Тэрмэнвокс
Тэрмэнвокс | |
тэрмэн | |
Драўляная мадэль тэрмэнвоксу | |
Электронны музычны інструмэнт | |
---|---|
Клясыфікацыя |
электрафон |
Горнбостэль — Закс | 53 (электрафон) |
Вынаходнік(і) | Леў Тэрмэн |
Час зьяўленьня | 1920 |
Выкананьне «Ісус, радасьць жаданьня чалавечага» Ё. С. Баха на тэрмэнвоксе «Moog Etherwave» | |
Падобныя інструмэнты | |
Музыкі | |
Вытворцы | |
| |
Тэрмэнвокс у Вікісховішчы |
Тэрмэнво́кс ці тэрмэн, сьпярша вядомы як этэрфон — электрамузычны інструмэнт, названы паводле імя вынаходніка, Льва Тэрмэна, які запатэнтаваў яго ў 1928 року.
Гэта адзін зь першых электронных інструмэнтаў, які кіруецца выканаўцам бяздотыкава дзякуючы дзьвюм антэнам, якія атрымліваюць інфармацыю пра разьмяшчэньне рук тэрмэніста. Адна з антэнаў кіруе ваганьнямі (частасьцю гуку), другая — амплітудай (гучнасьцю інструмэнта). Атрыманыя электрычныя сыгналы з тэрмэнвоксу падаюцца на дынамік праз узмацняльнік.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інструмэнт быў распрацаваны ў кастрычніку 1920 року маладым супрацоўнікам Фізыка-тэхнічнага інстытуту ў Петраградзе Львом Тэрмэнам, які працаваў над задачай вымярэньня дыэлектрычнай сталай газаў пры розных цісках і тэмпэратурах[1]. Прыбор апынуўся вельмі адчувальным, рэагаваў на найдрабнейшыя ваганьні ёмістасьці хістальнага контуру, якая зьмянялася ад набліжэньня рукі. Паколькі Леў Тэрмэн зь дзяцінства захапляўся музыкай, ён здолеў падабраць мэлёдыю і ўжо ў лістападзе на паседжаньні гуртка мэханікаў даў свой першы канцэрт[1]. Сьпярша свой музычны інструмэнт навуковец назваў «этэратонам» (гук з этэру, паветра); неўзабаве ён быў перайменаваны ў тэрмэнвокс[2].
Пасьля туру па Эўропе, дзе Тэрмэн дэманстраваў сваё вынаходніцтва пры перапоўненых залях, навуковец пераехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе ў 1928 року запатэнтаваў тэрмэнвокс[3]. Пазьней ён перадаў правы на камэрцыйную вытворчасьць Радыёкарпарацыі Амэрыкі.
Тэрмэнвокс RCA (выпушчаны пасьля біржавага краху 1929 року) не здабыў камэрцыйнага посьпеху, але, тым ня меней, уразіў як амэрыканцаў, так і замежнікаў. Пасьпяховыя туры па ЗША правялі, напрыклад, Клара Рокмар, у 1930-х — Люсі Байглаў Роўзэн[4].
У 1938 Леў Тэрмэн вяртаецца ў СССР пры цьмяных абставінах. Паводле непацьверджаных зьвестак, ён быў выкрадзены зь нью-ёрскай кватэры агентамі НКВД[5] і ў СССР трапіў у лягер у Магадане, дзе працаваў у «шарашцы(ru)». У біяграфічнай кнізе 2000 року «Тэрмэн: этэрная музыка і шпіянаж», прысьвечанай вынаходніку, Альбэрт Глінскі выказвае меркаваньне, нібыта Леў Тэрмэн вярнуўся ў СССР, каб не вяртаць агромністыя даўгі, але там трапіў пад сталінскія рэпрэсіі. Толькі ў 1991 року Тэрмэн зноў трапіў у ЗША[6].
Па Другой сусьветнай вайне цікавасьць да тэрмэнвоксу ў ЗША спала, галоўным чынам таму, што былі вынайдзеныя навейшыя электронныя інструмэнты. Аднак тэрмэнвокс захаваў папулярнасьць у электронных энтузіястаў і аматараў-самаробцаў. Адным з такіх энтузіястаў быў Робэрт Муг, які пачаў зьбіраць тэрмэнвоксы ў 1950-х, яшчэ навучаючыся ў школе. Пазьней ён пачаў прадаваць наборы для ўласнаручнай зборкі інструмэнта і на аснове тэрмэнвокса вынайшаў уласны сынтэзатар «Moog». Каля 1955 адзін з Мугавых калегаў, піянэр электроннай музыкі Рэйманд Скот, сабраў на аснове ягонага канструктара новы інструмэнт клявівокс, які ўяўляў зь сябе тэрмэнвокс з клявішамі[7].
Цяпер гатовыя інструмэнты і наборы для зборкі выпускаюць такія вытворцы, як «Moog Music Inc.», «Burns Theremins», «Harrison Instruments, Inc.», «Theremaniacs LLC», «PAiA Corporation USA», «Jaycar Electronics».
