Перайсьці да зьместу

Парлямэнт Сэрбіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Парля́мэнт Сэ́рбіі (па-сэрбску: Народна скупштина, Narodna skupština, даслоўна «народны сход») — найвышэйшы заканадаўчы і канстытуцыйны орган у Сэрбіі. Ён аднапалатны, складаецца з 250 дэпутатаў (сэрб. народни посланици), якія па канстытуцыі абіраюцца вольным і таемным галасаваньнем на 4 гады. Цяпер (ад 23 красавіка 2014 году) Народную Скупшчыну ўзначальвае Мая Гойкавіч (па-сэрбску: Maja Gojković), якая зьяўляецца чальцом Сэрбскае прагрэсіўнае партыі. Першая Народная Скупшчына Сэрбіі ў сучасны пэрыяд (як цалкам незалежнай дзяржавы) была абраная ў 2007 годзе, пасьля афіцыйнай ліквідацыі саюзнае дзяржавы Сэрбія і Чарнагорыя. Зьбіраецца ў Доме Народнай Скупшчыны Сэрбіі ў Бялградзе[1].

Паводле канстытуцыі, Народны сход Сэрбіі мае наступныя паўнамоцтвы[1][2]:

  • прымае й можа зьмяніць Канстытуцыю Сэрбіі
  • надае згоду на прыняцьцё новага Статуту аўтаномнага рэгіёну (Ваяводзіны, Косава й Мэтохіі)
  • абвяшчае пра рэфэрэндум
  • ратыфікуе міжнародныя дамовы (калі абавязак ратыфікацыі перадугледжаны заканадаўствам)
  • зацьвярджае дзяржаўны каштарыс
  • прызначае судзьдзяў Вярхоўнага касацыйнага суду й Канстытуцыйнага суду Сэрбіі, пракурораў, старшыняў судоў, судзьдзяў
  • вырашае пытаньні вайны й міру
  • можа ўвесьці ваеннае становішча
  • зацьвярджае вайсковую стратэгію
  • зацьвярджае пляны разьвіцьця гаспадаркі
  • абірае (прызначае) чальцоў Ураду і кіруе ягонаю працай
  • вырашае пытаньні амністыі
  • назірае за працаю сэрбскіх спэцслужбаў
  • прызначае кіраўніка Нацыянальнага банку Сэрбіі
  • прызначае шэраг іншых службовых асобаў і выконвае іншыя абавязкі, перадугледжаныя заканадаўствам.

Усе рашэньні Народнае Скупшчыны, апроч пытаньняў зьмены Канстытуцыі, прымаюцца простаю большасьцю галасоў. Для ўнясеньня зьменаў да сэрбскай канстытуцыі патрэбная згода дзьвюх трэціх ад усіх чальцоў парлямэнту[1].

  1. ^ а б в National Assembly of Serbia: Informer (This text is in public domain as the official material of the Republic of Serbia state body or a body performing public functions, under the terms of Article 6, Paragraph 2 of Serbian copyright law)
  2. ^ Wikisource: Constitution of Serbia

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Парлямэнт Сэрбіісховішча мультымэдыйных матэрыялаў