Перайсьці да зьместу

Палятын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Палятын (па-лацінску: Palatinus) — адзін зь сямі пагоркаў, на якіх паўстаў Старажытны Рым. Мае дзьве вяршыні — Гермаль (вышыня 51 мэтар) і Паляцый (вышыня 51,2 мэтра). Пагорак абмежаваны невялікімі доламі Рымскага Форума і Вялікага Цырка. Паводле паданьня, пагорак абавязаны сваім імем Палесе, багіні пастухоў, у гонар якой праводзіліся Паліліі — сьвяты ачышчэньня, якія наладжвалі яшчэ з часоў узьнікненьня Рыма.

Панарама пагорка Палятын

Рымляне атаясамлівалі з Палятынам месца, дзе Ромул пабудаваў горад і насамрэч на ім былі выяўлена самае старажытнае ў Рыме паселішча. Захаваліся рэшткі муроў так званага «Квадратнага Рыма» (8 стагодзьдзе да н. э.), узьведзеных, паводле паданьня, Ромулам. У час Рэспублікі на гэтым пагорку знаходзіліся храмы Юпітэра Віктара (пабудаваны ў 295 да н. э.), Юпітэра Статара (294 да н. э.) і іншыя, а таксама дамы заможных патрыцыяў, сярод іх жытло Краса і Цыцэрона. У пэрыяд Імпэрыі тут была рэзыдэнцыя імпэратараў, Палятын ператварыўся ў грандыёзны ансамбль імпэратарскіх палацаў (Паляцый Аўгуста, палацы Тыберыя, Флявіяў і Сэптымія Сэвэра). У сярэднявеччы быў каменяломняй.