Хвалісты папуга
Хвалісты папуга | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы (Animalia) |
Тып | Хордавыя (Chordata) |
Кляса | Птушкі (Aves) |
Атрад | Папугаепадобныя (Psittaciformes) |
Сямейства | Psittaculidae |
Род | Melopsittacus |
Від | Хвалісты папуга |
Бінамінальная намэнклятура | |
Melopsittacus undulatus (Shaw, 1805) | |
Арэал | |
Хва́лісты папу́га, чыю́к (Melopsittacus undulatus) — птушка атраду папугаепадобных.
Зьнешні выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Невялікія, стройныя даўгахвостыя птушкі. Даўжыня цела 17—19,8 см, крыла — 9,3 — 9,4 см, хваста — 8-10 см; вага 40-45 г. Дзякуючы хвасту візуальна падаецца значна буйнейшым. Асноўная афарбоўка апераньня ахоўнага травяніста-зялёнага колеру. Пярэдняя частка галавы і горла жоўтыя. На шчоках па адной выцягнутай фіялетавай пляме, якія пакрываюць адну з двух-трох разьмешчаных з кожнага боку горла чорных плямак.
Лад жыцьця
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Засяляюць паўпустэльныя й стэпавыя мясцовасьці, аддаючы перавагу дзялянкам з рэдкімі дрэвамі. Гэтыя чыюкі імклівыя ў палёце й хуткія ў рухах, добра ходзяць па зямлі й лазяць па дрэвах. Жывуць чародамі. Чароды могуць налічваць ад 20 да некалькіх соцень асобін.
Утрыманьне ў няволі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хвалістыя папугайчыкі цудоўна пачуваюцца ў клетцы, заўжды вясёлыя, здольныя да перайманьня гукаў, добра размнажаюцца ў няволі.
Трымаюць папугайчыкаў у клетцы простакутнай формы з мінімальнымі памерамі 60×40×40 см на адну пару, 100×40×40 см на дзьве пары. Клетку абсталёўваюць, як для канарэек. Хоць і ня ўсе зь іх любяць купацца, але купальня ў клетцы патрэбна. Часам папугайчыкі з задавальненьнем купаюцца ў мокрай зеляніне.
Кормяць птушак зерневай сумесьсю (проса, авёс ці аўсяныя крупы, насеньне сланечніку, канапель, канарэечнае, ільняное семя). Насеньне алейных культур мусіць складаць не больш за 10—12 % содневага рацыёну. 3 дадатковага корму можна даваць кашу, варанае курынае яйка, тварог, змочаную ў малацэ ці ў вадзе булку, сухары, печыва, сухую садавіну, а таксама зялёны корм — моркву, яблыкі, зялёнае лісце. У клетцы заўсёды мусіць стаяць рачны пясок, перамешаны з крэйдаю ці шкарлупінамі ад яек. Содневая норма на аднаго папугайчыка — 1 сталовая лыжка (15—20 г) зерневай сумесі.
Расплоджвацца папугайчыкі пачынаюць ва ўзросьце каля году. Лепшы час для іх спароўваньня — лета й пачатак восені. За год яны могуць рабіць некалькі носак (ад 3 да 8 яек у кожнай). Для носкі яек птушкам неабходна павесіць гняздо з вонкавага боку клеткі (фанэрная скрынка памерам 20×20×25 см) з бакавым лятком, на дно якога насыпаюць апілкі зь лісцевых дрэў. Наседжваньне яек працягваецца 18—20 содняў (доб). Пары ў папугайчыкаў вельмі дружныя й ствараюцца на ўсё жыцьцё. Самец увесь час клапоціцца аб самцы, корміць яе ў перыяд наседжваньня, а потым корміць і птушанятаў, сагравае іх. Птушаняты, што зьявіліся на сьвет, на 6—7-я содні могуць бачыць, а да месячнага ўзросту пакрываюцца пер’ем і пачынаюць выглядваць зь яткі. Прыкладна праз 40 дзён яны свабодна лётаюць і кормяцца, а самка можа пачынаць новую носку.
Каб навучыць папугайчыка гаварыць, птушанят (лепш самца) трэба ўзяць з гнязда незадоўга да вылету і пасадзіць асобна ад астатніх птушак (каб яно не чула іх галасоў) і штучна выкормліваць. Абучэньне і прыручэньне патрабуе цярплівасьці, вытрымкі, настойлівасьці і блізкага кантакту з птушкаю.
Прафіляктыка хваробаў птушак заключаецца ў выкананьні гігіенічных правілаў утрыманьня й догляду, у правільным падборы корму з неабходнай колькасьцю мінэральных кампанэнтаў і вітамінаў. Калі выхаванцы ўсё ж захварэлі (сядзяць надзьмуўшыся, хаваюць галаву пад крыло, адмаўляюцца ад корму і г.д.), трэба зьвярнуцца да вэтэрынарнага лекара[1].
Гісторыя адкрыцьця для Эўропы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хвалістых папугайчыкаў упершыню апісаў ў 1805 годзе ангельскі прыродазнаўца Джордж Шоў у сваёй працы «Naturists Miscellany» (1781—1813 год). Тады ж ягоны калега мастак Ґ. Нодэр зрабіў першы малюнак гэтай птушкі. У 1831 годзе наведвальнікі музэю грамадзтва імя Карла Лінэя ўпершыню ўбачылі чучала гэтай экзоты. Калі Аўстралію пачалі засяляць эўрапейцамі, яны сталі прыручаць птушак і зьмяшчаць іх у клетках.
Супрацоўнік музэю Лёнданскага заалягічнага таварыства арнітоляг Джон Ґульд у 1837 годзе ў кнізе «Handbook of birds of Australia» упершыню апісаў жыцьцё хвалістых папугайчыкаў ў прыродзе настолькі добра, што пазьнейшыя назіраньні не дадалі нічога істотнага да цяперашняга часу. Яму належыць першае апісаньне хвалістага папугайчыка ва ўмовах дзікай прыроды. Вялікі арнітоляг стварыў 36-томную працу «Птушкі Аўстраліі», у якім згадаў і аб гэтым разнавідзе папугаяў. У 1840 годзе хвалістыя папугайчыкі былі ўпершыню завезеныя ў лёнданскі заапарк. Існуе меркаваньне, што іх прывёз з Аўстраліі Ґульд.
Хвалістых папугайчыкаў дастаўлялі з Аўстраліі па моры, пры гэтым вялікая колькасьць птушак гінула, ня пераносячы працяглага (больш за 2 месяцаў) плаваньня. У выніку ўрад Аўстраліі быў вымушаны прыняць закон аб забароне вывазу любых птушак, якія жывуць на тэрыторыі краіны. У цяперашні час законам забаронена вывозіць з Аўстраліі любога прадстаўніка фауны, за выключэньнем тых, якія нарадзіліся ў няволі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Sims K. (2001) Melopsittacus undulatus (анг.). Animal Diversity Web. Праверана 09.01.2021 г.