Рымскі форум
Амаль што ў кожным рымскім горадзе існаваў форум, — як цэнтар палітычнага, эканамічнага, культурнага і рэлігійнага жыцьця. Самым першым месцам такога прызначэньня быў Рымскі Форум (Forum Romanum) — форум у Рыме, які зьяўляецца люстэркам усёй рымскай гісторыі і сёньня па праве лічыцца цэнтрам палітычнай улады ў горадзе і ва ўсёй Рымскай імпэрыі.
Раней на месцы Рымскага Форума ляжала забалочаная даліна непадалёку ад Палатына, якую лацінскія пасельнікі выкарыстоўвалі ў якасьці могілак. Масавае засяленьне тэрыторыі стала магчымым толькі пачынаючы з VI стагодзьдзе да н.э., пасьля таго як балота асушылі з дапамогай старажытнарымскай сыстэмы каналаў Клаака Максіма (Cloaca Maxima).
- Там, дзе сёньня рынкі, былі раней тарфяныя балоты, дзіркі, перапоўненыя вадой, уздымаўся прыплыў Тыбру. Гэта Лакус Куртый, там дзе зараз на сухім месцы стаіць алтар: зямля там, дзе раней было возера. Там дзе Велабрум суправаджае сёньня ў сьвяточным паходзе да Цыркусу, расьлі калісьці зарасьнікі вярбовага хмызьняку, ды шапацеў чарот.
- (Авід, Фасты, VI, 401-406)
Прыблізна ў 490 годзе да н. э. у даліне былі ўзьведзены два храмы, прысьвечаныя багам Сатурну і Кастару. З гэтай нагоды асяродзьдзе форума хутка ператварылася ў цэнтар маладога гораду. Неўзабаве на поўдні ад Рымскага Форума была закладзена другая плошча — Камітый (Comitium). Большая частка рымскай палітыкі рабілася менавіта тут, таму што рэзыдэнцыі сэнату, Курыя (Curia) і Ростра (Rostra) — грамадзкія трыбуны аратараў, разьмяшчаліся ў непасрэднай блізасьці адсюль.
У 145 годзе да н. э. цэнтар палітычных падзеяў Рыму зноў перамясьціўся з Камітыя ў Форум. Пасьля сьмерці Гая Цэзара Камітый быў канчаткава ліквідаваны, а Форум значна пашыраны за кошт стварэньня так званага Юліянскага Форума (Forum Iulium). У часы кіраваньня Аўгуста значна зьмяніўся і зьнешні выгляд Форуму. Дзякуючы шырокааб’ёмнаму ўжываньню мармуру ў афармленьні архітэктурных элемэнтаў плошчы, Рымскі Форум ператварыўся ў незвычайна раскошны архітэктурны комплекс, параўнальны, магчыма, з Акропалем у Атэнах.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рымскі форум — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў