Перайсьці да зьместу

Электронная музыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Telharmonium, Thaddeus Cahill 1897
Trautonium, 1928

Электронная музыка (ад анг. Electronic music, у простамоўі таксама «электроніка») — шырокі музычны жанр, які абазначае музыку, створаную з выкарыстаньнем электронных музычных інструмэнтаў. Хоць першыя электронныя інструмэнты зьявіліся яшчэ напачатку XX стагодзьдзя, электронная музыка як жанр разьвілася ў другой палове XX стагодзьдзя й на пачатак XXI стагодзьдзя ўключае дзясяткі разнавіднасьцяў.

Электронная музыка апэруе гукамі, якія ўтвараюцца пры выкарыстаньні электронных тэхналёгіяў і электрамэханічных музычных інструмэнтаў. Прыкладамі электрамэханічных музычных інструмэнтаў могуць служыць тэлармоніюм, арган Гаманда й электрагітара. Чысты электронны гук атрымліваюць, ужываючы такія інструмэнты як тэрмэнвокс, сынтэзатар і кампутар.

Электронная музыка першапачаткова асацыявалася толькі з заходняй акадэмічнай музыкай, але гэта зьмянілася са зьяўленьнем даступных па кошце электронных сынтэзатараў ў канцы 1960-х гадоў. Сынтэзатары праз свой умераны кошт сталі даступныя ня толькі буйным студыям гуказапісу, але таксама й шырокай публіцы. Гэта зьмяніла вобраз папулярнай музыкі — сынтэзатары сталі выкарыстоўваць шматлікія рок- і поп-артысты. З гэтага моманту электронная музыка стала звыклай часткай папулярнай культуры. У 1970-х гадох электронная музыка пачала аказваць значны ўплыў на папулярную музыку праз зьяўленьне такіх жанраў, як то дыска, краўт-рок, новая хваля, сынці-поп, гіп-гоп і EDM. У 1980-х гадох электронная музыка стала больш дамінуючай у папулярнай музыцы з большай залежнасьцю ад сынтэзатараў і выкарыстаньнем праграмуемых барабанных машын, як то Roland TR-808 і сынтэзатараў басу, такіх як TB-303. У гэтай жа дэкадзе набылі папулярнасьць лічбавыя тэхналёгіі для сынтэзатараў, у тым ліку лічбавыя сынтэзатары, як то Yamaha DX7. Група музыкаў і дзеячаў з музычнай сфэры распрацавалі лічбавы інтэрфейс MIDI. Сёньня электронная музыка ўключае ў сябе вялікую колькасьць розных стыляў ад экспэрымэнтальнай акадэмічнай музыцы да папулярнай электроннай танцавальнай музыкі. На сёньня поп-электронная музыка найбольш папулярна ў сьвеце й адносіцца да мэйнстрымавай музыкі ў адрозьненьне ад папярэдніх часоў, калі такая музыка спэцыялізавалася толькі на нішавых рынках[1].

  1. ^ Neill, Ben (2002). «Pleasure Beats: Rhythm and the Aesthetics of Current Electronic Music». Leonardo Music Journal. 12: 3–6. doi:10.1162/096112102762295052.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]