскае» каханьне графіні, якая «нарадзілася на берагах глыбокага Нёману» да беднага мастака «жыдзюкі» зь яе радзімы. Супрацоўнічаў у парыскіх выданьнях сацыялістычнага напрамку. У 1916 г. быў скарбнікам Таварыства расейскіх камбатантаў, якія ваявалі ва францускім войску. Актыўны чалец Касы палітычных эмігрантаў ў Расеі.

Вярнуўшыся ў Расею пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, Белеўскі выступіў, як рашучы контррэвалюцыянэр. 8-10 жніўня 1917 г. удзельнічаў ў нарадзе грамадзкіх дзеячоў ў Маскве. Ён уваходзіў у бюро буржуазна-памешчыцкага «Савета Грамадзкіх Дзеячаў», а ў 1918 г., як прадстаўнік падпольнага Маскоўскага Цэнтру («Правы Цэнтар»), выехаў на Дон, дзе ўваходзіў у «Савет» пры генэрале Карнілаве. Пад час «Дзяржаўнай нарады», якая адбылася 26 жніўня — 10 верасьня (8 — 23 верасьня) 1918 г. ва Ўфе, прадстаўнікоў абласных урадаў, антысавецкіх партыяў і прадстаўнікоў чэскага Нацыянальнага Савету па пытаньню аб стварэньні, замест абласных урадаў, адзінай «усерасейскай улады», ён увайшоў у склад часовага праўленьня «Нацыянальнага Саюза», які стаяў за аднаасобную дыктатуру. На ёй Белеўскі быў зарэгістраваны пад прозьвішчам Беларусаў. Затым пераехаў у Кацярынбург, дзе заснаваў газэту «Отечественные Ведомости», якая выходзіла з 1 студзеня да сярэдзіны ліпеня 1919 г. Удзельнічаў у палітычнай дзейнасьці пры А. Калчаку. Быў сябрам кадэцкай Партыі Народнай Свабоды. Падрыхтоўчая камісія пад яго кіраўніцтвам распрацоўвала пытаньне аб Усерасейскім Урадавым Сходзе ўстаноўчага характару і абласных прадстаўнічых устаноў. Былі выпрацаваны «Агульныя палажэньні», якія меркавалася пакласьці у падмурак будучага закону аб выбарах у Нацыянальны Устаноўчы Сход. У лютым 1919 г., пры паездцы на фронт, Калчак прыбыў у Кацярынбург, дзе да яго прыйшла дэлегацыя на чале з Белеўскім. Як успамінаў сябра ЦК Партыі Народнай Свабоды (канстытуцыйных дэмакратаў), былы намесьнік (таварыш) старшыні Абласнога Урада Уралу Л. А. Кроль: «Яна пайшла з прапановай аб тым, каб не падпарадкоўваць край і начальніка краю вайсковай уладзе, як гэта па чутках, практыкуецца. У выніку — адмірал стукаў кулаком па стале і крычаў, што грамадзянскія чыны паказалі сваю поўную непрыдатнасьць, хаця, напраўду, і сярод вайсковых мала людзей талковых, але гэтыя хоць дысцыплінаваныя, хоць слухаюцца... Бедны А. С. Беларусаў ня толькі атрымаў першае расчараваньне, але з ім, па прыходзе да хаты, здарыўся наймацнейшы сардэчны прыпадак, ад якога ён ня мог ачуняць некалькі дзён...» [Кроль Л. А. За три году. Воспоминания, впечатления, встречи. Владивосток. 1921 г.]. Белеўскі быў камандзіраваны ў Іркуцк дзеля высьвятленьня ўзаемаадносінаў з прадстаўнікамі саюзных дзяржаваў і там сканаў ад тыфу. Пахаваны на Ерусалімскім могілках у Іркуцку.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Верхоленск. // Восточное обозрение. № 234. Иркутск. 5 октября 1902. С. 3.
  • Аграрный вопрос в Якутской области. // Русское богатство. № 11. СПб. 1902. С. 91-115;
  • Земельный вопрос и национализация земли. Москва. 1906;
  • В поисках рациональной морали. (Письмо из Парижа). // Вестник Европы. № 9. Спб. 1912. С. 295-308;
  • Из пережитого. Москва. 1906;
  • Париж. Москва. 1914;
  • Франция. Москва. 1915.
  • Странички воспоминаний. // Свобода России. № 46, 48, 54, 58. Петроград. 1918;
  • Верховный правитель и демократия // Отечественные ведомости. 26 февраля 1919.
  • Шейне-Крейне. // Якутск вечерний. 14 июня (№23). Якутск. 2002. С. 26.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Личное дело адм. ссыльных Алексея Белевского и Прейс Е. на 17 листах. НА РС(Я). Ф. 25. Воп. 3. Спр. 50.
  • Венгеров С. Критико-биографический словарь русских писателей и ученых. (От начала русской образованности до наших дней). Т. 1 (вып. 1-3). Предварительный список русских писателей и ученых и первые о них справки. (2-е изд.). Петроград. 1915. С. 97;
  • Светлой памяти А. С. Белоруссова-Белевского. // Великая Россия. Томск. 3 октября 1919;
  • Гинс Г. К. Сибирь, союзники и Колчак. Поворотный момент русской истории. 1918-1920 гг. Т. 2. Пекин. 1921. С. 270-271;
  • Куделли П. Народовольцы на перепутье. Дело лахтинской типографии с приложением документов и «Летучих листков» группы народовольцев 1892 г. и 1895 г. Ленинград. 1925. С. 7, 10-11, 14, 17-23, 27-30, 33, 35, 108-109, 118-120, 134-134, 140-148;
  • Белевский Алексей Станиславович. // Большая Советская Энциклопедия. Т. 5. Москва. 1927. С. 421-422;
  • Ногін В. У краіне палярнага холаду. Менск. 1931. С. 155;
  • Белевский Алексей Степанович. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. 3. Восьмидесятые годы. Вып. 1. Москва. 1933. Стлб. 238-242;
  • Масанов И. Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1. Москва. 1956. С. 153;
  • Петряев И. И. Сотрудники «Восточного обозрения» и «Сибирских сборников» (1882-1906). Биобиблиографические материалы. // Попов И. И. Забытые иркутские страницы. Записки редактора. Иркутск. 1989. С. 348;
  • Попов И. И. Забытые иркутские страницы. Записки редактора. Иркутск. 1989. С. 10, 98, 99, 107, 373, 380;
  • Казарян П. Л. Верхоянская политическая ссылка (1861-1903 гг.). Якутск. 1989. С. 44, 55, 115, 140, 141, 172;
  • Ліўшыц У. Рэвалюцыянер і журналіст. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёну. Мінск. 1996. С. 83-84;
  • Казарян П. Л. История Верхоянска. Якутск. 1998. С. 94, 189;
  • Плотников И. Ф. Александр Васильевич Колчак. Исследователь, адмирал, Верховный правитель России. М. 2002. С. 130, 437, 627, 628, 684;
  • Баркоўскі А. Под псевдонимом Белорусов. // Якутск вечерний. Якутск. 14 июня (№ 23) 2002. С. 26;
  • Белевский Алексей Степанович. // Краткая Российская энциклопедия. Т. 1. Москва. 2003. С. 256;
  • Белевский Алексей Степанович. // Новая иллюстрированная энциклопедия. Т. 1. Москва. 2004.
  • Баркоўскі А. Пад псеўданімам Беларусаў. // Голас Радзімы. Мінск. 22 красавіка (№ 14-17) 2004. С. 24;
  • Архивы России о Якутии. Выпуск 1. Фонды Государственного архива Иркутской области о Якутии. Справочник. Отв. ред. проф. П. Л. Казарян. Якутск 2006. С. 128, 452./
  • Яковлев Э. М. «Якутские земские четырехгодичные сельскохозяйственные курсы объявляю открытыми». // Якутский архив. № 4. Якутск. 2008. С. 78.