Перайсьці да зьместу

Хітын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Структурная формула малекулы хітыну

Хіты́н — азотазьмяшчальны поліцукрыд, упершыню вылучаны з вонкавых абалонак тарантулаў. Хімічная назва: полі-N-ацэтыл-D-глюкоза-2-амін.

Назва рэчыва «хітын» паходзіць ад грэцкага «хітон» («χιτών», тып вопраткі), што сымбалізуе ключавую ролю хітыну ў пабудове покрываў шматлікіх арганізмаў.

Гэта жорсткі паўпразрысты матэрыял, які зьяўляецца галоўным складнікам экзашкілета членістаногіх і прысутнічае ў клеткавых сьценках грыбоў. Хітын таксама вырабляецца ў арганізмах іншых жывых істотаў — разнастайных чарвякоў, кішачнаполасьцевых і іншых.

Хітын — адзін з найбольш распаўсюджаных у прыродзе полісахарыдаў: штогод на Зямлі вырабляецца і раскладаецца каля 10 гігатонаў гэтага рэчыва. Звычайна ў арганізмах, што вырабляюць і выкарыстоўваюць хітын, ён утрымліваецца не ў чыстым выглядзе, але ў комплексе зь іншымі полісахарыдамі і пратэінамі. Нягледзячы на тое, што хітын зьяўляецца рэчывам, вытворным ад цэлюлёзы, у арганізмах, што вырабляюць цэлюлёзу (расьліны, бактэрыі) хітын знайсьці не атрымалася.

У мэдыцыне хітын выкарыстоўваецца для паскарэньня загойваньня ранаў: пакрытае хітынам валакно, губкі і плеўкі скарачаюць час загойваньня ранаў на велічыню да 30%. Асабліва пэрспэктыўным ёсьць выкарыстаньне хітынавых матэрыялаў і інструмэнтаў з хітынавым пакрыцьцём пры лекаваньні апёкаў.

Акрамя таго хітын выкарыстоўваецца і ў касмэтычнай галіне як бясьпечны і не раздражняльны для скуры палімэрны напаўняльнік касмэтычных сродкаў.

У водным асяродзьдзі хітын выяўляе хэлятныя хімічныя ўласьцівасьці, дзякуючы чаму фільтры на аснове хітыну пасьпяхова выкарыстоўваюцца для ачысткі сьцёкавых вод ад аніённых забруджвальнікаў і такіх рэчываў як ДДТ і поліхлёрбэнзолы.