Перайсьці да зьместу

Швэдзкая Памяранія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Швэдзкая Памяранія на мапе швэдзкіх уладаньняў у 1658 годзе

Швэдзкая Памяранія (па-швэдзку: Svenska Pommern) — тэрыторыя на частцы Памяраніі, якую Швэцыя атрымала паводле Вэстфальскага міру 1648 году і захоўвала ў сваім складзе да 1815 году. У тэрыторыю ўваходзілі гарады Штральзунд і Грайфсвальд, а таксама востраў Руген, да 1720 году таксама горад Штэтын.

Падчас Трыццацігадовай вайны герцагства Памяранія стала месцам вядзеньня баявых дзеяньняў паміж войскамі швэдзкіх войскаў лютэранскага караля Густава II Адольфа і каталіцкіх войскаў Сьвятой Рымскай імпэрыі. Швэцыя, якая ўступіла ў вайну на баку лютэранскіх княстваў на поўначы Нямеччыны, у 1628 годзе заключыла хаўрус з горадам Штральзундам, які знаходзіўся пад аблогай імпэрскіх войскаў, пасьля чаго ў швэдаў зьявіўся апорны пункт для наступу ўглыб краіны. 10 ліпеня 1630 Швэцыя заключае «вечны хаўрус» зь герцагам памяранскім Багіславам (Багуславам) XIV і ў тым жа годзе швэдзкая армія ўсталёўвае поўны кантроль над тэрыторыяй герцагства. З гэтага моманту Густаў II Адольф становіцца фактычным кіраўніком Памяраніі.

У 1637 годзе Багіслаў памёр, не пакінуўшы спадчыньніка. У наступныя 11 гадоў кіраваньне вялося швэдзкай ваеннай адміністрацыяй. Вэстфальскі мір афіцыйна перадаў Швэцыі частку Пярэдняй Памяраніі. Агульная плошча швэдзкіх уладаньняў у Памяраніі склала каля 2000 км².

У наступныя дзесяцігодзьдзі Швэдзкая Памяранія неаднаразова падвяргалася нападам палякаў, аўстрыйцаў і брандэнбурцаў. У 1675—79 гадах была акупавана Даніяй і Брандэнбургам. Падчас Вялікай Паўночнай вайны была захоплена сіламі кааліцыі Даніі, Рэчы Паспалітай, Прусіі і Расеі. Паводле Стакгольмскай мірнай дамовы 1720 году Прусія атрымала большую частку выйграных швэдамі ў 1648 годзе тэрыторыяў. За швэдамі засталася толькі вобласьць плошчай у 700 км². Спробы вярнуць страчаныя тэрыторыі падчас Сямігадовай Вайны не ўвянчаліся посьпехам.

Швэдзкая Памяранія ў 1812 годзе

У эканамічным пляне ўладаньні ў Памяраніі не прыносілі Швэцыі даходу, а наадварот, патрабавалі фінансаваньня, напрыклад, на ўтрыманьне фартэцыі ў Штральзундзе і знаходжаньне войскаў у правінцыі ў цэлым. У канцы XVIII стагодзьдзя ў Швэдзкай Памяраніі пражывала прыкладна 100 000 чалавек, 2/3 зь якіх складалі прыгонныя сяляне. Меліся свае суды, а таксама Вярхоўны суд нямецкіх правінцыяў Швэцыі ў горадзе Вісмар. Мясцовая знаць мела вялікія прывілеі.

У 1807 г. падчас вайны чацьвёртай кааліцыі Францыя акупавала Пярэднюю Памяранію. Паводле Кільскага міру 1814 году Швэдзкая Памяранія была перададзеная Даніі, наўзамен на скасаваньне дацка-нарвэскай уніі і перадачы Нарвэгіі Швэцыі. У тым жа годзе былая швэдзкая тэрыторыя была перададзеная Прусіі, якая выплаціла і Швэцыі, і Даніі грашовыя кампэнсацыі. Швэдзкая Памяранія была затым уключаная ў склад прускай правінцыі Памяранія.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Швэдзкая Памяраніясховішча мультымэдыйных матэрыялаў