Прынцып работы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрмэнвокс адрозьніваецца ад іншых музычных інструмэнтаў тым, што гук на ім здабываецца безь непасрэднага фізычнага кантакту. Тэрмэніст стаіць перад інструмэнтам і маша рукамі перад дзьвюмя мэталёвымі антэнамі. Адлегласьць ад вэртыкальнае простае антэны вызначае частасьць (тон), ад гарызантальнае падковападобнае — амплітуду (гучнасьць). Чым бліжэйшая рука да першай антэны, тым вышэйшы гук; чым бліжэйшая рука да другой антэны, тым гук цішэйшы. Па сутнасьці антэны не зьяўляюцца такімі, бо служаць ня дзеля прыманьня-перадачы радыёхваляў, а выконваюць ролю кандэнсатараў.
Дзеля генэрацыі аўдыёсыгналу ў тэрмэнвоксе прымяняецца прынцып гетэрадына. Электронны ланцуг інструмэнта складаецца з двух радыёчастасных генэратараў, якія прадукуюць сыгналы да 500 кГЦ, каб зьменшыць перашкоды. Адзін генэратар працуе на пастаяннай частасьці, другі — амаль на той самай, але яна можа зьмяняцца тэрмэністам набліжэньнем ці аддаленьнем да тонавай антэны. Міксэр вяртае рознасьць двух тонаў і перадае гук на ўзмацняльнік.
Кантроль гучнасьці ажыцьцяўляецца падобным чынам іншай рукой тэрмэніста. Калі рука набліжаецца да антэны, пастаянная частасьць схемы зьмяншаецца з-за павелічэньня ёмістасьці, што расстройвае генэратар і паніжае ток, які праходзіць празь яго.
Уменьне працы з гукавой антэнай вельмі істотнае пры гульні на тэрмэнвоксе, паколькі, у адрозьненьне ад традыцыйных інструмэнтаў, дзе гук спыняецца пасьля сканчэньня дотыку ці пры заглушэньні рэзанатару, тэрмэніст мусіць, па выказваньні Клары Рокмар, «граць ня толькі ноты, а і паўзы»[8]. Калі «тонавая» рука пераходзіць між нотамі без паніжэньня гуку, атрымліваецца «хісткі» гук, падобны да гуку джаз-флейты(en) ці да глісанда пры гульні на скрыпцы. Невялікія хістаньні «тонавай» рукі даюць эфэкт вібрата. Каб атрымаць асобныя ноты, неабходна заглушаць «гукавай» рукой сыгнал, пакуль «тонавая» рука пераходзіць у іншую пазыцыю.
Падобныя інструмэнты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Хвалі Мартэно (1928) таксама заснаваныя на прынцыпе гетэрадынных генэратараў, аднак дадаткова маюць клявіятуру і паўзунок, гук здабываецца дотыкам[9].
- Электратэрмэнвокс (1950-я[10]) ня мае гетэрадынных генэратараў і ёсьць дотыкавым, аднак выдае бесьперапынныя частасныя і танальныя варыяцыі гукаў, падобных да тэрмэнвокса.
- Траўтоніюм (1929), манафанічны электронны інструмэнт Фрыдрыха Траўтвайна.
- Пэрсэфон (2004), аналягавы клявішны сынтэзатар з MIDI, дазваляе выдаваць бесьперапынныя гукі ў мэжах да 10 актаваў.
- Кантынуўм (1998) складаецца з плоскай паверхні, па якой музыка водзіць пальцамі, рэгулюючы тон і тэмбар гуку. Падобны да клявішнага інструмэнту бяз клявішаў.
- Музычная, або сьпеўная піла, дзе гук здабываецца з ручной пілы і нагадвае гучаньне тэрмэнвоксу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Лев Кокин. История о том, как из электроизмерительного прибора родилась электромузыка // Наука и жизнь. — 1967. — № 12. — С. 130—138.
- ^ Лев Термен - изобретатель электронной музыки, советский разведчик, политзаключённый и лауреат Сталинской премии (рас.) Россия. История государства Праверана 9 лютага 2017 г.
- ^ Method of and apparatus for the generation of sounds. US 1661058 A (анг.) Google Patents Праверана 9 лютага 2017 г.
- ^ Glinsky 2000. С. 127—128.
- ^ Theramin (анг.) The Hitchhiker's Guide to the Galaxy: Earth Edition Праверана 9 лютага 2017 г.
- ^ Glinsky 2000. С. 185—187, 329.
- ^ Robert Moog interview (анг.) Raymond Scott. 1908—1994 Праверана 9 лютага 2017 г.
- ^ Moog, Bob (26 кастрычніка 2002) In Clara's Words (анг.) thereminvox.com Праверана 9 лютага 2017 г.
- ^ Ondes Martenot (анг.). Thomas Bloch. Праверана 9 лютага 2017 г.
- ^ FAQ's (анг.) The Paul Tanner Electro-Theremin Page Праверана 9 лютага 2017 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Eyck, Carolina The Art of Playing the Theremin. — Berlin: SERVI Verlag, 2006. — ISBN 3-933757-08-8
- Glinsky, Albert Theremin: Ether Music and Espionage. — Urbana, Illinois: University of Illinois Press, 2000. — ISBN 0-252-02582-2
- Rockmore, Clara Method for Theremin / Edited by David Miller & Jeffrey McFarland-Johnson. — 1998.