Перайсьці да зьместу

Ружанец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ружанец

Ружа́нец (па-лацінску: Rosarium — «ружавы кветнік») — адзін са спосабаў малітвы на вяровіцы або пацерках, пасьлядоўнасьць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным.

Ружанцам завецца таксама нізка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касьцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва.

У старажытнасьці быў цудоўны звычай ахвяраваць асабліва годным людзям вянкі, сплеценыя з ружаў. Хрысьціяне ўшаноўвалі Хрыста, Маці Божую і сьвятых, складаючы ружавыя вянкі на іхніх алтарах.

Ружанец — гэта малітва, спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцьця Ісуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца — радасныя таямніцы, пакутныя таямніцы, таямніцы сьвятла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысьціянскага Ўсходу, дзе зьявіўся прыкладна ў ІІІ стагодзьдзі.

Аднадэкаднае кальцо-ружанец

У VI стагодзьдзі гэтую ўсходнюю традыцыю перанялі манахі Заходняй Царквы, дзе гэты звычай малітвы атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы «Ойча наш…»; адсюль і беларускія «пацеркі»). У ХІІІ стагодзьдзі сьвятому Дамініку зьявілася Багародзіца і паказала вяровіцу, у якой 150 пацерак былі падзеленыя на дзясяткі. Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканцаў Алана Рупскага і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 годзе. У 1520 годзе яна была зацьверджаная папам Львом Х і названа Ружанцам Блаславёнай Дзевы Марыі. У 1917 годзе, калі Багародзіца зьявілася ў Фаціме, яна настойліва прасіла ўсіх вернікаў маліцца на ружанцы. У 2002 годзе Сьвяты Айцец Ян Павал Другі у сваім Апостальскім Лісьце «Rosarium Virginis Mariae» (Ружанец Дзевы Марыі) дадаў да традыцыйных таямніцаў Ружанцу яшчэ таямніцы сьвятла, у якіх позірк малельніка зьвяртаецца на фундамэнтальныя падзеі з жыцьця Збаўцы.

Ружанец — «вянок ружаў» — быццам з найлепшых кветак, сплецены з найдаражэйшых малітваў: «Ойча наш…», якой навучыў нас сам Госпад Езус Хрыстос, і «Вітай Марыя…», якою віталі Марыю Божы пасланец Арханёл Габрыель і сьвятая Альжбета, маці Яна Хрысьціцеля.

Колцы-ружанцы выкарыстоўваліся рыцарамі, а таксама ў часы прыгнёту Каталіцкай Царквы. Найчасьцей мелі дзесяць (адна дэкада) выступаў.

Як маліцца на ружанцы?

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна Ружанец пачынаецца ўступнымі малітвамі, якія гаворацца на крыжыку і пяці першых пацерках.

Узяўшы ў рукі ружанец, робім на сабе знак крыжа і кажам:

У імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога. Амэн.

На крыжыку чытаем Апостальскі Сымбаль (Вызнаньне) веры.

Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Творцу неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў у пекла, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, Сьвяты Касьцёл Каталіцкі, еднасьць сьвятых, адпушчэньне грахоў, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амэн.

Цяпер на першай пацерцы кажам:

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Духа Сьвятога, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амэн.

Далей — адна за адной тры пацеркі.

На першай пацерцы кажам:

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Сьвятому, як была спрадвеку цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн. Вітай Марыя, ласкі поўная Марыя, Пан з Табою. Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго,Езус. Сьвятая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных цяпер і ў гадзіну сьмерці нашай. Амэн.

На другой пацерцы:

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Сьвятому, як была спрадвеку цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн. Вітай Марыя, ласкі поўная Марыя, Пан з Табою. Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго,Езус. Сьвятая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных цяпер і ў гадзіну сьмерці нашай. Амэн.

На трэцяй пацерцы:

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Сьвятому, як была спрадвеку цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн. Вітай Марыя, ласкі поўная Марыя, Пан з Табою. Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго,Езус. Сьвятая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных цяпер і ў гадзіну сьмерці нашай. Амэн.

На наступнай пацерцы:

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Сьвятому, як была спрадвеку цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Ружанец складаецца з чатырох частак, у кожную зь якіх уваходзяць пяць таямніцаў. У кожнай таямніцы на першай асобнай пацерцы гаворыцца «Ойча наш…», на дзесяці змацаваных разам пацерках — дзесяць «Вітай Марыя…», і на наступнай, асобнай пацерцы — «Хвала Айцу і Сыну…»

На гэтай жа пацерцы гаворыцца і малітва, якую прасіла дадаваць пасьля кожнае дзясяткі Маці Божая падчас свайго аб’яўленьня ў Фатыме: «О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасьць». На гэтай жа пацерцы гаворыцца таксама і «Ойча наш…» наступнай таямніцы.

Пацеркі, якімі мы карыстаемся, маюць пяць дзясяткаў, падзеленых між сабою пяцьцю асобнымі пацеркамі. Таму, перабраўшы іх адзін раз, мы можам памаліцца толькі адну частку Ружанца. Каб згаварыць яго цалкам, неабходна перабраць пацеркі чатыры разы.

На пачатку кожнай таямніцы звычайна прыгадваем яе сэнс і разважаем аб жыцьці Езуса і Марыі. Разважаньне — найважнейшы момант Ружанца. Безь яго Ружанец падобны да цела без душы. Гэты вянок малітваў і разважаньняў называюць яшчэ «малым Эвангельлем», «лесьвіцаю ў неба».

Частка І. Радасная

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таямніца 1. Зьвеставанне Найсьвяцейшай Панны Марыі

Таямніца 2. Адведзіны сьвятой Альжбеты

Таямніца 3. Нараджэньне Пана нашага Езуса Хрыста

Таямніца 4. Ахвяраваньне Езуса Хрыста ў сьвятыні

Таямніца 5. Езус знойдзены ў Ерузалемскім храме

Частка ІІ. Сьвятла

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таямніца 1. Хрост Пана нашага Езуса Хрыста ў Ярдане

Таямніца 2. Езус аб’яўляе сябе на вясельлі ў Кане Галілейскай

Таямніца 3. Абвяшчэньне Валадарства Божага і заклік да навяртаньня

Таямніца 4. Перамяненьне Пана Езуса на гары Табор

Таямніца 5. Устанаўленьне Эўхарыстыі

Частка ІІІ. Жалобная

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таямніца 1. Малітва Езуса Хрыста ў Саде Аліўным

Таямніца 2. Бічаваньне Езуса Хрыста

Таямніца 3. Укаранаваньне Хрыста цернем

Таямніца 4. Крыжовая дарога на Кальварыю

Таямніца 5. Укрыжаваньне і сьмерць

Частка ІV. Хвалебная

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таямніца 1. Уваскрасеньне Хрыста

Таямніца 2. Унебаўшэсьце Хрыста

Таямніца 3. Спасланьне Духа Сьвятога

Таямніца 4. Унебаўзяцьце Найсьвяцейшай Панны Марыі

Таямніца 5. Укаранаваньне Найсьвяцейшай Панны Марыі